Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Правядзеньне набажэнства пратэстантам каштуе 2 тысячы даляраў


Любоў Лунёва, Менск Суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў адміністратара царквы “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча на 160 базавых велічыняў, агулам на 4 мільёны 80 тысяч рублёў. Такое пакараньне вызначыла судзьдзя Натальля Кузьняцова за не санкцыянаванае ўладамі набажэнства. Вернікі будуць скардзіцца ў міжнародныя арганізацыі.

На судовым паседжаньні прысутнічалі некалькі дзясяткаў вернікаў царквы “Новае жыцьцё”. Вэрдыкт судзьдзі — штраф 2 тысячы даляраў — яны ўспрынялі з абурэньнем.

Нагадаем, супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі Васіля Юрэвіча ў арганізацыі набажэнства ў будынку царквы пратэстантаў 24 ліпеня. Вернікі набылі будынак (былы калгасны кароўнік) у 2002 годзе ва ўласную маёмасьць і самі яго адрамантавалі. Там месьціцца і нядзельная школа. Менгарвыканкам пазбавіў царкву спачатку зямельнага надзелу, а потым перайшоў да працэдуры пераводу будынку ў дзяржаўны фонд. Вернікі дзеяньні ўладаў лічаць сьведчаньнем рэлігійнай нецярпімасьці.

Верніца Алена Паплаўская прысутнічала на судовым паседжаньні. Яна ўпэўненая, што пакараньне Васіля Юрэвіча штрафам — гэта крок да расправы з пратэстанцкай суполкай.

(Паплаўская: ) “Я, вядома, абураная, бо судзьдзя не зьвяртала ўвагі на аргумэнты юрыста і адміністратара царквы. Лічу, што прысуд быў сфабрыкаваны. Мне, як верніцы, крыўдна, што толькі адна канфэсія мае права на існаваньне, а мы, пратэстанты, ня можам папросту ў нядзелю прыходзіць, каб зьвярнуцца да Бога”.

Адміністратар царквы “Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч адразу пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў:

(Юрэвіч: ) “Сёньняшні прысуд ёсьць сьведчаньнем таго, што ў Беларусі ідзе барацьба супраць пратэстанцкай царквы. Мы бачым, што сама дзяржава распачала вайну супраць нас. Гэты суд, рашэньні Менгарвыканкаму і іншых установаў — яшчэ адзін крок да зьнішчэньня нашай канфэсіі. Мы будзем зьвяртацца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у ААН перш за ўсё, каб гэтае пытаньне вырашалася на самым высокім міжнародным узроўні. Мы ня бачым пэрспэктывы вырашэньня гэтага пытаньня тут, у Беларусі”.

Летась у лістападзе Васіля Юрэвіча аштрафавалі на 150 базавых велічыняў. Штрафу ён дагэтуль ня выплаціў. Судовыя выканаўцы прыходзілі да яго і склалі заключэньне, што маёмасьці на адпаведную суму ў хаце няма. Цяпер адміністратар царквы, у якога днямі нарадзіўся чацьверты сын, мусіць заплаціць дзяржаве каля 4 тысяч даляраў.
XS
SM
MD
LG