Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл актывізуе барацьбу з гомасэксуалістамі


Кастусь Бандарук, Прага Рымска-каталіцкая царква распачынае кампанію самаачышчэньня пасьля шэрагу сэксуальных скандалаў, якія моцна падарвалі аўтарытэт царквы. Ватыкан паведаміў, што ў хуткім часе будуць апублікаваныя новыя правілы, у адпаведнасьці зь якімі ніводзін сэмінарыст з гомасэксуальнай арыентацыяй ня зможа стаць каталіцкім сьвятаром.

Падрыхтоўка новага дакумэнту пачалася некалькі гадоў таму, яшчэ пры Яну Паўлу ІІ, калі сталі вядомымі тысячы выпадкаў пэдафіліі сярод амэрыканскіх сьвятароў. Паводле адмысловай справаздачы, 81% зь ліку 11 тысяч пакрыўджаных дзяцей складалі хлопцы, таму царкоўныя ўлады вырашылі пачаць актыўнае змаганьне з гомасэксуалізмам сярод духавенства.

Яшчэ ў 1961 годзе Ватыкан забараніў высьвячаць гомасэксуалістаў на ксяндзоў, аднак гэтае правіла ніколі не выконвалася. Наступнік Яна Паўла II Бэнэдыкт XVI – больш бескампрамісны ў пытаньнях веры і маралі.

Паводле ватыканскіх крыніцаў, новая інструкцыя датычыць Рымска-каталіцкай царквы па ўсім сьвеце, аднак не ўсяго духавенства, а толькі новых кандыдатаў да сьвятарскага сану. Асаблівую ўвагу Ватыкан зьвяртае на Злучаныя Штаты. У хуткім часе распачнуцца кантрольныя візыты адмысловых камісіяў ў 229 амэрыканскіх духоўных сэмінарыяў. Групы ў складзе ад 4 да 9 чалавек з амэрыканскага эпіскапату і Кангрэгацыі ў справах адукацыі будуць праводзіць індывідуальныя размовы з сэмінарыстамі, выкладчыкамі і выпускнікамі сэмінарыяў за апошнія тры гады. Камісіі будуць ставіць націск на тое, як сэмінарыі рыхтуюць будучых сьвятароў да жыцьця ў цэлібаце і сэксуальным устрыманьні, ці рэагуюць на гомасэксульныя паводзіны, і ці з гэтай прычыны яны пазбываюцца выкладчыкаў і студэнтаў.

Супраць інспэкцыі сэмінарыяў выступілі праваабарончыя арганізацыі геяў. Гаворыць Джо Салманіз з арганізацыі "Кампанія абароны правоў чалавека":

(Салманіз: ) “Царква мае вялікую праблему з пэдафіліяй, але яны маюць намер пытацца ва ўсіх, ці яны – геі. Параўноўваньне геяў з пэдафіламі крыўднае і недапушчальнае”.

Некаторыя лібэральныя каталікі лічаць, што трэба адрозьніваць пасіўную і актыўную сэксуальнасьць. На іхную думку, чалавек можа мець гомасэксуальныя схільнасьці, але пры гэтым стрымліваць сябе. Царкоўныя лібэралы зьвяртаюць увагу на факт, што і бяз гэтага у царкве не хапае ксяндзоў.

Аднак прыхільнікі падобных інспэкцыяў бачаць у іх шанец выйсьця з двухсэнсоўнай сытуацыі ў каталіцкіх сэмінарыях. Паводле былога рэктара сэмінарыі, аўтара кнігі “Зьмена аблічча сьвятарства” Доналда Козэнса, на практыцы сьвятарства ператварылася ў “прафэсію геяў”.

Здаўна вядома, што цэлібат зьяўляецца дасканалым прыкрыцьцём для тых, хто не цікавіцца жанчынамі і ніколі не ажаніўся б. "Такую акцыю трэба было правесьці даўно", лічыць каталіцкі публіцыст Браян Сэнт-Пол. "Я спадзяюся, што гэта ня будзе паляваньне на ведзьмаў, але звычайнае выкананьне існуючых царкоўных інструкцыяў і правілаў. Дазволіць геям вучыцца альбо працаваць ў духоўнай сэмінарыі, гэта ўсё роўна, што пасяліць гетэрасэксуальнага мужчыны ў жаночым інтэрнаце. Ці гэта разумна?" піша Сэнт-Пол на старонках каталіцкага журналу “Крызіс”. Паводле іншага амэрыканскага кансэрватара Майка Салівана, гэта ўсё роўна, што дазволіць алькаголіку працаваць у бары.
XS
SM
MD
LG