Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў прыбыў на "хімію" (фота)


RFE/RL Андрэй Клімаў прыбыў у спэцкамэндатуру ў Крупках для адбыцьця пакараньня. Зь месца падзеяў перадае наша карэспандэнтка Любоў Лунёва.

(Лунёва: ) "Нарэшце мы прыехалі да будынку спэцкамэндатуры, які месьціцца на тэрыторыі былой вайсковай часткі, і тут побач навокл вялікі лес. Прыехалі са спазьненьнем, бо Андрэй Клімаў са сваімі паплечнікамі завіталі да мясцовых сяброў апазыцыі, у Крупках, якія пачаставалі яго гарбатай. Гэты візыт быў сапраўдны неабходным для Андрэя Клімава, бо гэтыя людзі стала працуюць у Крупках, і яны паабяцалі, што дапамогуць яму ўладкавацца на працу. Пошук працы – гэта цяпер самае неабходнае, што мае зрабіць Андрэй Клімаў.

Будынак спэцкамэндатуры выглядае досыць прыстойна і ахайна. Як нам паведамілі ў Менску, у Камітэце па выкананьні пакараньняў, менавіта гэтая спэцкамэндатура лічыцца "ўзорнай" у Менскай вобласьці".

(Клімаў: ) "Першае ўражаньне – сасновы лес, як у маім піянэрскім лягеры "Сонечнае кола", у які я езьдзіў зь першай па дзявятую клясу ў школе. Дышыцца лёгка. Такое ўражаньне, што няма ані дыктатуры, ані барацьбы апазыцыі з уладамі, што я ў ціхім швайцарскім прадмесьці, дзе людзі заняты выключна сабой, заняты працай, і заняты думкамі пра Бога і пра вечнае".

***

Нагадаем, суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў апазыцыйнага палітыка абмежаваньнем волі на паўтара года за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Суд улічыў, што Андрэя Клімава ў часе сьледзтва трымалі ў сьледчым ізалятары, таму на “хіміі” ён правядзе год і тры месяцы.

Андрэй Клімаў з 1998 па 2000 год быў пазбаўлены волі за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі й незалежныя экспэрты назвалі справу палітычнай расправай, бо апазыцыйны дэпутат Вярхоўнага Савету быў прыхільнікам адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Летась пракуратура распачала яшчэ адну крымінальную справу супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай для яе сталі публікацыі апазыцыйнага палітыка, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Першамайскі суд Менску спыніў крымінальную справу ў ліпені, пасьля вынясеньня прысуду за арганізацыю вулічнай апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG