Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз расчараваны вынікамі выбараў у Нямеччыне?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Эўрапейскі Зьвяз першым адчуў магчымы ўплыў вынікаў выбараў, што адбыліся ў нядзелю ў Нямеччыне. Ускладненьне ўнутрыпалітычнай сытуацыі будзе замінаць Бэрліну ў прыняцьці рашэньняў на эўрапейскай сцэне, дзе насьпеў час шырокіх рэформаў.

Чаканага трыюмфу лідэра нямецкіх кансэрватараў Ангелы Мэркель не адбылося. Хрысьціянскія дэмакраты ўсяго толькі зь невялікай перавагай перамаглі левацэнтрысцкую фракцыю на чале з Герхардам Шрэдэрам. Вынікам – размыты палітычны пэйзаж, ва ўмовах якога наўрад ці магчыма будзе сфармаваць моцны ўрад.

Ня толькі Мэркель з калегамі засмучаныя гэтым. Не збыліся спадзяваньні Брусэлю, дзе старшыня Эўракамісіі Хасэ Мануэль Бароза спадзяваўся атрымаць падтрымку сваім плянам лібэралізацыі ад самай буйной эўрапейскай дзяржавы. Таксама ў Лёндане брытанскі прэм''ер-міністар Тоні Блэр зьвязваў інтарэсы з Ангелай Мэркель дзеля рэфармаваньня Эўразьвязу паводле той мадэлі свабоднага рынку, якую ён стварыў у сваёй краіне. Тыя ж тры месяцы, якія Вялікая Брытанія старшынюе ў Эўразьвязе, як лічаць аналітыкі, вызначыліся глыбокай маўклівасьцю Лёндану і бязьдзейнасьцю Брусэлю. Эўразьвяз плыве па цячэньні. Спачатку Францыя і Нідэрлянды адхілілі эўрапейскую канстытуцыю. Затым лідэры краінаў Эўразьвязу не змаглі дамовіцца пра бюджэт. Цяпер вось брытанскае старшынства выявілася нясьмелым і апатычным.

Нерашучыя нямецкія выбары толькі пагоршылі сытуацыю. Марка Інсэрці, аналітык з Цэнтру дасьледаваньня эўрапейскай палітыкі ў Брусэлі лічыць, што адносная параза Ангелы Мэркель зблытала прагнозы пра тое, што ў Эўразьвязе паўстане яркае сузор''е лідэраў, якія выступаюць за свабодны рынак, – Тоні Блэр, Ангела Мэркель і амбітны францускі кандыдат на прэзыдэнта, міністар унутраных спраў Ніколя Сарказі.

(Інсэрці: ) “Палітолягі, стала зразумелым, ня мелі рацыі ня толькі ў Нямеччыне, але таксама і ў Францыі. У чэрвені і ліпені кожны казаў пра Мэркель і Сарказі як пра новы дынамічны дуэт на эўрапейскай сцэне. Людзі размаўлялі зь імі так, як нібыта яны ўжо былі пры ўладзе. Чакалася таксама, што іхны прыход да ўлады будзе азначаць і ўзмацненьне новай франка-нямецкай восі, у якую уключаць Вялікую Брытанію і ўвогуле ўсе большыя дзяржавы Эўразьвязу.”

Францыя і Нямеччына маюць шмат выбаршчыкаў, якія знаходзяцца ў апазыцыі да рэформаў глябалізацыі. Яны лічаць іх пагрозаю сваёй бясьпецы і ўзроўню жыцьця. Рашэньне Шрэдэра застацца ва ўладзе ў Бэрліне таксама азначае, што сур''ёзныя раны, выкліканыя спрэчкай пра вайну ў Іраку, яшчэ маглі не загаіцца ў Эўропе. Герхард Шрэдэр і францускі прэзыдэнт Жак Шырак выступалі супраць інтэрвэнцыі ў Ірак, а значыць, і супраць праамэрыканскай палітыкі Тоні Блэра ў гэтым пытаньні. Мэркель бліжэй да Вашынгтону, і калі яна даможацца фармаваньня новага ўраду, тады можна будзе чакаць паляпшэньня амэрыканска-нямецкіх дачыненьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG