Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохгадовы БРСМ праводзіць 39-ы зьезд


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску пачынаюцца ўрачыстасьці з нагоды 85-годзьдзя ўтварэньня Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі. Галоўнае мерапрыемства – 39-ы зьезд Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, які па традыцыі наведаюць першыя асобы дзяржавы.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) быў утвораны ў 2002 годзе, пасьля ўзьяднаньня дзьвюх моладзевых арганізацыяў – Беларускага саюзу моладзі (БСМ) і Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі (БПСМ). І наваствораная арганізацыя палічыла сябе правапераемніцай беларускага камсамолу. Дарэчы, днём нараджэньня ЛКСМБ лічыцца 23 верасьня 1920 году, і менавіта ў 85-ю гадавіну ЛКСМБ БРСМ праводзіць свой 39-ы зьезд.

Тлумачэньне сакратара Цэнтральнага камітэту Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Аляксандра Даўжэцкага:

(Даўжэцкі: ) “Прынята рашэньне статутам, калі мы аб’ядноўваліся ў 2002 годзе, што мы зьяўляемся правапераемнікамі камсамолу. Таму БПСМ і аб’ядноўваўся зь Беларускім саюзам моладзі, які зьяўляўся правапераемнікам. І мы прынялі рашэньне, што наступны зьезд працягвае нумарацыю камсамольскіх, паколькі ў Беларускага саюзу моладзі мінулы зьезд быў 38-ы. Гэты зьезд будзе 39-ы”.

З сакратаром ЦК БРСМ катэгарычна ня згодны Аляксандар Фядута, які на пачатку 1990-х быў моладзевым важаком краіны – першым сакратаром.

(Фядута: ) “Паколькі і Беларускі саюз моладзі быў ліквідаваны на зьезьдзе, і ліквідаваны БПСМ, пераемнікам ніводнай з гэтых арганізацыяў БРСМ не зьяўляецца. Ён зьяўляецца цалкам новай арганізацыяй. Таму хай ня хлусяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, такім чынам, што БРСМ ня можа праводзіць свой 39-ы зьезд і лічыцца правапераемнікам камсамолу?”

(Фядута: ) “Яны маглі толькі ў адным выпадку быць пераемнікамі камсамолу: калі б БПСМ ліквідаваўся і ўваходзіў у склад БСМ. Юрыдычна тады б новая арганізацыя зьяўлялася пераемнікам камсамолу. Той нумар зьезду, які яны абвяшчаюць, гэта проста нонсэнс”.

Напярэдадні зьезду Аляксандар Лукашэнка прыняў са справаздачай першага сакратара ЦК БРСМ Міхаіла Арду. Чакаецца, што Лукашэнка выступіць перад дэлегатамі форуму – у аўторак на зьездзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі ён назваў 5 апораў беларускага грамадзтва: дэпутаты, прафсаюзы, вэтэраны, жанчыны і камсамольцы.

А кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман урэшце прызнаў, што паколькі дзяржава ўклала ў БРСМ шмат сілы і сродкаў, то чакае ад гэтай арганізацыі адпаведнай аддачы. Дарэчы, гэта адзіная грамадзкая моладзевая арганізацыя, якая фінансуецца зь дзяржбюджэту. І хоць вакол БРСМ (як, дарэчы, раней і вакол БПСМ) увесь час здараюцца скандалы, маладым патрыётам усё сыходзіць з рук – відаць, уладзе бракуе адданай моладзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG