Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра на аўкцыён у Менску выстаўляюць дзве працы Шагала


Іна Студзінская, Менск Менскі антыкварна-аўкцыйны дом “Paragis” зноў выстаўляе на аўкцыён працы Марка Шагала – каляровыя літаграфіі “Зялёны скрыпач” і “Жанчына-птушка”. Сёлета ў траўні на аўкцыёне “Парагісу” за 650 тысяч даляраў была прададзеная карціна “Певень”, выстаўленая як невядомы твор Шагала. Ўнучка мастака Мэрэм Мэйер назвала карціну “жудаснай фальшыўкай”. І гэтым раўзам шагалазнаўцы выказваюць сумнеў у сапраўднасьці твораў, што выдаюцца аўкцыйным домам за шагалаўскія.

Менскі антыкварна-аўкцыйны дом “Paragis” гэтым разам наогул вырашыў зьдзівіць публіку: на продаж выстаўляюцца працы ня толькі славутага віцябляніна Шагала. На аўкцыён выстаўлены афорт французкага постімпрэсыяніста Поля Сэзана “Партрэт мастака Армана Гіёмэна”, афорт Эжэна Дэлакруа “Ляжачы тыгр”, а таксама два афорты расейскага жывапісца Івана Шышкіна “Зорка” і “Пяскі”.

Што да сумневу ў сапраўднасьці шагалаўскіх твораў, то выканаўчы дырэктар аўкцыёну “Paragis” Людміла Конанава выказала такое меркаваньне:

(Конанава: ) “Што тычыцца аўкцыёну, дзе была прададзеная жывапісная праца Марка Шагала, вы і зараз падвышаеце кошт гэтай працы. А пакупнік вельмі задаволены, што пра гэта шмат гавораць. З кожным днём праца проста падвышаецца ў цане”.

Што да экспэртызы каляровых літаграфій “Зялёны скрыпач” і “Жанчына-птушка”, якія выстаўляюцца на аўкцыён, карэспандэнту “Свабоды” Людміла Конанава заключэньні не паказала і не паведаміла, хто з экспэртаў іх рабіў.

(Конанава: ) “Ёсьць усе неабходныя дакумэнты на гэтыя працы. Мы азнаёмім з гэтымі дакумэнтамі патэнцыйных пакупнікоў. Каму гэтыя працы цікавыя, атрымліваюць поўную неабходную інфармацыю”.

У сьвеце больш за 2 тысячы шагалазнаўцаў. Але і ў Расеі, і ў іншых постасавецкіх краінах няма пакуль крымінальнай адказнасьці за нават наўмысна няправільную экспэртызу, маўляў, памылка экспэрту і ўсё. Дарэчы, на Захадзе такога экспэрта проста дыскваліфікуюць, і ён ужо ніколі не зможа працаваць у гэтай сфэры. Таму атрымаць патрэбную экспэртную ацэнку і ў Беларусі, і ў Расеі – не праблема. І зноў выканаўчы дырэктар “Парагізу” Людміла Конанава.

(Конанава: ) “Сур’ёзныя пакупнікі, сур’ёзныя калекцыянэры, перш чым набыць якую-небудзь працу, робяць сваю ўласную экспэртызу, выкарыстоўваюць уласных экспэртаў. Тады яны ўпэўненыя, што набываюць сапраўдную рэч”.

Дырэктар Музэя Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая з аргумэнтацыяй дырэктара аўкцыйнага дому “Paragis” Людмілы Конанавай цалкам ня згодная. Людміла Хмяльніцкая:

(Хмяльніцкая: ) “Што тычыцца канкрэтнага аўкцыйнага дому і скандалаў, зьвязаных з тым, што там прадаецца, то тут мне зусім не зразумелпя палітыка. Людзі, якія імкнуцца набыць сапраўднае мастацтва на аўкцыёнах, якія аддаюць за гэта грошы, і немалыя, павіны мець упэўненасьць, што гэта сапраўдныя рэчы. І аўкцыйны дом, які мае такую скандальную рэпутацыю гандлю фальшывымі працамі – то ў чым сэнс існаваньня такога аўкцыйнага дому? Для мяне гэта загадка вялікая. Мне цяжка ўявіць, каб аўкцыён “Christie’s” ці “Sotbie”s” прадаваў фальшывага Шагала, ці Пікасо, ці Клода Манэ, ці каго іншага выключна дзеля таго, каб гэты аўкцыён ведалі ў сьвеце”.

Што да вызначэньня сапраўднасьці літаграфій “Зялёны скрыпач” і “Жанчына-птушка”, якія выстаўляюцца на бліжэйшы аўкцыён як творы Шагала, зрабіць гэта ня так цяжка. Дырэктар Шагалаўскага музэя ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая:

(Хмяльніцкая: ) “Друкаваная спадчына Шагала даволі шырока вядомая. Дарэчы, дзякаваць Богу, на яе ёсьць каталёг, прызнаны ва ўсім сьвеце, і не аднін, а розныя. Так што тут прасьцей разабрацца, чым з жывапісам. Тут няма асабліва што аспрэчваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG