Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску маршрутныя таксоўкі працуюць, як звычайна


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Берасьці трэці дзень галадаюць некалькі ўладальнікаў маршрутак. Падатковая інспэкцыя выставіла ім патрабаваньне сплаціць рэспубліканскі збор за выкарыстаньне ўвезеных на тэрыторыю Беларусі аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах. Неабходнасьць сплаціць гэты збор памерам ад 20 да 50 мільёнаў рублёў тычыцца і тых машынаў, што трапілі ў Беларусь яшчэ да выхаду адпаведнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Ці існуе такая ж праблема ў менскіх уладальнікаў маршрутак?

“Да арганізацыяў, якія ў нас займаюцца маршрутнымі перавозкамі, прэтэнзіяў няма, а пра індывідуальных прадпрымальнікаў я ня ведаю ”, – заявіла Радыё Свабода супрацоўніца ўправы кантролю арганізацыяў менскай падатковай інспэкцыі. Наш карэспандэнт высьвятляў сытуацыю з уплатай рэспубліканскага збору на аўтамабілі маршрутных таксі ў Менску.

Паводле намесьніка начальніка ўправы гаспадаркі і інвэстыцыяў Менску Аляксандра Антоненка, сытуацыя з маршрутнымі таксоўкамі ў Менску адносна спакойная. “Пра канфлікты вакол рэспубліканскага збору нам невядома”, – сказаў Аляксандр Антоненка. Аднак гэты чыноўнік прызнаў, што пакуль з-за рэарганізацыі транспартнай гаспадаркі горада сытуацыя кантралюецца недастаткова.

Вонкава становішча на вуліцах горада сёньня сапраўды звычайнае, маршрутныя таксоўкі працуюць бесперапынна, але ці азначае гэта, што заўтра ў Менску не паўтарыцца берасьцейская сытуацыя?

У фірме “Міндоўг” ("Миндавг") і дзяржаўным прадпрыемстве “Мінсктранс”, найбуйнейшых гарадзкіх арганізацыях, якія займаюцца маршрутнымі перавозкамі пасажыраў, мне паведамілі, што ў іх канфліктаў зь дзяржаўнымі органамі адносна рэспубліканскага збору няма. Тое самае пацьвердзілі і ў менскай гарадзкой падатковай інспэкцыі адносна ўсіх арганізацыяў, ў якіх ёсьць маршруткі.

(Супрацоўніца: ) “Што тычыцца арганізацыяў, то як мы глядзелі, парушэньняў у іх няма, але што да індывідуальных прадпрымальнікаў, то я ня ведаю, паколькі не курырую гэтага”, – сказала супрацоўніца ўправы кантролю за арганізацыямі падатковай інспэкцыі Менска. Жанчына не назвала свайго прозьвішча. Пры гэтым чыноўніца заявіла, што пазыцыя падатковай інспэкцыі адносна ўплаты рэспубліканскага збору на аўтамабілі, якія выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах, што ў Менску, што ў Берасьці аднолькавая – трэба плаціць.

У аддзеле падатковай інспэкцыі, які кантралюе індывідуальных прадпрымальнікаў– уладальнікаў маршрутных таксовак, мне адмовіліся па тэлефоне патлумачыць становішча са спагнаньнем рэспубліканскага збору. Там запатрабавалі пісьмовай заяўкі на атрыманьне гэтых зьвестак. А вось супрацоўнік прэсавай службы Мытнага камітэту Ўладзімер Бехцяраў адразу патлумачыў, ў якім выпадку заднім чыслом могуць ўзьнікнуць прэтэнзіі да уладальнікаў маршрутак:

(Бехцяраў: ) "Калі мікрааўтобус выходзіць на маршрут зарабляць грошы, а быў ўвезены для асабістага карыстаньня, тады ён падпадае пад дзеяньне ўказу, і мытня яму выстаўляе прэтэнзіі, нават і заднім чыслом".

Прэсавы сакратар Мытнага камітэту Беларусі, аднак, не згадаў падобных выпадкаў у Менску.

Кіраўнік аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка сказаў, што яму невядома пра канфлікты адносна рэспубліканскага збору ў Менску, Гомелі, Віцебску ці іншых гарадох, акрамя Берасьця. Паводле Шумчанкі, канфлікт ў Берасьці можа мець адну з наступных прычынаў.

(Шумчанка: ) “Мяркую, альбо гэта ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў, якім няма адкуль браць грошы, альбо нядобрасумленныя канкурэнты гэтак зводзяць рахункі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG