Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Франкфурце-на-Майне – выстава “Мой прэзыдэнт”


Алена Струвэ, Менск У Франкфурце-на-Майне адкрылася выстава “Мой прэзыдэнт”. Аўтаркай цыклю карцінаў ёсьць маладая беларускай мастачка Марына Напрушкіна, галоўным героем яе твораў –кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Нямецкія крытыкі называюць работы Напрушкінай неардынарнымі.

Мастацкая выстава месьціцца ў моднай франкфурцкай галерэі U–7, што на станцыі мэтро Бэрген-Экхайм. На першы погляд, карціны Марыны Напрушкінай нельга назваць наватарскімі. Гэта станкавы жывапіс, выкананы ў стылі сацыялістычнага рэалізму. Як лічаць тыя крытыкі, што няблага ведаюць колішняе і цяперашняе беларускае мастацтва, было б памылковым лічыць, што ў Беларусі засталося шмат помнікаў сацыялістычнага рэалізму. Бо сапраўдны сацыялістычны рэалізм – гэта ня ёсьць скульптурны манумэнт Леніну на Плошчы Незалежнасьці альбо помнік Якубу Коласу ці Марату Казею. Клясычны прыклад cацрэалізму – гэта дзяўчаты зь вяслом, якіх у Беларусі амаль не засталося альбо скульптуры на будынку Палаца Прафсаюзаў, што на Кастрычніцкай Плошчы, тыя творы, якія, паводле канонаў сталінскага мастацтва, стваралі адчуваньне гэтак званай “дабратворнасьці жыцьця” альбо “сапраўднага чалавечага шчасьця”.

Марына Напрушкіна малюе свае карціны прыкладна тымі ж аксэсуарамі, якімі калісьці малявалі атмасфэру партыйных сходаў ці зьездаў. Прэзыдэнт Лукашэнка побач з піянэрамі, удзельнікамі ваеннага параду, на тле іншай атрыбутыкі постсавецкага жыцьця.

Паводле мастацкіх крытыкаў, калі б замест беларускага лідэра на карцінах быў бы “бацька народаў”, мастацкія творы маглі б зысьці за антакварыят, напісаны ў першай палове мінулага стагодзьдзя.

Модны галерыст Удо Бокмюль, ён жа арганізатар выставы “Мой прэзыдэнт”, адкрыў талент 23-гадовай Марыны Напрушкінай два гады таму на вэрнісажы вышэйшай школы мастацтваў у Карлсруэ. Паводле Бокмюля, экспазыцыя на U-7 будзе мець посьпех.

Выстава “Мой прэзыдэнт” ў Франкцурце працягнецца да сярэдзіны кастрычніка.
XS
SM
MD
LG