Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Article 19”: нас пускаюць нават у Зымбабвэ, але толькі не ў Беларусь


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве працягваецца 10-я канфэрэнцыя "АБСЭ ў чалавечым вымярэньні". Сёньня ўдзельнікі канфэрэнцыі абмяркоўвалі, сярод іншага, сытуацыю са свабодай мэдыяў у краінах АБСЭ, у тым ліку і ў Беларусі.

У адмысловым дакумэнце, які распаўсюдзіла сёньня Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя, гаворыцца пра перасьлед у Беларусі сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасьці газэты “Народная воля” і рэгіянальных мэдыяў, якім мясцовыя ўлады ўсяляк перакрываюць доступ да інфармацыі.

Паводле праваабаронцаў, вялікай пагрозай для свабоды слова зьяўляюцца запісы ў крымінальным кодэксе Беларусі, паводле якіх можна атрымаць турэмнае зьняволеньне за выказваньні на адрас кіраўніка дзяржавы, а таксама перарэгістрацыя газэтаў і кантраляваны доступ да інтэрнэту.

Адзін зь кіраўнікоў іншай аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі “Article XIX”, адмысловец ў справе пытаньняў заканадаўства, зьвязаных са свабодай слова, Тобі Мэндэль, заявіў Радыё Свабода:

(Мэндэль: ) “Беларусь не зарабіла крокаў наперад, як шмат якія эўрапейскія краіны, а нават наадварот, шмат у чым адышла назад. Мая арганізацыя пільна сачыла і сочыць за сытуацыяй у Беларусі, і мы сьцьвярджаем, што ў гэтай краіне уладныя структуры без перапынку атакуюць незалежныя мэдыі. І яшчэ адно – супрацоўнікам май арганізацыі “Article XIX” адмовілі ў выдачы беларускіх візаў. Гэта шмат аб чым сьведчыць. Мы можам ехаць нават у Зымбабвэ. Хаця мы вельмі моцна крытыкуем улады гэтай краіны, нам ніколі не забараняюць уехаць у Зімбабвэ краіну, а ў Беларусь – нельга”.

Паводле Тобі Мэндэля, эўрапейскай супольнасьці будзе цяжка паўплываць на сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі, калі да гэтага не далучыцца Расея.

Паводле ўдзельніка канфэрэнцыі з Казахстану, праваабаронцы Айдара Ісакава, сытуацыя ў ягонай краіне, прынамсі што да ўмоваў для дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў хаця і складаная, але, бадай, лепшая, чым у Беларусі.

(Ісакаў: ) “У Казахстане пасьля сэрыі гэтак званых каляровых рэвалюцыяў, пачалася фобія – некаторыя прадстаўнікі ўлады заявілі, што гэта можа здарыцца і ў нас, таму парлямэнт хутка падрыхтаваў два законы, якія практычна паралізоўвалі дзейнасьць асабліва замежных недзяржаўных арганізацыяў. Мы пачалі пратэставаць і прэзыдэнт накіраваў гэтыя прававыя акты ў канстытуцыйны суд, які пастанавіў, што яны не адпавядаюць канстытуцыі. Гэта была нашая невялікая перамога”.

У чацьвер удзельнікі варшаўскай канфэрэнцыі будуць разглядаць сытуацыю з забаронай катаваньняў у краінах-сябрах АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG