Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк: краіны СНД маюць праблемы з інфраструктурай


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Гадавыя сходы Ўсясьветнага банку на гэтым тыдні канцэнтруюць увагу на разьвіцьці інфраструктуры як спосабе пераадоленьня краінамі беднасьці. Гэты акцэнт мае асабліва важнае значэньне для бяднейшых краінаў былога СССР, якім засталася ў спадчыну разгалінаваная інфраструктура, падтрымаць якую яны ня здолелі.

Былыя савецкія рэспублікі ня маюць недахопу ў дарогах, каналізацыйных сыстэмах ці электрасетках. Аднак, паводле Ўсясьветнага банку, якасьць іх пагаршаецца ў бяднейшых краінах, асабліва ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе. Там абмяжоўваецца забесьпячэньне пітной вадой, пастаўкі электрычнасьці не рэгулярныя, і ўвогуле існуе рызыка краху сфэры паслуг. Так, новая справаздача Ўсясьветнага банку адзначае, што ў Грузіі цягам году электрычнасьць адключаецца болей як на 60 дзён з прычыны паступовага разбурэньня састарэлых сетак. У Малдове і Казахстане рэзкае пагоршылася якасьць пітной вады.

Стан інфраструктуры наўпрост залежыць ад фінансаваньня. Тут выдаткі Ўсясьветнага банку ў 1990-х гадох зьмяншаліся, бо чакалася, што прыватны бізнэс возьме ініцыятыву ў транспартных ці энэргетычных праектах. Аднак, інвэстыцыі не дасягнулі чаканых узроўняў. Таму ў апошняй сваёй справаздачы Ўсясьветны банк заклікае павялічыць штогадовае фінансаваньне праектаў у краінах зь пераходнай эканомікай на тысячу мільёнаў даляраў цягам бліжэйшых гадоў. Экспэрты банку падкрэсьліваюць, што некаторыя постсавецкія краіны, прыкладам, Армэнія ці Грузія, на пачатку нядрэнна разьвіваліся і маглі ўкладаць капіталы ва ўдасканаленьне інфраструктуры. Аднак, тая ж Грузія ня можа сама падняць дарожную галіну, бо там шмат гадоў квітнела карупцыя і бюракратызм.

Дрэнны стан інфраструктуры замінае вырашэньню ў гэтых краінах задачаў разьвіцьця на тысячагодзьдзе, сфармуляваных ААН. На думку Арупа Банерджы, прадстаўніка банку, які адказвае за чалавечае разьвіцьцё, толькі ўдасканаліўшы ў асобных рэгіёнах сыстэму водазабесьпячэньня, можна казаць пра паляпшэньне там якасьці жыцьця.

(Банэрджы: ) “Гэта тое, што сапраўды ўплывае на дабрабыт людзей ў рэгіёне і асабліва ў самых бедных краінах, такіх, як Малдова і Таджыкістан. Да таго ж, ня бачна, каб яны змаглі вырашыць да 2015 году экалягічныя праблемы, пастаўленыя ў Задачах тысячагодзьдзя. І прычынай усё тая ж няякасная інфраструктура”.

Экспэрты Банку таксама зазначаюць, што нізкая якасьць інфраструктуры ўплывае і на вырашэньня яшчэ адной задачы тысячагодзьдзя – разьвіцьцю пачатковай адукацыі. Так, у Азэрбайджане паказчык у гэтай галіне са 100 працэнтаў у 1990 годзе зьнізіўся да 80 працэнтаў у 2002-м. У краіне не хапае транспарту, каб падвозіць дзяцей у школы, а ў школах не хапае настаўнікаў і самых простых сродкаў навучаньня.

Тым ня меней, адзначаецца ў справаздачы, пэрспэктывы паляпшэньня якасьці інфраструктуры ва Ўсходняй Эўропе і Сярэдняй Азіі існуюць. Вось жа Злучаныя Штаты выдаткоўваюць 300 мільёнаў даляраў на рамонт дарог і энэргасыстэм у Грузіі. Гэта – сыгналь для іншых краінаў-донараў. Станоўчым фактам ёсьць і зацікаўленьне такіх краінаў, як Украіна і Азэрбайджан, атрымліваць крэдытыў на паляпшэньне інфраструктуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG