Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэмінары ў Вільні абмяркуюць палітычную сытуацыю ў Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў Вільні пачынаецца міжнародны сэмінар, на якім будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі. Арганізатарамі сэмінару выступілі Парлямэнцкая асамблея НАТО і Сойм Літоўскай Рэспублікі.

Мінулае восені Беларусь прасіла аднавіць яе ўдзел у Парлямэнцкай асамблеі НАТО ў статусе асыцыяванага сябра. Сталы камітэт Парлямэнцкай асамблеі НАТО на паседжаньні у Рэйк''явіку прыняў рашэньне не аднаўляць супрацоўніцтва зь цяперашнім беларускім парлямэнтам з увагі на недэмакратычныя дзеяньні кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і нелегітымнасьць недэмакратычна абранага беларускага парлямэнту. Пры гэтым камітэт прызнаў, што неабходна цікавіцца працэсамі ў Беларусі і падтрымліваць дачыненьні з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў.

І таму ў красавіку сёлета быў ініцыяваны такі міжнародны сэмінар, прысьвечаны абмеркаваньню сытуацыі ў Беларусі. Сэмінар ладзяць Сойм Літвы і Парлямэнцкая асамблея НАТО.

Кіраўнік дэлегацыі літоўскага Сойму ў Парлямэнцкай асамблеі НАТО Ёзас Олекас распавёў для нашага радыё, што такі сэмінар ладзіцца ў Літве, паколькі літоўская дэлегацыя вылучаецца актыўнасьцю ў ПА НАТО і літоўскія парлямэнтары прапанавалі сваю дапамогу як блізкія суседзі Беларусі:

(Олекас: ) “Гэта сэмінар Парлямэнцкай асамблеі НАТО, які Літва згадзілася дапамагчы арганізаваць як суседка Беларусі. Літва хвалюецца аб будучыні Беларусі. Я вызначыў бы гэта як знак сяброўства – тое, што Літва імкнецца дзяліцца сваім досьведам з суседняй краінай і дапамагчы працэсу інтэграцыі Беларусі ў міжнародную супольнасьць. Што да ўдзелу Беларусі у Парлямэнцкай асамблеі НАТО, там ёсьць цалкам канкрэтныя патрабаваньні да краінаў, якія хочуць браць удзел у яе працы, і калі Беларусь зможа ім адпавядаць, яна адновіць сваё сяброўства. Літва, да прыкладу, зьмяніла шмат заканадаўчых актаў, каб яны адпавядалі патрабаваньням дэмакратычных традыцыяў заходніх краінаў. Тое, як я мяркую, мае зрабіць і Беларусь, калі яна зьвяртаецца з просьбай аднавіць сваё сяброўства ў Парлямэнцкай асамблеі НАТО”.

У сэмінары плянуецца ўдзел парлямэнтароў з краінаў-сяброў НАТО, прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ААН, іншых міжнародных арганізацыяў, а таксама палітолягаў зь Літвы, Польшчы, Беларусі, прадстаўнікоў літоўскіх урадавых інстытуцыяў.

З паведамленьнямі выступяць прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў і палітычных партыяў – старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд, а таксама прадстаўнікі моладзевага руху “Зубр”, грамадзянскай ініцыятывы “Свабоду палітычным вязьням”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускай жаночай лігі.

Пра дачыненьні міжнародных арганізацыяў зь Беларусьсю ў часе сэмінару будуць гаварыць прадстаўнік аддзелу палітыкі і справаў бясьпекі штаб-кватэры НАТО Джэймз Мэкей, віцэ-старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Альдзіс Кушкіс, дакладчык у беларускіх пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Азім Малазадэ.

Для удзелу ў сэмінары прыехаў у Вільню і спэцыяльны дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын. Перад цяперашнім прыездам у Вільню Сэвэрын наведаў Латвію і Эстонію – гэтая ягоная паездка па краінах Балтыі цалкам прысьвечаная збору інфармацыі пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Паведамленьне Адрыяна Сэвэрына “ААН і Беларусь” заплянаванае напрыканцы праграмы сэмінару перад заключнай дыскусіяй.

Праграма міжнароднага сэмінару разьлічаная на два дні. Сёньня пройдуць дзьве сэсіі, прысьвечаныя беларускім праблемам: будуць абмяркоўвацца сытуацыя ў краіне і дэмакратычныя пэрспэктывы. А ў суботу адбудзецца заключная сэсія – размова пойдзе пра міжнародны аспэкт беларускага пытаньня, а таксама дачыненьні Беларусі зь міжнароднымі структурамі.
XS
SM
MD
LG