Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураджай бульбы сёлета на 30 працэнтаў ніжэйшы за леташні


Вячаслаў Кулік, Менск Сёлетні ўраджай збожжа ў Беларусі аказаўся на паўмільёна тонаў меншы, чым плянавалася. Экспэрты таксама прагназуюць значны недабор бульбы.

Адзін клубень добрай насеннай бульбы забірае цяпер у пакупніка ў сярэднім 180 рублёў. Кіляграм каштуе як мінімум 900 рублёў. Пра гэта нашаму радыё паведаміла прадавец крамы ў пасёлку Самахвалавічы пад Менскам. Гандаль належыць Інстытуту бульбаводзтва Нацыянальнай акадэміі навук.

(Прадавец: ) “Занадта вялікая для вёскі цана. Там не прызвычаіліся купляць насенную бульбу па дарагой цане. Таму й атрымліваюць такія маленькія ўраджаі. Садзяць тое, што трапляе пад рукі”.

Паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі, сёлета ўраджайнасьць бульбяных палёў у Беларусі амаль на 30 працэнтаў ніжэйшая, чым у мінулым годзе. Вясною высаджвалі на гектары 35 – 40 цэнтнэраў насеньня, увосень зьбіраюць 156. Гэта сярэдняя лічба. А калі, напрыклад, у Вялейскім раёне на Меншчыне адкідаюць гнілую і хворую бульбу ды адмінусоўваюць меркаваныя адкіды пасьля захоўваньня, то, як кажа галоўны аграном райсельгасхарчу Вячаслаў Когаль, на продаж не застаецца нават малая колькасьць.

(Когаль: ) “Ураджайнасьць сёлета толькі 117,8 цэнтнэра з гектара. Ну а ёсьць гаспадаркі, дзе атрымліваюць менш як 100 цэнтнэраў. Нізкія глебы плюс жнівень месяц. Бульба загінула”.

Падлічана, што доля калгасаў у вырошчваньні бульбы сёлета – 10 працэнтаў. Асноўныя пастаўкі на ўнутраны рынак забясьпечвае прыватны сэктар. Аднак спадзявацца сялянам на грашовыя прыбыткі не выпадае. Як паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода спэцыяліст Менскага аблспажыўсаюзу Мікалай Кастыленка, дзяржава сёлета абмежавала закупную цану на бульбу ад насельніцтва.

(Кастыленка: ) “Па 240 рублёў за кілю ў насельніцтва закупляецца. Усё, мы ня можам больш, ня можам скакаць вышэй за галаву”.

Па словах спадара Кастыленкі, Менскі аблвыканкам катэгарычна забараніў насельніцтву прадаваць бульбу камэрцыйным структурам. Для дзяржаўна- калгаснага гандлю ў Менску ў 35 месцах наладжваюцца восеньскія кірмашы. Там бульба каштуе па 350 рублёў за кілю, і гэта прапагандуецца як дабрачыннасьць для мянчанаў. Але ня цяжка падлічыць, што пасярэднік мае на кожнай кілі 110 рублёў навару. На тоне – 110 тысяч рублёў, а на прададзеных у Менску штодня 400 тонах чысты прыбытак дасягае 11 мільёнаў рублёў.

Урэшце, як паказала апытаньне людзей у Менску, гэтыя маніпуляцыі з цэнамі прымушаюць спадзявацца ці на тоўсты кашалёк, ці на дапамогу вясковых сваякоў.

(Спадар: ) “Чаму зручна? Таму што з дастаўкай аніякіх праблем”.

(Спадарыня: ) “Калі ў некага ёсьць магчымасьць набываць і недзе захоўваць, то калі ласка. У мяне такой магчымасьці няма. На бальконе – холадна. А дзе яшчэ?”

(Спадарыня: ) “Былі такія гады, што мы набывалі бульбу ў Менску. Але я сама зь вёскі. У нашай вёсцы бульбу набываюць вёдрамі. Яно каштуе дзьве тысячы. І таму калі ў мяшку 5 вёдзер бульбы, то мяшок яе будзе каштаваць блізу 10 тысяч рублёў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG