Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску ўспрымаюць галадоўку берасьцейскіх уладальнікаў таксовак?


Алесь Дашчынскі, Менск Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць дзеяньняў падатковай інспэкцыі, якая прымушае плаціць “заднім чыслом” рэспубліканскі збор за выкарыстаньне ўвезеных у Беларусь аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах.

Гэты рэспубліканскі збор уведзены прэзыдэнцкім указам №140 у сакавіку 2004 году. Аднак падатковыя органы прымушаюць плаціць яго нават за тыя аўтамабілі, якія былі ўвезеныя на тэрыторыю краіны задоўга да выхаду ўказу. У Міністэрстве падаткаў і збораў паведамілі, што такая практыка прымяненьня ўказу распаўсюджана па ўсёй Беларусі, а ня толькі для берасьцейскіх аўтамабілістаў. Прадстаўніца міністэрства, якая не пажадала, каб называлася яе імя, тлумачыць:

(Спэцыяліст: ) “Указ ня ўтрымлівае ніякіх агаворак наконт часу альбо даты ўвозу аўтамабіля. Ён прадугледжвае ўмовы, пры наступленьні якіх плацельшчык, юрыдычная альбо фізычная асоба абавязаны плаціць гэты збор”.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў лічыць, што тут ёсьць праблема, якая датычная найперш беларускай мытні.

(Фадзееў: ) “Гэта ад іх узьнікаюць перш за ўсё такія праблемы. У нас, увогуле, існуе норма ў заканадаўстве, што тыя нормы, якія не паляпшаюць, а, наадварот, ствараюць перашкоды ў дзейнасьці, то яны ня маюць зваротнай сілы. Тут якраз той выпадак. Таму ёсьць праблема, на мой погляд. Нейкая праблема трактоўкі, там у кожным канкрэтным выпадку яны разглядаюць вось гэтыя тэрміны, дзесьці яны супадаюць, дзесьці не супадаюць. Але на самай справе цывілізаваная норма, што яны не павінны мець зваротнай сілы, калі яны пагаршаюць іх становішча”.

Якім жа чынам у такім выпадку галадоўнікам абараняць свае правы? Пытаньне да Валер’я Фадзеева:

(Фадзееў: ) “Цывілізаваны ёсьць шлях: калі прынята такое рашэньне, абскардзіць у адміністрацыйным парадку, а потым зьвяртацца ў суд. Канчатковую кропку павінен ставіць суд”.

Аднак не ўпершыню даводзіцца сустракацца з фактам, калі нейкі закон у Беларусі пачынае, што называецца дзейнічаць “заднім чыслом”. Як да гэтага ставіцца?

(Фадзееў: ) “Я не сказаў бы, што гэта пагалоўная практыка. У дадзеным выпадку гэта хутчэй пытаньне правапрымяненьня, але не самога нарматыўнага акту. Гэта тое, як яго трактуюць тыя, хто ім карыстаецца. Гэта, хутчэй за ўсё, ад гэтага залежыць. Таму што, як правіла, нарматыўным актам зваротная сіла не надаецца, асабліва, калі яны пагаршаюць становішча. Хаця бывалі выпадкі якраз процілеглыя. Але тут больш залежыць ад правапрымяненьня, чым ад самога нарматыўнага акту, ад таго, як разумеюць чыноўнікі, як яны яго трактуюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG