Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтыя дні спаўняецца 50 гадоў дзяржаўнаму гімну БССР


Вячаслаў Кулік, Менск Савецкі варыянт музыкі у сучасным дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь захаваны й сёньня, а стары тэкст Міхася Клімковіча заменены тры гады назад новым аўтарства Ўладзімера Карызны – там ужо няма хваласьпеву пра “братнюю Русь” і паасобных словаў камуністычнай патэтыкі.

На заключным этапе вайны ў 1944-м з Масквы ў рэспублікі СССР быў накіраваны цыркуляр тэрмінова скласьці нацыянальныя гімны. Апярэдзілі ўсіх нібыта марудныя эстонцы – гімн Эстонскай ССР яны прадставілі тады ж, у 1944-м. Адразу ў паваенны час конкурсы адбыліся ў Казахстане, Армэніі, ва Ўкраіне. Гісторыю ж беларускага гімну навуковец Віталь Скалабан называе загадкавай.

(Скалабан: ) “Загадка беларускага гімну, мабыць, знаходзіцца ў Маскве. Чаму 11 гадоў гімн ня быў зацьверджаны? Трэба шукаць у Маскве дакумэнты”.

Па словах Віталя Скалабана, гімн для БССР музыкі складалі на замову.

(Скалабан: ) “Конкурс для стварэньня гімну ў 1944 – 45 гадах быў масавы. І ўсёй працай па падрыхтоўцы гімну кіраваў тагачасны першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка”.

Як кажа гісторык, партыйны бос лічыў неперасягненым творам “Інтэрнацыянал” і адпаведна гэтаму трафарэту патрабаваў стварыць “ваяўнічы беларускі гімн”. Музыказнаўцам зь беларускага ЦК да густу прыйшоўся гімн сталінскіх ляўрэатаў Багатырова, Крапівы і Броўкі. Але за той час, пакуль ноты і словы аўтарытэтаў ляжалі пад сукном у будынку на Старой плошчы ў Маскве, у Беларусі народным хітом стала кампазыцыя “Мы – беларусы” Несьцера Сакалоўскага на верш Міхася Клімковіча.

Іншы гімн беларускай дзяржавы мог зьявіцца на пачатку 1990-х гадоў, калі Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня зацьвердзіў дзяржаўнымі сымбалямі бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. “Для поўнай дзяржаўнай трыяды выбар быў багаты”, – гаворыць сябра фракцыі БНФ Валянцін Голубеў.

(Голубеў: ) “Існаваў “Магутны Божа” Арсеньневай. Уладзімер Мулявін працаваў над “Пагоняй” Багдановіча. Тут і Раінчык, яго вядомая “Жыве Беларусь!”. Была яшчэ “Пагоня” Куліковіча – Шчаглова”.

Дапаўняе калегу Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Тады ж была афіцыйная камісія. Розныя варыянты гімну гучалі на радыё. Прапаноўвалі “Магутны Божа”, калі яшчэ тады аніякага Лукашэнкі й блізка не было”.

Палітыкам і інтэлігенцыі не ўдалося дамовіцца ў 1994 годзе. Пошукі галоўнай песьні Беларусі скончыліся ў 2002 годзе “тэлефонным плебісцытам”. Паводле Алега Трусава, хоць большасьць апытаных выказаліся за новыя гімны, Лукашэнка зацьвердзіў варыянт музыкі Сакалоўскага, а тэкст Клімковіча “вычысьціў” у адпаведнасьці зь дзяржаўнай ідэалёгіяй паэт Карызна.

Ці падабаецца цяперашні гімн маладым беларусам? На гэтае пытаньне Радыё Свабода адказвалі мінакі на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Я калісьці хацеў бачыць “Пагоню” Багдановіча. Мне падаецца, што падышла б і “Краіна мая дарагая” Алеся Бачылы. Можна было б пакласьці на музыку верш Янкі Лучыны “Сонца свабоды ўзыдзе над нашай нівай”. Таксама быў бы нядрэнны гімн. Але сёньня гэта, вядома, немагчыма”.

(Юначка: ) “Я вучаніца 11-й клясы. Кожны год друкуюцца школьныя дзёньнікі са словамі гэтага гімну. Але мала хто яго ведае як трэба. Проста, мне падаецца, сучасная моладзь ня вельмі гэтым цікавіцца”.

(Юнак: ) “Гэты гімн я не ўспрымаю як гімн нашай краіны. Але ўспрымаю яго як постмадэрновую зьяву. А Беларусь цяпер разьвіваецца па нейкім постмадэрновым модулі. І калі так да яго ставіцца, то гэта вельмі весела, цікава і сьцёбна. Але гэта ня гімн у клясычным разуменьні слова. Ува ўсіх краінах не адмыслова шукалі тэкст, а цалкам неяк натуральна выходзіла гэта. І мы яшчэ свайго гімну дачакаемся”.
XS
SM
MD
LG