Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бюст Сталіна стаіць, а бюст Каліноўскага ня вытрымаў кліматычных умоваў


Сяргей Астраўцоў, Горадня У горадзе Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці на “Алеі славы” стаіць пусты пастамэнт, на якім дагэтуль быў бюст Кастуся Каліноўскага. Яго зьнялі на рэстаўрацыю, і бюст ўжо гатовы, але яго ўсё ня могуць сабрацца паставіць назад.

“Алея славы” у Сьвіслачы па-свойму знакамітая зусім не Каліноўскім, а помнікам Сталіну. Калісьці там стаяў помнік савецкім салдатам, а на адлегласьці — напаўразбураны помнік Рамуальду Траўгуту — апошняму кіраўніку паўстаньня 1863 году. У “перабудову” яго аднавілі. Гадоў дзесяць таму рэканструявалі плошчу перад райвыканкамам, і адбылося незвычайнае: ленінскую статую нібы часова перанесьлі на “алею славы”, але там і пакінулі. Што праўда, алея гэтая — побач з выканкамам.

Пяць гадоў таму мясцовыя камуністы знайшлі недзе ў калгасе бюст Сталіна і прапанавалі ўладзе паставіць яго на “Алеі славы”. Улада пагадзілася. Адначасова паставілі і бюст Кастуся Каліноўскага, хаця ў горадзе яшчэ з часоў хрушчоўскай адлігі існуе сьціплы помнік Каліноўскаму, зроблены Заірам Азгурам. Так на адной алеі апынуліся савецкі салдат, за ім — Ленін, потым — Сталін, помнік Траўгуту — бронзавы арол і бюст Каліноўскага, які сёньня адсутнічае.

Вось што мне сказалі ў сьвіслацкім музэі пра яго паходжаньне:

(Спадарыня: ) “Не, ён у музэі не стаяў, яны прывезьлі, гэты бюст з калгаса Каліноўскага, і ён гіпсавы, уяўляеце — гіпсавы бюст на вуліцы, таму ён хутка сапсаваўся, недзе вада трапляла, а цяпер мастак адрэстаўраваў, плёнкай пакрыў адмысловай. Ну, здаецца, нармальна”.

Што датычыць бюста Сталіна, дык ён дагэтуль не “сапсаваўся”, адрозна ад помніка беларускаму нацыянальнаму герою. Напэўна, сталінскія рабілі больш надзейна. У музэі мне паведамілі, што бюст Каліноўскага ўсталююць на пастамэнце ўжо неўзабаве, магчыма, нават на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG