Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску пачынаюцца сьвяткаваньні тысячагадовага юбілею гораду


Ягор Маёрчык, Ваўкавыск Сёньня ў Ваўкавыску пачынаюцца трохдзённыя сьвяткаваньні тысячагадовага юбілею гораду. Адна з галоўных падзеяў – адкрыцьцё фантану на цэнтральным пляцы.

На цэнтральным пляцы аўралам завяршаецца яго будаўніцтва. Помнік будзе ўпрыгожаны знакам з выяваю ваўка. Напярэдадні я быў на плошчы. Уласна самой скульптуры яшчэ не прывезьлі. Я бачыў там зь дзясятак будаўнікоў – яны заканчвалі ўкладаць мармуровыя пліты фантану.



Дагэтуль застаецца няясна, з чыёй ініцыятывы зьявіўся помнік. Гараджане ўпэўненыя, што гэта падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі. Аднак ёсьць і іншая вэрсія: фантан будуецца за кошт гарадзкога бюджэту.

Да круглай даты ў Ваўкавыску пабудавалі новы пункт вэтэрынарнага кантролю тамтэйшай мытні. Гэты дамок пакрыты дарагой дахоўкай. За мэталёвай агароджай можна бачыць зялёныя траўнікі і нават некалькі туяў. Паводле дзіўнага супадзеньня, кіруе гэтай установай жонка старшыні Ваўкавыскага райвыканкаму Кацярына Савельева.



Летась у Ваўкавыску адбываліся агульнабеларускія “Дажынкі”. Тады выдаткавалі 100 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэтыя грошы ішлі на ўпарадкаваньне гораду. Паводле той інфармацыі, якой валодаю я, Ваўкавыск пазычаных на леташнія “Дажынкі” грошай у дзяржаўны скарб да канца не вярнуў. Раённыя і абласныя вэртыкальнікі стараюцца, каб гэтая інфармацыя не дайшла да найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі.

Да леташняга сьвята ў горадзе адрамантавалі 175 аб''ектаў. Усе работы праходзілі ў сьціслыя тэрміны і не заўсёды якасна. І цяпер райвыканкам паставіў перад будаўнічымі арганізацыямі ўмову: вы ліквідуеце хібы і толькі тады мы з вамі канчаткова разьлічымся за мінулы год.

У адрозьненьне ад “Дажынак”, да якіх людзі ставіліся па-рознаму, тысячагодзьдзе – агульнае сьвята гараджанаў, і яны радыя. Кажуць, што да мінулага году ў іхным горадзе ніколі не было вялікіх забаўляльных імпрэзаў. У Ваўкавыску жартуюць, што юбілей гораду – гэта апошняе сьвята на наступную тысячу гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG