Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры юстыцыі Беларусі і Расеі абмяркуюць праблему алімэнтаў


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менск прыяжджае прадстаўнічая дэлегацыя з Масквы на чале зь міністрам юстыцыі Расеі Юрыем Чайкам. Адбудзецца паседжаньне аб’яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расеі.

Сьпіс пытаньняў, якія зьбіраюцца разгледзець адказныя асобы міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расеі, даволі кароткі. Паводле афіцыйных зьвестак, у парадак дня ўнесена, напрыклад, пытаньне пра ўніфікацыю мэханізму спагнаньня алімэнтаў з грамадзянаў дзьвюх краін. Цяперашні, як засьведчыла жыцьцё, грувасткі. Калі, скажам, беларускі суд выносіць рашэньне пра выплату алімэнтаў асобай, якая жыве ў Расеі, то дадаткова патрабуецца пацьверджаньне гэтага вэрдыкту расейскім судом. І наадварот. У выніку траціцца блізу трох месяцаў.

Другім пытаньнем на паседжаньні аб’яднанай калегіі стане разгляд праекту двухбаковага пагадненьня пра шлюбы, іх скасаваньне грамадзянамі Беларусі і Расеі. Сутнасьць гэтай праблемы патлумачыла мне загадчыца ЗАГСу Маскоўскага раёну Менску Натальля Баранава:

(Баранава: ) “Калі мы заключаем шлюб на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, мы ставім штампік толькі на “відзе на жыхарства” і ў пашпартах грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. У замежныя пашпарты ня ставім. Гэта – агульнае правіла. І для Расеі – таксама”.

Удзельнікі паседжаньня зьбіраюцца ўстанавіць адзіны парадак гэтай пашпартнай працэдуры на тэрыторыі так званай саюзнай дзяржавы.

Ці адлюстроўваюць пытаньні, якія будуць разглядацца на паседжаньні аб’яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расеі, высокі ўзровень міждзяржаўнай інтэграцыі ў прававой сфэры? Паводле экспэртаў, варта вітаць любыя разумныя крокі для вырашэньня названых праблем.

Меркаваньне юрыста, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага:

(Дабравольскі: ) “Простыя пытаньні, як мне здаецца, трэба таксама вырашаць. Напрыклад, тыя, якія тычацца прававога статусу грамадзяніна і простага чалавека, калі ён выходзіць замуж (жанчына), альбо жэніцца (мужчына), альбо выплачвае алімэнты. Гэта звычайна вырашаецца паміж дзяржавамі, і гэта якраз тое, чым трэба займацца без усялякіх прапагандысцкіх крокаў. Гэта добра. Толькі наўрад ці павінна гэта вырашацца на такім узроўні, самімі міністрамі юстыцыі. Пытаньні – не такія ўжо істотныя, каб падключаць такія сілы”.

Дарэчы, Юрый Чайка на пачатку верасьня ўжо быў у Менску. Міністар юстыцыі Расеі выступаў з дакладам “Аб распрацоўцы праекту Палажэньня аб парадку ўзгадненьня нацыянальных нарматыўных прававых актаў у сфэры забесьпячэньня роўных правоў грамадзянаў саюзнай дзяржавы”. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін абвясьцілі гэты кірунак адным з прыярытэтаў інтэграцыі. Аднак Юрый Чайка на тым паседжаньні заявіў: прыняцьце і рэалізацыя адпаведнага Палажэньня немагчымыя ў цяперашніх умовах. Расейскі міністар патлумачыў, што асноўныя правы і свабоды грамадзянаў Беларусі і Расеі замацаваныя ў нацыянальных канстытуцыях і законах, якія істотна розьняцца між сабою.

Аляксандар Дабравольскі так пракамэнтаваў сытуацыю:

(Дабравольскі: ) “Калісьці была такая ініцыятыва – распрацаваць мадэльныя заканадаўчыя акты для СНД. І Парлямэнцкая асамблея распрацавала мадэльны крымінальны кодэкс, мадэльны крымінальна-працэсуальны кодэкс, мадэльны грамадзянскі кодэкс, якія былі даволі добрымі і якаснымі. Як юрыст я магу засьведчыць, што яны былі на добрым сучасным узроўні. На жаль, у Расеі ўнесьлі шмат паправак, якія крыху іх сапсавалі. А ў Беларусі наагул усё перарабілі і проста дух нармальны адтуль вычысьцілі. І таму прававыя сыстэмы Беларусі і Расеі ў значна большай ступені адрозьніваюцца, чым, напрыклад, Беларусі і Ўкраіны. А пры гэтым у нас увесь час гучаць заклінаньні, што ў нас тут саюзная дзяржава”.
XS
SM
MD
LG