Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ выяўляюць літоўцаў і палякаў?


Іна Студзінская, Менск Cтарастаў студэнцкіх груп Белдзяржунівэрсытэту абавязалі падаць у дэканаты сьпісы студэнтаў, якія ідэнтыфікуюць сябе як літоўцы альбо палякі. Першай пра гэта паведаміла “БДГ. Деловая газэта”. Як вядома, з 1994 году, калі зьявіўся першы беларускі нацыянальны пашпарт з “Пагоняй” — у ім была адмененая графа “нацыянальнасьць”. Няма такой графы і ў беларускім цяперашнім пашпарце (узору 1996 году). Ці не азначае гэта да вяртаньня падзелу людзей па нацыянальнай прыкмеце?

Паводле інфармацыі “БДГ. Деловая газета”, у дэканаты факультэтаў з Упраўленьня кадраў Белдзяржунівэрсытэту былі накіраваныя лісты з просьбай сабраць зьвесткі пра літоўцаў і палякаў. Вуснае тлумачэньне кадравікоў — гэта патрабуецца быццам бы для статыстыкі. Распавядае студэнт факультэту журналістыкі БДУ Франак Вячорка:

(Вячорка: ) “Я гэта чуў. Але, шчыра кажучы, гэта інфармацыя ў такой форме, як заяўлялася, не пацьвердзілася. Таму нельга казаць, што яны патрабуюць. У некаторых унівэрсытэтах, факультэтах хадзілі выкладнікі і якія дапытваліся, прасілі падняць рукі, ці ёсьць замежнікі, а таксама запісацца, хто ня лічыць сябе беларусамі. І яшчэ быў выпадак, калі старастам сказалі проста скласьці сьпіс. Але гэта было толькі на філялягічным факультэце. На факультэце журналістыкі заўтра будзе сход старастаў першага курсу. Іх зьбіраюць па нейкім важным пытаньні. Вось цікава, па якім… Трэба яшчэ крышку пачакаць, бо гэта такая вельмі-вельмі сьвежая інфармацыя”.

Старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Алена Талапіла пра такую ініцыятыву кадравікоў БДУ ня чула:

(Талапіла: ) “З тых студэнтаў БДУ, якія ёсьць у Задзіночаньні беларускіх студэнтаў, якіх я ведаю, пра гэта ніхто ня чуў. На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі такога дакладна не было, ніякіх нават размоваў”.

Начальнік кадравага Ўпраўленьня БДУ Алег Клімковіч пракамэнтаваць сытуацыю адмовіўся:

(Клімковіч: ) “Я не даю ніякіх камэнтароў. Чаго вы яшчэ хочаце ад мяне?”

(Карэспандэнтка: ) “А да вас можна падысьці?”

(Клімковіч: ) “Сёньня ў мяне няма часу”.

(Карэспандэнтка: ) “А заўтра?”

(Клімковіч: ) “Гэта справа ваша”.

У інтэрвію “БДГ. Деловая газета” Алег Клімковіч паведаміў: штогод зьбіраюцца зьвесткі пра замежнікаў сярод студэнтаў і выкладчыкаў — маўляў, кадравае ўпраўленьне “павінна ведаць пра кантынгент. І гэтыя зьвесткі для ўнутранага карыстаньня і нікуды далей не ідуць”.

Адметна, што зьяўленьне такога ліста па часе супала з абвастрэньнем стасункаў Беларусі зь Літвой і Польшчай.

Што да ўліку грамадзянаў па нацыянальнай прыкмеце, для статыстыкі такі ўлік вядзецца. Пры рэгістрацыі нараджэньня дзіцяці ў пасьведчаньне запісваецца нацыянальнасьць бацькоў. І як паведаміла загадчыца Першамайскага ЗАГС Менску Станіслава Макарэвіч, бываюць выпадкі, калі грамадзяне самі зьвяртаюцца ў ЗАГС з просьбай пазначыць у пашпарце нацыянальнасьць. Але робіцца гэта толькі з ініцыятывы саміх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG