Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23 верасьня 1872 году нарадзіўся Міхал Курака


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

23 верасьня 1872 году ў вёсцы Казельле на Краснапольшчыне нарадзіўся Міхал Курака, беларускі мэталюрг-самавук. У 1906 годзе за грамадзкую актыўнасьць Кураку саслалі ўглыб Расеі. Вось там на мэталюргічных прадпрыемствах і раскрыліся ягоныя таленты. Ён ня толькі рацыяналізаваў працэс вытворчасьці мэталу, але й стварыў сваю ўласную школу работнікаў на домнавых печах.

23 верасьня 1935 году памірае ў савецкай турме беларускі палітык Леанард Заяц. Родам ён быў з Даўгінава на Вялейшчыне. Здабыўшы адукацыю, уступіў у партыю беларускіх эсэраў, у 1918-м быў уведзены ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі як загадчык канцылярыі і дзяржаўны сакратар. Пасьля, у 1920-я гады, працаваў у БССР у Народным камісарыяце фінансаў. Аднак бальшавікі не даравалі яму незалежніцкае дзейнасьці.

23 верасьня 1941 году на фронце загінуў Ціхан Бумажкоў, якому ў пасёлку Акцябарскі (былой Рудабелцы) на Палесьсі стаіць помнік. Ціхан Бумажкоў нарадзіўся ажно ў Прыморскім краі ў Расеі. А ў 1939 годзе быў прысланы ў Рудабелку кіраваць мясцовым райкамам партыі. Калі пачалася вайна, стварыў там партызанскі аддзел і ў вёсцы Воземля разграміў штаб нямецкай дывізіі.

23 верасьня 1943 году фашысты зьнішчылі віленскае гета. Усяго за тры гады акупацыі ў Літве было забіта 200 тысяч габрэяў. Цяпер штогод 23 верасьня ў Літве адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду.
XS
SM
MD
LG