Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне людзі адмаўляюцца трымаць каровы


Казімер Яноўскі, Буда-Кашалёўскі раён Яшчэ зусім нядаўна кіраўнікі краіны ды шараговыя чыноўнікі агітавалі вяскоўцаў здаваць дзяржаве малако з асабістых падворкаў. Цяпер людзі самі гатовы прадаваць яго. Але іх не задавальняюць кошты на малако. Трымаць карову наагул становіцца нявыгадна.

Жыхары вёскі Уза Буда-Кашалёўскага раёну лічаць, што 330 рублёў за літар малака — гэта зьдзек. Нявыгадна прадаваць малако дзяржаве. Нават вада ў крамах каштуе даражэй.

(Мікалай: ) “Нявыгадна здаваць. Калі літар вады каштуе 670 рублёў, то літар малака — 330 рублёў. Нявыгадна”.

(Галіна: ) “Хіба ж гэта цана — 300 рублёў?! Ну дала карова вядро малака — 10 літраў. Тры тысячы атрымай. А што за тры тысячы купіш — дзьве буханкі хлеба і батон. І ўсё. Гэта проста вылілі малако пад плот”, — мяркуе спадарыня Галіна зь вёскі Уза.

Вэтэран вайны Міхаіл Каленікавіч згадвае, што за савецкім часам за здадзенае малако плацілі 20 капеек, а хлеб каштаваў 14, сама болей — 18 капеек:

(Каленікавіч: ) “Цяпер жа ня купіш за літар малака буханку хлеба. Ну як жа купіць? Літар малака 330 рублёў, а буханка хлеба — 850 рублёў. Дык жа ня купіш… Пры Брэжневу мы кармілі хлебам і сьвіней, і кароў. Яшчэ і гарэлку гналі”.

75-гадовая Любоў Краўчанка зь вёскі Калініна таго ж Буда-Кашалёўскага раёну зьвяртае ўвагу на тое, што людзі старэйшага пакаленьня трымаць каровы ўжо ня могуць, а маладзейшыя пазбаўляюцца ад іх:

(Краўчанка: ) “Многія збываюць кароваў. Такія, як мы, паміраем, а маладыя ня хочуць цяпер трымаць каровак”.

Маладая сям’я Губанавых з Калініна трымае карову апошні сэзон. Праблема нарыхтаваць сена на зіму, а яшчэ крыўдней глядзець на тое, што малако ў крамах прадаюць ледзь не ў тры разы даражэй, чым дзяржава купляе ў вяскоўцаў:

(Губанава: ) “За малако слаба плацяць, сена не даюць. За што мне карову гэту даглядаць? 330 рублёў за літар! А мне купіць у краме, дык трэба 840 альбо 1000 рублёў аддаць за пакет малака. Таму людзі і сталі здаваць каровы”, — сьцьвярджае Эла Губанава зь вёскі Калініна.

І сапраўды, колькасьць кароваў у рэгіёне ў прыватных гаспадарках скарацілася амаль на чвэрць. Калі ў 2000 годзе вяскоўцы трымалі 86 тысяч кароваў, то цяпер толькі 67 тысяч.
XS
SM
MD
LG