Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар юстыцыі патрабуе выконваць пастанову пра абавязковую рэгістрацыю


Міхал Стэльмак, Менск Дзеля гэтага Мін’юст зьбіраецца дзейнічаць у адпаведнасьці заканадаўствам, заявіў міністар Уладзімер Галаванаў. 13 верасьня міністэрства выдала пастанову, згодна зь якой блёкі палітычных партыяў і прафсаюзаў, а таксама рухі, ініцыятывы і кааліцыі грамадзянаў павінны мець дзяржаўную рэгістрацыю. Дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх структураў на тэрыторыі Беларусі забараняецца.

Міністэрства юстыцыі, паводле спадара Галаванава, не пацерпіць ігнараваньня пастановы:

(Галаванаў: ) “Калі будзе ігнаравацца ўказаньне Міністэрства юстыцыі, калі грамадзкія аб’яднаньні і рухі, пра якія ідзе гаворка ў пастанове Міністэрства юстыцыі, будуць працаваць не ў прававым полі, не зарэгіструюцца ва ўстаноўленым парадку, Міністэрства юстыцыі будзе дзейнічаць у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам”.

Спадар Галаванаў не патлумачыў, якія канкрэтна пакараньні чакаюць тых, хто не зарэгіструе сваіх блёкаў, рухаў, ініцыятываў і кааліцыяў. Ён таксама паведаміў, што міністэрства ня будзе пакуль ініцыяваць зьмены ў Адміністрацыйны кодэкс. Разам з тым, ён цьвёрда заявіў, што гэтая сфэра будзе ўпарадкаваная. Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што ўлады прыдумаюць якое заўгодна пакараньне для ініцыятыўных асобаў і палітычных апанэнтаў:

(Паганяйла: ) “Той жа супрацоўнік Міністэрства юстыцыі запросіць і пачне наракаць. Могуць прымяніць меры адміністрацыйнай адказнасьці і гэтак далей. Вядома, у турму саджаць ня будуць, але на суткі пасадзіць могуць. Штраф могуць даць. Усё гэта будзе падпадаць пад адміністрацыйныя правапарушэньні”.

Міністар Галаванаў абвясьціў сёньня таксама, што 28 кастрычніка ўступаюць у сілу зьмены ў закон “Аб палітычных партыях”. Ён нагадаў, што там уведзены новы інстытут — прыпыненьне дзейнасьці палітычных партыяў:

(Галаванаў: ) “На жаль, шэраг палітычных партыяў не зусім у прававым полі працуюць. Не працуюць арганізацыйныя структуры партыяў, парушаецца заканадаўства. Указаньні Міністэрства юстыцыі як органу рэгістрацыі ігнаруюцца. Мы мірыцца з гэтым ня можам. Я не хачу заўчасна казаць, якія партыі мы будзем прыпыняць”.

Дарэчы, паводле Галаванава, прававыя ініцыятывы дзеля рэгістрацыі дзейных грамадзкіх фармаваньняў беларускі Мін’юст узяў у Расеі. Там, маўляў, таксама ўпарадкаваная дзейнасьць і грамадзкіх аб’яднаньняў, і асацыяцыяў, усемагчымых грамадзкіх ініцыятываў. Расейскі міністар юстыцыі Юры Чайка, які сёньня знаходзіўся ў Менску, заявіў, што вітае такое перайманьне досьведу беларускімі калегамі:

(Чайка: ) “Калі ў Расейскай Фэдэрацыі прымаліся новыя законы пра палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, была вялікая дыскусія. Калі я аргумэнтаваў у Дзярждуме ўсе пазыцыі, там пыл ішоў да столі. І парушаюцца канвэнцыі, і да таго падобнае. А сёньня няма ніякіх праблемаў. Той жа лідэр Камуністычнай партыі Генадзь Зюганаў ідзе да мяне і раіцца”.
XS
SM
MD
LG