Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэканструкцыя цэнтру Менску – ці прыслухаюцца ўлады да грамадзкасьці?


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў Саюзе архітэктараў Беларусі адбылося грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвай пляніроўкі забудовы гістарычнага цэнтру Менску, у якім узялі ўдзел вядомыя архітэктары, прадстаўнікі творчых саюзаў, грамадзкіх арганізацыяў, Менгарвыканкаму, Міністэрстваў архітэктуры і культуры й Адміністрацыі прэзыдэнта. На дыскусіі прысутнічала нашая карэспандэнтка.

Для абмеркаваньня быў прадстаўлены праект дэталёвай пляніроўкі гістарычнага цэнтру, распрацаваны спэцыялістамі інстытуту “Менскпраект”, які стаў пераможцам у конкурсе.

У адпаведнасьці з гэтым праектам сымбалем цэнтру сталіцы стане менскае замчышча. Гэтаксама прадугледжана разгрузка цэнтральнай часткі сталіцы ад транзытных транспартных патокаў за кошт стварэньня гэтак званага “першага транспартнага кола” і транспартнай разьвязкі ў раёне вуліц Багдановіча, Янкі Купалы і Старажоўскай. У адпаведнасьці з праектам многія менскія вуліцы стануць пешаходнымі, а шэраг аб''ектаў, якія не адпавядаюць статусу цэнтру (накшталт вайсковай камэндатуры па вуліцы сьвятых Кірыла й Мятода) будуць перанесеныя ў іншыя раёны.

Праблема парковак у цэнтры Менску будзе вырашацца наступным чынам. Гаворыць прадстаўніца інстытуту “Менскградо” Лідзія Зайцава:

(Зайцава: ) “Адбыўся інвэстыцыйны конкурс па рэалізацыі паркоўкі на 300 месцаў у раёне за кінатэатрам “Масква”. Сёньня разглядаюцца пытаньні аб разьмяшчэньні падземнай паркоўкі ў раёне музэя Вялікай Айчыннай вайны па вуліцы Інтэрнацыянальнай. У раёне Юбілейнай плошчы таксама плянуецца будаўніцтва паркоўкі на 300 месцаў. Пра паркінг на Нямізе Вы ўсё ведаеце, там 373 месцы”.

Старшыня экспэртнай рады пры Саюзе архітэктараў заслужаны архітэктар Вальмен Аладаў ў сваім заключэньні запатрабаваў увесьці маратор на ўсе праекты на тэрыторыі гістарычнага цэнтру гораду да таго часу, пакуль ня будзе зацьверджаны праект дэталёвай пляніроўкі гістарычнага цэнтру.

(Аладаў: ) “Загубілі мы палову Нямігі. Давайце ўсё ж зробім другую палову. Пакажам праект такому калектыву, вялікаму калектыву і знойдзем нейкія рашэньні. Ёсьць яшчэ аб''екты. Я не хачу гаварыць, вы ведаеце, якія гэта аб''екты, і я спадзяюся, што вы прыслухаецеся да нашага меркаваньня”.

Апошнія словы былі адрасаваныя Ўладзімеру Патупчыку, памочніку Аляксандра Лукашэнкі і галоўнаму інспэктару па Менску, які прысутнічаў на абмеркаваньні.

Найчасьцей удзельнікі абмеркаваньня ўздымалі пытаньне вакол заплянаванага будаўніцтва высокапавярховага адміністрыцыйна-гандлёвага цэнтру на праспэкце Пераможцаў на месцы былой кавярні “Рэчанька”.

Гаворыць заслужаны архітэктар Беларусі Яўген Заслаўскі:

(Заслаўскі: ) “З кампазыцыйнага пункту гледжаньня гэта нонсэнс. Побач дзьве “высоткі”. Гэта грубая горадабудаўнічая памылка”.

Сытуацыю камэнтуе гісторык архітэктуры, прадстаўнік Таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) “Гэтыя праекты павінны ўлічыць, што ўжо цяпер на гэтай тэрыторыі заплянавана і ўжо будуецца шмат новых аб''ектаў. І зьявіліся яны дзякуючы злачыннай дзейнасьці нашых чыноўнікаў, якія парушыўшы ўсё заканадаўства, ўзгаднілі гэтыя аб’екты, і разьмясьцілі іх на запаведных тэрыторыях.

На былым праспэкце Машэрава зьявілася новая “высотка”, якая па сваім мастацкім вобразе нагадвае альбо кітайскі тэрмас альбо сіласную вежу. Яна пасаджана на рэчышча Нямігі і амаль налазіць на тэрыторыю менскага замчышча. Гэтая тэрыторыя мае статус гісторыка-культурнай запаведнай тэрыторыі, якая была зацьверджаная яшчэ Саветам міністраў БССР. І тут нельга будаваць такія аб''екты”.

Апошняе грамадзкае абмеркаваньне праекту забудовы цэнтру Менску адбывалася амаль 20 гадоў таму – ў 1987 годзе.
XS
SM
MD
LG