Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Магчыма, робіцца спроба не дапусьціць майго ўдзелу ў Кангрэсе”


Сяргей Навумчык, Прага Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў павестку ў суд Баранавічаў – у якасьці, як запісана ў павестцы "привлекаемого".

Паводле намесьніка Старшыні АГП юрыста Сяргея Альфера, фармулёўка зьяўляецца юрыдычна непісьменнай. Спадар Альфер лічыць, што нагодай для судовага разьбіральніцтва мог быць сход ў справе вылучэньня кандыдатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, які прайшоў у Баранавічах і ўдзельнікі якога былі затрыманыя міліцыяй. Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька паехалі ў міліцыю разьбірацца. Прэсавая служба АГП мяркуе, што цяпер самога Лябедзьку зьбіраюцца прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Некалькі тыдняў таму суд Берасьцейскага раёну прызнаў Анатоля Лябедзьку вінаватым у арганізацыі сходу ў пасёлку Дамачова і прысудзіў яму больш як мільён рублёў штрафу. Цяпер пакараньне можа быць больш жорсткім – пазбаўленьне волі да 15 сутак. І ў гэтым выпадку Анатоль Лябедзька будзе пазбаўлены магчымасьці браць удзел у Кангрэсе дэмакратычных сілаў, які адбудзецца 1-2 кастрычніка – нягледзячы на тое, што ён зьяўляецца адным з прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты ад “аб’яднанай апазыцыі”.

Мы папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю самога Анатоля Лябедзьку, які знаходзіцца ў Вільні на сэмінары парлямэнцкай асамблеі НАТО.

(Лябедзька: ) "Сёньня я мусіў быць у Баранавічах, на судзе. Я, праўда, знаходжуся ў Вільні, гэта мяне больш радуе. Разам з тым, я не выключаю такую вэрсію, што робіцца спроба, каб не дапусьціць майго асабістага ўдзелу ў Кангрэсе. Некалькі тыдняў таму суд Берасьцейскага раёну ўжо вынес свой прысуд, і пакараў мяне за арганізацыю несанкцыянаванага сходу, у якім на сам рэч я нават не прымаў удзел. І ўлічваючы, што гэта будзе як бы другое парушэньне на працягу году, дык наступнае пакараньне павінна быць больш моцным. А гэта не выключае зьняволеньня. Так што паглядзім.. Спадзяюся ўсё ж, што ўдасца пазьбегнуць турмы, і я буду сярод удзельнікаў Кангрэсу”.

Мы запыталіся ў Анатоля Лябедзькі, якія дзеяньні будуць ў тым выпадку, калі яго ўсё ж пазбавяць волі?

(Лябедзька: ) “Безумоўна, я ня думаю, што гэта выкліча задавальненьне сярод маіх сяброў па партыі, маіх аднадумцаў, але я не лічу, што трэба пераносіць Кангрэс ці рабіць нейкія радыкальныя захады. Хаця не выключаю, што мае шмат якія сябры, аднадумцы будуць у гэты час, ці днём пазьней, у Баранавічах, каля турмы – калі дапусьціць пэсымістычны прагноз разьвіцьця падзеяў”.

Варта дадаць, што нават і ў выпадку зьняволеньня ў Анатоля Лябедзькі захоўваюцца шанцы ўзяць асабісты ўдзел у Кангрэсе. Так, у 1999 годзе, ўлады на адзін дзень вызвалілі з-пад арышту Лявона Баршчэўскага, які мусіў выступіць з дакладам на зьезьдзе БНФ (гэта быў той самы зьезд, на якім адбыўся раскол Фронту).
XS
SM
MD
LG