Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі першага конкурсу слухачоў "Настрой на Свабоду"


Сяргей Шупа, Прага На нашых хвалях – перадача “Настрой на Свабоду”, прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў.

Вітаю ўсіх слухачоў перадачы “Настрой на Свабоду”. Сёньня, як і было абяцана, падводзім вынікі верасьнёўскага конкурсу перадачы “Настрой на Свабоду”.

Нагадаю, што конкурс праводзіўся ад 5 да 11 верасьня – трэба было пачуць у нашым эфіры адмысловую абвестку, якая за той тыдзень паўтаралася 5 разоў, і даслаць нам адказы – дакладны час, калі абвестка гучала ў эфіры.

Як выявілася, для нашых сталых слухачоў конкурс быў няцяжкі – мы атрымалі цэлых 24 дакладныя адказы, у якіх удзельнікі злавілі ў нашым эфіры ўсе 5 абвестак.

Найбольш адказаў мы атрымалі зь Менску, Маладэчна, Барысава, Гомеля і Салігорску. Сярод абласьцей – наперадзе Менская і Гарадзенская, але ўдзельнічалі ў конкурсе жыхары ўсіх абласьцей Беларусі. Некалькі адказаў мы атрымалі і з Украіны. Удзельнікі конкурсу – школьнікі і пэнсіянэры, інжынэры, рабочыя, беспрацоўныя, карацей кажучы – самыя розныя людзі.

Некаторыя слухачы пачулі нашую конкурсную абвестку толькі 4, 3 або 2 разы. Адзін слухач скрытыкаваў конкурс і лічыць, што ён праведзены няўдала, аднак пры гэтым даслаў памылковыя адказы. Мы, вядома ж, з удзячнасьцю выслухаем любую крытыку і паспрабуем улічыць усе заўвагі, бо конкурсы – розныя паводле зьместу – мы будзем праводзіць цяпер кожны месяц. Чакаем Вашых заўвагаў і прапановаў.

***

У сваіх лістах з адказамі слухачы распавядалі пра сябе, пісалі як даўно яны слухаюць беларускую Свабоду – былі сярод іх даўнія нашыя прыхільнікі з 10-гадовым і больш стажам, але ёсьць і тыя, хто пачаў нас слухаць зусім нядаўна. Аляксей Аляксандравіч Капацкевіч зь вёскі Вельямовічы Берасьцейскага раёну напісаў, што слухае Свабоду ўжо 15 гадоў і што калі б абвестак было ня 5, а 25, ён усё адно б усе занатаваў, бо слухае перадачы штодзённа па 8 гадзінаў, ад першай да апошняй хвіліны. Мікалай Іванавіч Бельчыкаў з Барысава, каб удзельнічаць у конкурсе, зрабіў больш дасканалую антэну, што палепшыла якасьць прыёму. Уладзімір Мікалаевіч зь Вялейкі напісаў: “Вашы перадачы “будзяць” и “раскрываюць вочы” на шмат якія няясныя пытаньні нашага жыцьця дапамагаюць зарыентавацца”. А Міхась Наўмік з Маладэчна нават даслаў верш:

Няма для эфіру сьцяжыначкі вузкай, Няма для яго і дзяржаўнай мяжы. І ловіць “Свабоду” народ беларускі На дачы, у машыне, або ў гаражы.

Вось такі кароткі агляд конкурснай пошты, а зараз настаў час назваць пераможцу.

Вось дакладныя адказы на конкурснае пытаньне. Нашыя абвесткі гучалі:

5 верасьня – у 19.18 6 верасьня – у 20.24 7 верасьня – у 7.48 раніцы 8 верасьня – у 18.16 9 верасьня – у 22 гадзіны 11 хвілінаў. Час паўсюль менскі.

Дзеля таго, што слушных адказаў было шмат, пераможцу давялося выяўляць з дапамогай жэрабя. У выніку пераможцам верасьнёўскага конкурсу перадачы “Настрой на Свабоду” стаў...

Мікалай Уладзіміравіч Прыгодзіч зь Менску

Віншуем Мікалая Ўладзіміравіча зь перамогай. Ён атрымае галоўны прыз – прыймач зь лічбавай настройкай Grundig G2000A. Мы зьвяжамся зь пераможцам і паведамім – дзе, калі і як ён зможа атрымаць свой прыз.

Як я ўжо казаў, дакладна на конкурсныя пытаньні адказалі 24 чалавекі.

Мікалай Іванавіч Бельчыкаў таксама з Барысава Фёдар Буяк зь вёскі Дворышча, Лідзкага раёну Вечаслаў Венгалоўскі з Маладэчна Франц Іосіфавіч Гаеўскі з Горадні Уладзімер Апанасавіч Грыневіч зь вёскі Вішнявец, Стаўпецкага раёну Уладзімер Валер’евіч Губко зь Менску Пятро Міхайлавіч Жураўлёў зь Менску Анатоль Раманавіч Жэрдзеў з Гомеля Аляксей Аляксандравіч Капацкевіч зь вёскі Вельямовічы Берасьцейскага раёну Галіна Васілеўна Колас зь Менску Уладзімір Мікалаевіч Марынюк зь Вялейкі Юры Навасад зь сяла Пярэспа Львоўскай вобласьці Іван Пагута з Кіева (Украіна) Зьміцер Мустафавіч Радкевіч з Ашмянаў У.А. Паўлоўскі зь вёскі Гудоўшчына, Маладэчанскага раёну Аляксей Серафімовіч зь Менску Ніна Уладзіміраўна Сеўчык зь Менску Алег Аляксеевіч Сьмяшкоў з Магілёва Косьця Сяднёў, які даслаў адказ электроннай поштай і не падаў адрасу Антон Міхайлавіч Тола зь вёскі Мікулічы, Баранавіцкага раёну Валер Турко са Стоўпцаў В.В. Хархардзін зь Верхнядзьвінску Жана Цыркунова зь Менску Багуслаў Ясюк з Барысава

Усе яны атрымаюць ад Беларускай Службы Радыё Свабода адмысловыя падарункі.

Конкурсы ў рамках перадачы “Настрой на Свабоду” будуць цяпер праводзіцца кожны месяц. Умовы кастрычніцкага конкурсу мы паведамім у нашай наступнай перадачы – праз тыдзень.

Мне засталося паведаміць нашыя каардынаты для сувязі. Адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрасы электроннай пошты вы знойдзеце на нашым сайце на адрасе svaboda.org. Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG