Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіту Сасіма, зьбітага АМОНам 16 верасьня, выпісваюць з бальніцы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня з 9-й менскай клінікі выпісваецца актывіст руху “Зубр” Мікіта Сасім. На мінулым тыдні ён трапіў у бальніцу з траўмаю галавы – пасьля зьбіцьця супрацоўнікамі АМОНу ў часе “Ланцуга неабыякавых людзей” – акцыі ў 6-ую гадавіну з дня зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага. Напярэдадні зь Мікітам Сасімам зьвязваўся наш карэспандэнт.

Дактары не рэкамэндуюць Мікіту Сасіму працяглыя размовы – у яго дагэтуль баліць галава. Усё ж юнак пагадзіўся коратка расказаць, што зь ім здарылася 16 верасьня на Кастрычніцкай плошчы, калі ён знаходзіўся сярод людзей з партрэтамі зьніклых палітыкаў.

(Сасім: ) “Мне нанесьлі траўму супрацоўнікі АМОНу, выцялі некалькі разоў па галаве, калі спрабавалі адабраць кашулю, якую я прывязаў да дрэўка, як сьцяг. А пасьля, калі вялі ў аддзяленьне міліцыі, некаторыя зь іх білі мяне яшчэ й па нырках”.

У Мікіты Сасіма дактары зафіксавалі траўму галавы са страсеньнем мозгу. Яму былі прапісаныя лекі, бальнічны рэжым і спакой. Не рэкамэндавана нават глядзець тэлевізар і чытаць. Пасьля пяці дзён такога ўстрыманьня ад актыўнага жыцьця Мікіта адчуў сябе лепей: яго сабраліся выпісваць.

(Сасім: ) “Спадзяюся. Прынамсі, сёньня прыходзіў доктар і сказаў, што калі заўтра ўсё будзе добра, то выпіша”.

Мікіта падзяліўся ўражаньнямі ад умоваў у 9-й менскай клініцы, дзе ён лечыцца. Юнак захапляецца самаадданасьцю дактароў. Тыя працуюць за невялікую плату, карыстаюцца састарэлымі прыладамі і недасканалым абсталяваньнем, але справу сваю робяць добра. Крытыкаваў Мікіта Сасім у нашай размове бытавыя умовы: дрэнна зачыняюцца вокны ў палаце, цячэ сантэхніка. Затое не наракаў на харчаваньне – смачна і ўсяго хапае. Да таго ж пачастункі Мікіту прыносілі сваякі і сябры з “Зубра”.

Напрыканцы я задаў Мікіту Сасіму пытаньне як пацярпеламу. Ці зьбіраецца ён дамагацца пакараньня тых амонаўцаў, якія яго зьбівалі?

(Сасім: ) “Да мяне на другі дзень прыйшоў лейтэнант з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, узяў у мяне тлумачэньні, я напісаў заяву на імя кіраўніка райаддзелу. А калі выйду, буду пісаць скаргу ў пракуратуру і, напэўна, падаваць у суд. Прозьвішчаў тых, хто мяне зьбіваў, я ня ведаю, але ёсьць іх відэаздымкі. Нават калі афіцыйна гэтых амонаўцаў не пакараюць, усё ж, спадзяюся, на службе на іх нейкім чынам націснуць”.

Ранейшы “Ланцуг неабыякавых людзей”, які праходзіў на той самай Кастрычніцкай плошчы ў Менску 7 ліпеня, скончыўся зьбіцьцём Сьвятланы Завадзкай, жонкі зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Пазьней пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай ў завядзеньні крымінальнай справы ў адносінах да амонаўца, які выцяў яе ў твар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG