Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Эўракамісія спадзяецца на радыёстанцыі і расейскую мову?


RFE/RL Некалькі месяцаў таму Эўракамісія ўхваліла фінансаваньне вяшчаньня на Беларусь для “Нямецкай хвалі”, якая выйграла адпаведны тэндэр. Цяпер абвешчаны новы тэндэр для дадатковага вяшчаньня – размова ідзе пра фінансаваньне ў памеры 2 мільёнаў эўра. Але ці могуць падобныя замежныя радыёстанцыі ў прынцыпе паўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі?

Пытаньне ў Бэрлін – былому кіраўніку групы АБСЭ ў Беларусі Гансу-Георгу Віку:

(Вік: ) “Для такіх праектаў колькасьць слухачоў ці гледачоў не зьяўляецца галоўным арыенцірам. Урад Лукашэнкі мае манаполію на ўсё, што тычыцца асьвятленьня палітычных, сацыяльна-палітычных, эканамічных пытаньняў. Таму фармаваньне незалежнай думкі ва ўмовах Беларусі даецца вельмі цяжка. На многія працэсы грамадзтва глядзіць так, як хоча таго дзяржава. У зьвязку з гэтым тыя перадачы, якія будуць перадавацца з-за мяжы, у падрыхтоўцы якіх будуць браць актыўны ўдзел самі беларусы, павінны спрыяць стварэньню іншага інфармацыйнага базісу для жыхароў Беларусі."

(Дракахруст: ) “Адным з найбольш вострых пытаньняў вяшчаньня на Беларусь стала пытаньне мовы. “Нямецкая хваля”, якая пачынае вяшчаць на Беларусь праз некалькі тыдняў, будзе весьці перадачы на расейскай мове. У новым тэндэры , абвешчаным Эўракамісіяй, прадугледжанае вяшчаньне на беларускай і расейскай мовах. Тэма моваў вяшчаньня эўрапейскіх станцыяў на Беларусь стала тэмай гарачых дыскусіяў у Эўрапарлямэнце на гэтым тыдні. Апанэнты вяшчаньня на расейскай мове спасылаюцца на гістарычны досьвед, паводле якога нацыянальныя мовы, а не расейская, былі “маторам” дэмакратычных пераменаў ва Ўсходняй Эўропе. Зь іншага боку большасьць беларускага насельніцтва гаворыць па-расейску. Як павінна вырашацца гэтая дылема? Гаворыць экспэрт польскага цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцэх Бародзіч-Смаліньскі".

(Бародзіч-Смаліньскі: ) "Я думаю, што радыё павінна вяшчаць на дзьвюх мовах. Чаму? Па-першае таму , што ў Беларусі ёсьць каля 200 радыёстанцыяў і ўсе яны вяшчаюць па-расейску. І калі чалавек будзе "вандраваць" па хвалях і пачуе іншую, беларускую мову, ён можа застацца на гэтай хвалі. Па-другое, у Беларусі выдатная прапаганда, і яна трактуе беларускую мову, як мову няродную. І калі беларус ня надта цікавіцца палітыкай і свае меркаваньні грунтуе на базе афіцыйных СМІ, то калі ён чуе беларускаю мову, то для яго гэта мова ворага. Гэта трэба мяняць, але трэба мяняць малымі крокамі. І адзін з такіх крокаў -- гэта вяшчаньне на дзьвюх мовах.

(Дракахруст: ) “На думку літоўскага адмыслоўца ў беларускіх справах Лаўраса Бялініса вяшчаньне на Беларусь толькі па-расейску – вялікая памылка”.

(Бялініс: ) “Нацыянальная мова Беларусі ня ёсьць забытая мова. Так, можна казаць, што Беларусь русіфікаваная, што значная частка насельніцтва гаворыць на расейскай мове, але радыёвяшчаньне на расейскай мове пэўным чынам сымбалізуе тое, што на Захадзе беларуская нацыя прыпісваецца да Расеі, да расейскага культурнага і моўнага ўплыву. Я мяркую, што гэта памылка. Можа быць, трэба было больш дыпляматычна вырашаць гэтыя праблемы, рабіць дзьвюхмоўныя праграмы. Але так наўпрост сьпісаць беларускую мову, нібыта яе і не існуе, гэта тое самае, што сьпісаць душу нацыі. Гэта была памылка і яе наступствы выявіліся адразу. Усе тыя актыўныя палітыкі, якія знаходзяцца ў апазыцыі, абурыліся. І тым самым замест таго, каб згуртаваць апазыцыю, Захад адштурхнуў яе ад сябе, і ў найбліжэйшы час гэта можа спарадзіць супярэчнасьці паміж апазыцыяй у Беларусі і заходнімі палітыкамі, якія цікавяцца Беларусьсю. Трэба больш далікатна вырашаць праблему і ўвесьці дзьвюхмоўнае радыёвяшчаньне, можа быць можна частку перадачаў весьці на беларускай, частку -- на расейскай, можна зрабіць два радыё -- адно на беларускай, іншае -- на расейскай. Тут трэба думаць, але нельга выкрэсьліваць адну мову толькі таму, што камусьці падаецца, што гэта мёртвая мова. Яна ня мёртвая”.

(Дракахруст: ) “Андрэй Фёдараў гаворыць, што ў пытаньні мовы вяшчаньня ён мае падвоены падыход – сэрца і розуму”.

(Фёдараў: ) “Што тычыцца мовы, тут у мяне падвойны падыход. Зразумела, сэрцам я разумею тых людзей, якія змагаюцца за тое, каб вяшчаньне вялося на беларускай мове, бо сапраўды стан яе зараз вельмі цяжкі і такая падтрымка можа быць вельмі важнай.

Але як слушна заўважыў нядаўна ў віцэ-сьпікэр Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч носьбіты беларускай мовы ў пераважнай большасьці зьяўляюцца і носьбітамі нацыянальнай ідэі і іх як раз пераконваць у тым, што Беларусі патрэбная дэмакратызацыя, ня так важна, як тых, хто з гэтым нязгодны ці не валодае такой інфармацыяй. А большасьць зь іх размаўляюць і слухаюць радыё як раз па-расейску.

Таму можа быць больш эфэктыўна будзе весьці вяшчаньне на расейскай мове”.

Гаворыць Ганс-Георг Вік:

(Вік: ) “Цяпер у Беларусі дзьве нацыянальныя мовы, хаця напачатку 1990-х, калі была абвешчаная незалежнасьць Беларусі, была толькі адна дзяржаўная мова -- беларуская. У 1995 Лукашэнка праз рэфэрэндум увёў другую дзяржаўную мову, стварыўшы ўмовы для русіфікацыі краіны. Зыходзіць жа трэба з таго, што жыхары Беларусі разумеюць абедзьве мовы, абедзьве мовы ёсьць для іх матчынымі, таксама ёсьць мовамі міжнацыянальных зносінаў. З гэтага гледзішча, я падзяляю меркаваньне, што ў будучых праграмах замежнага вяшчаньня мусяць быць выкарыстаныя абедзьве мовы, якія для людзей гэтай краіны зразумелыя”.

(Чытаць поўны тэкст перадачы "Праскі акцэнт")
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG