Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвік беларусаў Польшчы “Ніва”: “Горкія выбары”


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

У гэтыя выходныя ў Польшчы адбудуцца парлямэнцкія выбары, і менавіта гэтай падзеяй жыве цяпер краіна. Выбарам прысьвечаныя й некалькі публікацыяў у “Ніве”.

“Горкія выбары” – гэта загаловак артыкулу Аляксандра Максімюка. Аўтар піша: “У беларусаў у Польшчы не было і няма добрага выбару ні ў парлямэнцкіх, ні ў прэзыдэнцкіх выбарах... Самым аптымальным для беларуса быў Беларускі выбарчы камітэт, але такога камітэту сёлета няма, а беларусу надалей ёсьць над чым моцна задумацца. У сытуацыі пагрозы ўзьнікненьня Беларускага выбарчага камітэту польскія палітычныя сілы, якія традыцыйна прыхільныя нацыянальным меншасьцям і беларусам у прыватнасьці, бяруць на першыя месцы сваіх сьпісаў беларусаў, калі, аднак, такая пагроза адступае, як, напрыклад, сёлета, дык беларусы вылятаюць з другіх – трэціх месцаў партыйных сьпісаў на дзясятыя – адзінаццатыя...” Аляксандар Максімюк адзначае таксама, што сярод кандыдатаў-беларусаў ад Беласточчыны ў парлямэнт толькі два адкрыта дэманструюць сваю беларускасьць – Пётар Крук і Ўладзіслаў Праховіч. Праховіч, дарэчы, зьмяшчае ў сёньняшняй “Ніве” сваю беларускамоўную ўлётку.

Выбарчай тэматыцы прысьвечаны таксама артыкул Мацея Халадоўскага “Нашы ў выбарах”, дзе ён пералічае ўсіх беларусаў, што балятуюцца ў парлямэнт, падаючы, хто і ад якой партыі гэта робіць.

Між тым неўзабаве адбудзецца шосты зьезд выпускнікоў агульнаадукацыйнага ліцэю зь беларускай мовай навучаньня імя Браніслава Тарашкевіча, што ў Бельску-Падляскім. З інтэрвію з дырэктарам ліцэю Андрэем Сьцепанюком даведваемся, што ліцэй за час яго існаваньня скончылі больш як 4200 чалавек – сярод выпускнікоў ліцэю паэт Віктар Швед, навуковец Ніна Баршчэўская, палітык Ян Чыквін, а таксама амаль усе журналісты беларускай рэдакцыі беластоцкага радыё.

Андрэй Сьцепанюк кажа, што большасьць бацькоў, выбіраючы ліцэй для сваіх дзяцей, сьвядома адпраўляюць іх у ліцэй зь беларускай мовай навучаньня, бо, па-першае, ў ім “высокі ўзровень навучаньня, а па-другое, ён беларускі, свой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG