Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць жыхары сталіцы пра “дазвольны” штамп у пашпарце?


Галіна Абакунчык, Менск Тры гады таму Канстутыцыйны суд Беларусі пастанавіў, што ўрад павінен да 31 сьнежня 2005 году адмяніць абавязковы штамп дазволу на выезд за мяжу ў пашпартах беларускіх грамадзянаў. Урад гэтага распараджэньня ня выканаў і запатрабаваў ад суду прадоўжыць паўнамоцнасьць “дазвольнага” штампу. Празь некалькі дзён Канстытуцыйны суд павінен вынесьці новае рашэньне ў гэтай справе. Як вы ставіцеся да таго, што ўрад не выконвае распараджэньня Канстытуцыйнага суду і настойвае на захаваньні штампу ў пашпарце? — пыталася на вуліцах Менску наша карэспандэнтка.

(Юнак:) “Я лічу, што ўрад мусіць выконваць распараджэньне Канстутыцыйнага суду. Бо гэта вышэйшы орган судовай улады”.

(Спадарыня: ) “Мая думка такая, што калі абяцалі, то патрэбна й выконваць свае абяцаньні. Думаю, што гэта пытаньне павінна быць вырашана, і штамп павінны быць адменены”.

(Спадар: ) “Мы жывем у пэўнай краіне, тут свае законы. Калі яны не падабаюцца і калі чалавек можа, то ён павінен адсюль зьехаць і жыць паводле іншых законаў. Нечага зьмяніць тут я ня бачу магчымасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што ўрад не выконвае распараджэньня Канстытуцыйнага суду, які распарадзіўся адмяніць “дазвольны” штамп на выезд?”

(Юнак: ) “Для кішэні гэта, канечне, вялікі мінус, але калі патрэбна, дык што ж зробіш?”

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта пустая справа: што ёсьць штамп, што няма. Хто захоча — выедзе, хто ня мае грошай — усё роўна ня выедзе. А рашэньне Канстытуцыйнага суду калі ёсьць, то так ці інакш, але яго патрэбна будзе выканаць”.

(Спадарыня: ) “Гэта вельмі дрэнна, бо калі Канстытуцыйны суд ёсьць вышэйшай інстанцыяй, то ніжэйшая інстанцыя павінна выконваць ягоныя распараджэньні. Канечне ж, лепш, каб не было гэтага штампу, бо гэта марная трата часу і грошай”.

(Спадар: ) “Я быў усюды, бо я лётчык і лятаў па ўсім сьвеце. І такіх штампаў ня бачыў нідзе, ні ўводнага грамадзяніна нейкай іншай краіны. Такіх штампаў не павінна быць, але калі ўрад нічога для гэтага ня робіць, то ня ведаю — рэфэрэндум трэба праводзіць, дый усё”.

(Юначка: ) “Я ведаю, што іншыя краны сьвету зусім не патрабуюць ад нас гэтага штампу. Гэта наш урад кантралюе наш выезд. Калі мы жывём у свабоднай і дэмакратычнай краіне, калі ў нас Канстытуцыя ёсьць, мы маем права перамяшчацца па сьвеце так, як мы таго жадаем. Таму я лічу, што гэты штамп неабходна адмяніць. Але тое, што ўрад не адмяняе, я думаю, што гэта якраз і ёсьць парушэньнем нашай Канстытуцыі”.
XS
SM
MD
LG