Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік сустрэчы з амонаўцамі – “траўма чэрапа з страсеньнем мозгу”


Алег Грузьдзіловіч, Менск 22 верасьня выйшаў са шпіталю актывіст “Зубра” Мікіта Сасім, якога тыдзень таму зьбілі амонаўцы падчас акцыі напаміну пра зьніклых палітыкаў. Мікіта Сасім будзе падаваць у суд на амонаўцаў. Тым часам у міліцыі кажуць, што праверка інцыдэнту зь Мікітам Сасімам яшчэ не завершаная.

Актывіст “Зубра” Мікіта Сасім лячыўся ў 9-й менскай клініцы, дзе яму паставілі дыягназ “траўма чэрапа з страсеньнем мозгу”, а таксама зафіксавалі ўдары па паясьніцы. Хлопца зьбілі 16 верасьня на Кастрычніцкай плошчы Менску падчас разгону акцыі памяці, прымеркаванай да шостай гадавіны зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Мікіта Сасім кажа, што адчувае сябе лепей, але яшчэ ўчора яму балела галава.

Сустрэць хлопца і правесьці яго дамоў прыйшлі аднадумцы з руху “Зубр”. Мікіта Сасім заяўляе, што будзе дамагацца пакараньня праз суд амонаўцаў, якія яго зьбілі, паколькі лічыць, што сілу супраць яго ўжылі незаконна. Прозьвішчаў гэтых міліцыянтаў актывіст “Зубра” ня ведае, але кажа, што пры жаданьні гэта можна высьветліць, паколькі яны ёсьць на відэаздымках.

(Сасім: ) “Калі раптам удасца пакараць гэтых супрацоўнікаў АМОНу, гэта будзе прыкладам для ўсіх астатніх. Магчыма, потым такія дзеяньні будуць, прынамсі, радзей здарацца. Хаця асабіста я сумняваюся, што яны зьнікнуць наагул. А калі ня ўдасца прыцягнуць іх да судовай адказнасьці, то хоць на службе на іх націснуць. Але, магчыма, наадварот — узнагародзяць”.

Мікіта Сасім зьбіраецца заўтра падаць скаргу ў пракуратуру, а потым зьвярнуцца ў суд.

Вядома, што разбіраньне вакол зьбіцьця актывіста “Зубра” вядзе міліцыя Цэнтральнага раёну Менску. Аднак пра вынікі гэтага разбору там ня кажуць.

Прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў Генадзь Клепча запэўніў, што ўсе скаргі грамадзянаў на дзеяньні міліцыі правяраюцца, і гэтак жа будзе правераная скарга Мікіты Сасіма. “Гэтага патрабуе і загад міністра Ўладзімера Навумава аб ветлівым абыходжаньні з грамадзянамі”, — нагадаў Генадзь Клепча. Пры гэтым прэсавы сакратар лічыць, што трэба адрозьніваць паводзіны міліцыянтаў у розных сытуацыях.

(Клепча: ) “Ня трэба блытаць ветлівае, уважлівае стаўленьне да грамадзянаў зь няздольнасьцю міліцыянта рашуча і сьмела спыняць тыя ці іншыя дзеяньні”.

Ужываньне сілы супраць мірных удзельнікаў акцыяў напаміну пра зьніклых здаралася і раней. Гэтак, 7 ліпеня на той жа Кастрычніцкай плошчы ў Менску была зьбітая жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага Сьвятлана. Амонавец ударыў яе па твары, калі жанчына стаяла на плошчы з партрэтам свайго мужа. Пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай у завядзеньні крымінальнай справы.
XS
SM
MD
LG