Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З другой спробы прэм’ер-міністрам Украіны стаў Юры Еханураў


Юры Сьвірко, Кіеў За кандыдатуру спадара Еханурава, які два дні таму набраў усяго 221 голас, сёньня прагаласавала 289 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Напярэдадні адбылася шматгадзінная нарада прэзыдэнта Віктара Юшчанкі зь лідэрамі ўсіх фракцыяў, а таксама з былымі прэм’ерамі Віктарам Януковічам і Юліяй Цімашэнкай. Спадар Януковіч падпісаў з уладай адмысловы мэмарандум, які прыхільнікі спадарыні Цімашэнкі назвалі “канцом Майдану”.

Кандыдатуру Юрыя Еханурава падтрымалі 50 дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў, якую ачольвае спадар Януковіч, і нават 7 прадстаўнікоў Блёку Юліі Цімашэнкі. Адрозна ад гэтых дзьвюх партыяў, камуністы ды аб''яднаныя сацыял-дэмакраты зноў ня бралі ўдзелу ў галасаваньні. Але яны ўжо нічога не вырашалі – спадар Еханураў з другой спробы стаў кіраўніком украінскага ўраду.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў з гэтай нагоды:

(Юшчанка: ) “За апошнія некалькі тыдняў мы прайшлі ўнікальны ўрок – урок самаачышчэньня. Але самае цікавае, што мы ў балянсе пакінулі адно: дэмакратычны працэс ня мае альтэрнатывы. Ідэалы Майдану, пачынаючы з дэмакратыі й еднасьці, – гэта базавыя, фундамэнтальныя рэчы”.

Аднак прыхільнікі папярэдняга прэм''ер-міністра Юліі Цімашэнкі абвінавацілі прэзыдэнта Юшчанку ў здрадзе ідэалам Майдану, які выступіў супраць ягонага тагачаснага канкурэнта на выбарах Віктара Януковіча. Справа ў тым, што за гадзіну да галасаваньня спадары Еханураў, Януковіч і Юшчанка падпісалі палітычны мэмарандум, які дазволіў аднапартыйцам Віктара Януковіча прагаласаваць за Юрыя Еханурава.

У мэмарандуме 10 пунктаў, першыя зь якіх гарантуюць ажыцьцяўленьне палітычнай рэформы, недапушчэньне палітычных рэпрэсіяў і ўнясеньне законапраекту аб амністыі асуджаных за фальшаваньне выбараў і выбарчых бюлетэняў. Паводле Віктара Януковіча, бакі дамовіліся й пра аднаўленьне на працы 20 тысячаў незаконна звольненых адмыслоўцаў, хаця ў тэксьце гэтага няма. Спадар Януковіч заявіў, што невыкананьне хаця б аднога пункту мэмарандуму будзе “стратай будучыні”, ды паабяцаў пільна сачыць за іх выкананьнем – “дзеля вяртаньня спакою ў грамадзтва, дзеля вяртаньня справядлівасьці й законнасьці”.

Пасьля таго, як ён атрымаў згоду Вярхоўнай Рады на прызначэньне прэм''ер-міністрам, Юры Еханураў паабяцаў абнародаваць склад свайго ўраду на наступным тыдні ў Днепрапятроўску, дзе ён дагэтуль працаваў губэрнатарам, і сказаў:

(Еханураў: ) “У нас няма часу на раскачку. Ва ўрадзе будзе як мінімум траціна людзей, якія ня маюць дачыненьня да палітыкі. Гэта будуць людзі, якія ідуць для таго, каб прагматычна вырашыць тыя праблемы, што стаяць сёньня перад нашай дзяржавай”.

Сябра фракцыі Блёку Юліі Цімашэнкі Андрэй Шкіль заявіў, што ўрад Юрыя Еханурава мае тыя самыя пэрспэктывы, што і ўрад Віктара Януковіча, бо кандыдатуры абодвух праціснулі праз парлямэнт аднолькавым спосабам.

Сёньня ж Віктар Юшчанка звольніў з пасады свайго прадстаўніка ў Вярхоўнай Радзе Сяргея Собалева, які два дні таму прагаласаваў супраць зацьвярджэньня Юрыя Еханурава й заявіў: “Мая пазыцыя такая, што ў гэтым крызысе трэба было дамаўляцца з тымі, хто быў побач на Майдане, а ня з тымі, хто страляў нам у сьпіну”.

Гэтую ж думку падзяляе былы віцэ-прэм''ер ва ўрадзе Юліі Цімашэнкі Мікола Таменка, які сказаў: “У камандзе Віктара Юшчанкі адбылася палітычная ратацыя, у выніку якой месца Юліі Цімашэнкі занялі Леанід Кучма й Віктар Януковіч”. Спадар Таменка заклікаў уладу адмовіцца ад згадак пра Майдан і выказаў меркаваньне, што апрача падпісаньня мэмарандуму ўлада дала гарантыю закрыцьця ўсіх справаў супраць спадара Кучмы ды аднаўленьня іх супраць спадарыні Цімашэнкі.
XS
SM
MD
LG