Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет бясьпекі: віцебскі выбух ня быў тэрарыстычным актам


Алег Грузьдзіловіч, Менск У сілавых ведамствах Беларусі заяўляюць, што выбух, які адбыўся ў Віцебску 22 верасьня, ня ёсьць тэрактам. А ўвогуле, ці зафіксаваныя ў сучаснай Беларусі выпадкі тэрарызму?

“Гэта не тэрарыстычны акт!” — такую выснову адносна ўчорашняга выбуху ў Віцебску зрабілі прадстаўнікі беларускіх сілавых ведамстваў 23 верасьня, пасьля вывучэньня зьвестак зь месца здарэньня і паказаньняў сьведкаў і пацярпелых. Супрацоўнік прэсавай службы Савету бясьпекі Ўладзімер Несьцяровіч распавёў Радыё Свабода, да якіх вэрсіяў схіляюцца сьледчыя:

(Несьцяровіч: ) “Як асноўныя вэрсіі здарэньня адмыслоўцы разглядаюць хуліганства і неасьцярожнае абыходжаньне з выбуховым прыстасаваньнем. Ня выключана таксама, што выбух стаў вынікам канфлікту паміж мясцовымі крымінальнымі групамі. Але на дадзены момант няма ніякіх прыкметаў таго, што гэта быў тэракт”.

Генэрал міліцыі, былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб таксама не выключае, што выбух у Віцебску ёсьць вынікам альбо барацьбы крымінальных груповак, альбо зьвядзеньня асабістых рахункаў паміж асобнымі хуліганамі. У 1970-я гады Мечыслаў Грыб кіраваў віцебскай міліцыяй. Ён згадвае, што ўжо тады вельмі напружанымі былі адносіны моладзі з розных раёнаў гораду.

(Грыб: ) “Там было пяць-шэсьць груповак зь мікрараёнаў, якія ваявалі паміж сабой увесь час. Бойкі ладзілі, адзін ня мог зайсьці на тэрыторыю другога раёну, сур’ёзныя былі разборкі. Але потым паступова гэта сышло. Можа, цяпер аднавілася?”

Мечыслаў Грыб кажа, што не зайздросьціць кіраўнікам віцебскай міліцыі, ад якой будуць патрабаваць любым коштам знайсьці злачынцу. “Калі ён дзейнічаў адзін, то могуць і не знайсьці. А калі нехта пра ягоныя пляны ведаў, то ёсьць шанец”, — лічыць былы кіраўнік віцебскай міліцыі Мечыслаў Грыб.

Гісторыя сучаснай Беларусі ня ведае тэрарыстычных актыў, але выбуховыя прыстасаваньні як сродак запалохваньня ці злачынства выкарыстоўвалі нярэдка. У сярэдзіне 1990-х гадоў у выніку выбуху бомбы, закладзенай у сьмецьцезборнік, у сваім доме быў забіты Яўген Мікалуцкі, кіраўнік кантрольна-рэвізійнай управы па Магілёўскай вобласьці. На пахаваньні Яўгена Мікалуцкага Аляксандар Лукашэнка пакляўся пакараць вінаватых у злачынстве, але арганізатары забойства гэтак і не былі знойдзеныя. Паводле вэрсіі магілёўскага журналіста Сяргея М., прычына ў карупцыі прэзыдэнцкага атачэньня.

(Сяргей: ) “Там знайшлі шмат грошай і выявілі нейкія фірмы, зь якімі Мікалуцкі працаваў, якія нібыта давалі яму хабар. А калі пачалі разьбірацца, то потым вырашылі гэта не кранаць, бо будзе непрыемнасьць і для самога Лукашэнкі, які ўголас сказаў, што Мікалуцкі — ягоны сябар”.

Пасьля здарэньня з прэзыдэнцкім кантралёрам у Беларусі яшчэ некалькі разоў гучалі выбухі. Напрыканцы 1990-х гадоў спрацавала выбуховае прыстасаваньне, закладзенае пад будынак Савецкага суду Менску. У гэтым інцыдэнце ніхто не пацярпеў, і ніхто ня быў за яго пакараны. Некалькі разоў выбухалі аўтамабілі, у тым ліку ў цэнтры Менску, побач зь цяперашнім праспэктам Пераможцаў. Тады загінуў адзін чалавек; міліцыя высьветліла, што ён быў зьвязаны з крыміналам. Апошні выбух прагучаў амаль год таму — у адной са школаў Пухавіцкага раёну вучань паспрабаваў разабраць выбуховае прыстасаваньне. У тым інцыдэнце пацярпелі 9 дзяцей.

Гл. таксама • Выбух у Віцебску: каля 40 чалавек атрымалі раненьні
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG