Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Законапраект прадугледжвае дэкляраваньне чыноўнікамі сваіх прыбыткаў


Алесь Дашчынскі, Менск Камісія Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі ўхваліла ўнесены ад імя прэзыдэнта Беларусі законапраект, які абавязвае чыноўнікаў штогод падаваць дэклярацыю аб прыбытках і маёмасьці. Законапраект будзе вынесены на разгляд восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Ці можа дапамагчы такі крок уладаў утаймаваць карупцыю ў дзяржаўных органах?

Паводле паправак да некаторых законаў, плянуецца абавязковая справаздачнасьць чыноўнікаў, у тым ліку найвышэйшых службовых асобаў. Згодна з законапраектам, чыноўнікам трэба будзе штогод да 1 сакавіка падаваць зьвесткі пра сваю маёмасьць і прыбыткі. Апрача таго, такія самыя дэклярацыі павінны будуць падаваць і блізкія сваякі чыноўнікаў – бацькі, дзеці, браты і сёстры, бабулі і дзядулі і нават унукі.

Намесьнік старшыні дэпутацкай камісіі у пытаньнях бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі Васіль Хрол:

(Хрол: ) “Гэты законапраект нейкіх эканамічных дабротаў краіне ня дасьць. Прыбытковая частка бюджэту ня будзе павялічаная. І навошта ён распрацаваны і ўнесены ў парлямэнт, калі няма эканамічнага сэнсу, я не разумею”.

Паводле аўтараў законапраекту, ён накіраваны на паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату. Ёсьць жа рэйтынг краінаў паводле ступені карупцыі. Чым меней карупцыі, тым больш інвэстыцыяў. Пакуль інвэстыцыяў у беларускай эканоміцы вельмі мала. Гэта ўсім вядома. І пры тым афіцыйна лічыцца, што праблема карумпаванасьці ў Беларусі не такая вострая, як скажам, у Расеі ці Ўкраіне. Над гэтым нібыта парадоксам разважае Васіль Хрол:

(Хрол: ) “Часта пры заробку 500 даляраў на месяц дзяржаўныя службоўцы купляюць нерухомасьць, дарагія аўтамабілі, дарагія карціны і ўпрыгожаньні альбо, як адзначыў намесьнік міністра ў падатках і зборах, робяць рамонт сваёй кватэры коштам 150 тысяч даляраў і вышэйшым. Як правіла, усё гэта афармляецца на блізкіх сваякоў”.

На першы погляд, унесеныя прапановы слушныя. Аднак чыноўнікі павінны несьці свае справаздачы аб прыбытках і маёмасьці не ў падатковую інспэкцыю, а сваім беспасярэднім начальнікам.

Той, хто прызначаецца Аляксандрам Лукашэнкам, будзе падаваць яму свае справаздачы праз кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Правяраць іх належыць дзяржсакратарыяту Савету бясьпекі. Невядома толькі, каму панясе сваю дэклярацыю сам кіраўнік краіны. А ніжэйшыя рангам чыноўнікі будуць адпаведна падаваць дэклярацыі сваім начальнікам.

Як да гэтага ставіцца дэпутат Васіль Хрол?

(Хрол: ) “Тут узьнікае вельмі далікатнае пытаньне. У законе аб дэкляраваньні прыбыткаў і маёмасьці прадугледжана адказнасьць падатковых органаў за разгалошваньне таямніцы, якая ёсьць у дэклярацыі фізычнай асобы. А ў гэтым законапраекце такой адказнасьці няма. І аўтары дакумэнту пагадзіліся, што пасьля прыняцьця ў першым чытаньні гэтую адказнасьць неабходна ўвесьці для службовых асобаў, якім паступяць такія зьвесткі пра іх супрацоўнікаў”.

Старшыня дэпутацкай камісіі ў пытаньнях бюджэту Сяргей Кісялёў не пагаджаецца, што ў выніку фактычна можа ўзьнікнуць нейкая паралельная фіскальная структура.

(Кісялёў: ) “Сёньня таксама такое ж ёсьць. Калі ўладкоўваесься працаваць, трэба там, дзе ўладкоўваесься, падаць дэклярацыю. Усё гэта ўжо дзейнічае, але толькі пры прыманьні на працу. Што, тут нейкая паралельная структура ўтварылася? А цяпер чыноўнік будзе прад’яўляць дэклярацыю штогод”.

Аднак ці дапамогуць паменшыць карупцыю прапанаваныя навацыі?

Як будуць паводзіць сябе начальнікі, якія атрымаюць інфармацыю пра сваіх падначаленых, пакажа практыка.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч адзначае, што прапанаваная сыстэма дазволіць людзей “браць на кручок”, асабліва непажаданых. З другога боку, паводле спадара Парфяновіча, грамадзкасьць, магчыма, даведаецца, за якія грошы чыноўнікі набудавалі сабе катэджаў ва ўрадавым комплексе “Дразды”. А які вынік будзе ў барацьбе з карупцыяй?

(Парфяновіч: ) “Як бралі, так і браць будуць, як хавалі, так і хаваць будуць. Гэта не памяняе сытуацыі. Усё павінна быць празрыста, тады будзе й барацьба з карупцыяй. Рыба гніе з галавы, вось і ўсё. Гэта сыры і гнілы законапраект. Ёсьць органы, якія мусяць кантраляваць сытуацыю. Няхай падаюць у падатковую. Гэта зусім па-іншаму будзе”.

Меркаваньне эканамічнага аглядальніка газэты “Белорусы и рынок” Сяргея Балыкіна:

(Балыкін: ) “Існуе шмат спосабаў, як чыноўнік можа аформіць сваю маёмасьць на нейкія іншыя асобы, юрыдычныя або фізычныя. Можна без усялякіх праблем зарэгістраваць карпарацыю недзе на нейкіх афшорных астравах, на Багамах, у Панаме. Шмат ёсьць такіх варыянтаў, калі можна зарэгістраваць кампанію, зрабіць сумеснае прадпрыемства ці замежнае прадпрыемства на тэрыторыі Беларусі і тут весьці нейкі бізнэс. З карупцыяй варта змагацца ў першую чаргу абмежаваньнем паўнамоцтваў чыноўнікаў. У нашай краіне чыноўнікам дадзеныя надзвычайныя паўнамоцтвы, асабліва ў сфэры рэгуляваньня эканамічнай дзейнасьці. З гэтай прычыны карупцыя й квітнее ў нашай краіне”.
XS
SM
MD
LG