Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гіпэртанія – кардыёлягі знайшлі новы спосаб уратаваць многія тысячы жыцьцяў


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. Сёньня мы раскажам пра адкрыцьцё новага спосабу лячэньня гіпэртаніі, які можа дапамагчы уратаваць тысячы жыцьцьяў.

На сёлетняй штогадовай сустрэчы Эўрапейскага таварыства кардыёлягаў у Швэцыі не абышлося без сэнсацыяў. Аўтары шырокага міжнароднага дасьледаваньня, якое атрымала назву “Аскот”, абвясьцілі, што пры дапамозе новай камбінацыі лекаў для паніжэньня высокага крывянога ціску і ўзроўню халестэрыну могуць быць уратаваныя многія тысячы жыцьцяў.

Удзел у экспэрымэнце прынялі 19 тысяч мужчын і жанчын з высокім крывяным ціскам зь Вялікай Брытаніі, Скандынавіі, Ірляндыі й Фінляндыі. Вынікі дасьледаваньня ашаламляльныя. Аказалася, што пры выкарыстаньні новай камбінацыі лекаў колькасьць інфарктаў скарачаецца на 23 працэнты, сьмяротных выпадкаў сярод хворых на сэрца пацыентаў на 24 працэнты, а колькасьць захворваньняў на дыябэт другога тыпу – на 30 працэнтаў.

У адной Вялікай Брытаніі, насельніцтва якой складае прыблізна 55 мільёнаў чалавек, новая камбінацыя лекаў магла б прадухіліць 100 тысяч сардэчных прыступаў, 40 тысяч інфарктаў, 35 тысяч сьмерцяў ад сардэчных і артэрыяльных хваробаў і 90 тысяч чалавек не захварэлі б на так званы набыты дыябэт.

Аўтары дасьледаваньня асабліва зьвяртаюць увагу на тое, што лічбы маглі б быць яшчэ большыя. У адной Вялікай Брытаніі лячэньне ад падвышанага крывянога ціску атрымліваюць 7,7 мільёна чалавек. Але аказваецца, яшчэ, прыблізна, 8 мільёнаў чалавек маюць падвышаны крывяны ціск без усялякіх зьнешніх праяваў, а таму не зьвяртаюцца да лекараў і яшчэ болей рызыкуюць.

Новая камбінацыя складаецца зь лекаў новага пакаленьня, якія троху даражэйшыя за цяперашнія. Але мэдыкі лічаць, што ўсе эўрапейскія краіны павінны былі б перайсьці на новую камбінацыю, паколькі канечныя выгады ад зьмяншэньня колькасьці выпадкаў інваліднасьці й сьмерцяў нашмат пераўзышлі б затраты на новыя лекі.

Экспэрымэнт “Аскот” доўжыўся ў некалькіх краінах пяць гадоў і быў спынены ў сьнежні летась. Яго вынікі былі настолькі пераканаўчыя, што мэдыкі адмовіліся трымаць сваіх пацыентаў на старой камбінацыі, не даючы ім магчымасьці перайсьці на новыя лекі.

Традыцыйная схема лячэньня пацыента з высокім крывяным ціскам прадугледжвае прыём мачагоннага сродку для вываду з арганізму лішняй вадкасьці і так званага бэта-блякатара для зьмяншэньня сілы ўдараў сэрца. Новая камбінацыя ўключае ў сябе так званы Эй-сі-і інгібітар і блякатары каналу кальцыю. Гэтыя лекі працуюць па-рознаму, але абодва дазваляюць крывяносным судзінам расслабляцца і зьмяншаць ціск, неабходны сэрцу для пампаваньня крыві.

У экспэрымэнце выкарыстоўваліся наступныя лекі. Пэрындапрыл як эй-сі-і інгібітар, Амлодыпін як блякатар каналу кальцыю і лек для паніжэньня ўзроўню халестэрыну Аторвастатын.

Адна з галоўных высноваў аўтараў новага дасьледаваньня наступная – лячэньне крывянога ціску пры адначасовым зьніжэньні халестэрыну надзвычай эфэктыўнае.

***

Гаворыць Радыё Свабода. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Невялікая порцыя цёмнага шакаляду можа зрабіць значна болей, чым проста задаволіць вашыя рэцэптары густу. Яна можа расслабіць вашыя крывяносныя судзіны і дапамагчы ў такі спосаб здароўю сардэчна-судзіннай сыстэмы. Так што, калі вам захочацца шакаляду, не адмаўляйце сабе. Галоўнае памятаць, што шакаляд – вельмі калярыйны і тлусты, таму ня варта захапляцца. RealAge нагадвае, што атрыманьне празь ежу або харчовыя дадаткі правільнай колькасьці антыаксыдантаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2. Не забудзьцеся пра карысныя эфэкты соі. Усяго 40 грамаў бялка соі штодзень могуць зьмяніць вашае здароўе ў лепшы бок. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што дзьве порцыі соевага малака або некалькі дзясяткаў грамаў соевай мукі штодзень могуць зьнізіць крывяны ціск у людзей, якія маюць памяркоўную гіпэртанію або перадгіпэртанічны стан. Соевы хлеб, соевыя бабы або соевыя замяняльнікі мяса – альтэрнатыўныя спосабы атрымаць зь ежай патрэбную штодзённую порцыю соевага бялку. RealAge сьцьвярджае, што разнастайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая на карысныя рэчывы можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

3. Калі вы значную частку працоўнага часу праводзіце, седзячы за сталом, вам трэба значна больш фізычнай нагрузкі, чым іншым людзям. Сядзеньне больш за 6 гадзінаў у дзень можа рэзка павялічыць рызыку атлусьценьня. Такі вынік аднаго з апошніх дасьледаваньняў, у якім бралі ўдзел 1500 мужчын. Калі вы працуеце у офісе, старайцеся часьцей прагульвацца па калідоры, а падчас абедзеннага перапынку можна выйсьці з будынка на шпацыр або прагулку на ровары. Не забудзьцеся, што падтрыманьне вагі ды індэксу масы цела на нармальным узроўні можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG