Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці асьцерагаюцца менчукі тэрарызму і адкуль бачаць ягоную пагрозу?


Галіна Абакунчык, Менск Афіцыйныя крыніцы паведамілі, што паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, 33% грамадзянаў краіны ўпэўненыя ў тым, што супрацьстаяньне тэрарызму ў Беларусі мае высокі ўзровень. Паводле высокапастаўленых чыноўнікаў, гэта сьведчыць пра эфэктыўнасьць захадаў, якія зрабілі ўлады краіны дзеля падтрыманьня стабільнасьці ў грамадзтве. Што людзі думаюць пра пагрозу тэрарызму пасьля выбухаў у Віцебску, у менскіх мінакоў цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не баіцеся вы тэрарызму? І як вы лічыце, адкуль можа зыходзіць такая пагроза?”

(Спадар: ) “У Беларусі, на мой погляд, тэрарызму няма, але бліжэйшым часам ён можа зьявіцца і ў нас”.

(Спадарыня: ) “Тэрарызму баяцца ўсе. Страшная гэта зьява і, канечне, гэта шок для мяне, што ў нас у Віцебску ўжо адбыліся выбухі. Мне хочацца верыць, што ў гэтым выпадку гэта ўсё ж такі несьвядомая моладзь захацела прыцягнуць да сябе ўвагу”.

(Спадар: ) “Баяцца тэрарызму трэба, не баяцца толькі дурні. А адкуль ён — цяжка адказаць на гэтае пытаньне: іслам, ці яшчэ якія сілы, рознага хапае”.

(Спадар: ) “Ад гэтага мы нікуды не падзенемся. Бо ня можа Беларусь жыць ізалявана. Калі тэрарызм ёсьць у Швайцарыі, Нарвэгіі, Ангельшчыне, ён будзе і ў Беларусі. Што тычыцца Віцебску, то я думаю, што там нейкая крымінальная разборка”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не баіцеся вы тэрарызму, і як вы лічыце, адкуль можа зыходзіць пагроза?”

(Спадар: ) “Гэта можа прыйсьці адкуль заўгодна. Тым больш, што неўзабаве прэзыдэнцкія выбары і некаторыя сілы могуць супрацьстаяць гэтаму”.

(Спадарыня:) “Я пэнсіянэрка, і я ня ведаю, адкуль гэта можа прыйсьці. Але тэрарызму, я думаю, усе баяцца”.

(Юнак: ) “Ну, канечне ж, нейкае пачуцьцё боязі ёсьць, але жыць трэба. Ну, а пагроза можа зыходзіць з замежжа. Да прыкладу, з Расеі, зь яе рэгіёнаў — гэта адзінае. А так, бадай, больш і ніадкуль”.

(Спадарыня: ) “Баюся, вядома. Бо ў мяне двое маленьніх дзяцей, і калі садзісься ў мэтро, то страшна сядаць пасярэдзіне. Стараюся садзіцца ў першы альбо апошні вагон. Думаю, што межаў для фантазіі людзей, якія гэта робяць, няма. І ня важна, якая гэта дзяржава”.

(Юнак: ) “Не, не баюся тэрарызму. Бойся, ня бойся, але ўсё роўна трэба жыць, езьдзіць куды-небудзь, адпачываць і гэтак далей. Бяз гэтага не абысьціся”.

Гл. таксама • Выбух у Віцебску: каля 40 чалавек атрымалі раненьні
XS
SM
MD
LG