Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ ухваляе бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку Беларусі


Юлія Шарова, Менск Міжнародны валютны фонд прагназуе, што гадавая інфляцыя ў Беларусі не перавысіць 10%, а валавы ўнутраны прадукт узрасьце больш як на 7%. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў кіраўнік місіі МВФ Балаш Хорват. Увогуле, фонд ухваляе тую бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, якую цяпер праводзіць беларускі ўрад, і лічыць эканамічны рост краіны апраўданым. Але доўга так працягвацца ня можа, калі не праводзіць структурных рэформаў.

Місія МВФ працавала ў Беларусі цягам тыдня. Мэтай была ацэнка макраэканамчнай палітыкі ўраду і вызначэньне тых галінаў, у якіх фонд і беларускі ўрад маглі б супрацоўнічаць надалей. Экспэрты фонду прыйшлі да высновы, што ў Беларусі захоўваецца высокі эканамічны рост. Прагнозы МВФ на гэты год цяпер амаль не разыходзяцца з прагнозамі беларускіх урадавых эканамістаў. Кажа кіраўнік місіі Балаш Хорват.

(Хорват: ) “Што тычыцца ВУП, то наш прагноз на 2005 год — 7,1%. Афіцыйная статыстыка за студзень-жнівень паказвае эканамічны рост 8,5%, але назіраецца тэндэнцыя да ягонага зьніжэньня. Я ня думаю, што тэндэнцыя запавольваньня эканамічнага росту ўзмацніцца, і за год вынік будзе недзе паміж гэтымі двума паказьнікамі. Наконт інфляцыі я лічу, што прагнозы МВФ, што вымяраліся двухзначнай лічбай, былі занадта высокімі. Але тут усё залежыць ад той грашова-крэдытнай палітыкі, якую ўлады будуць праводзіць да канца году”.

Экспэрты фонду таксама адзначаюць, што сёлета Беларусь упершыню перастала быць краінай з самай высокай інфляцыяй сярод дзяржаваў СНД. Разам з тым існуюць рызыкі, якія могуць у будучыні стварыць для беларускай эканомікі праблемы. Па-першае, магчымыя нагрузкі на бюджэт. Як вядома, на наступны год Міністэрства фінансаў ужо закладае дэфіцыт на 1,5%. Па-другое, эканоміцы шкодзіць цэнтралізаваная практыка кіраваньня. Да таго ж, небясьпечна падвышаць заробкі, калі за імі не пасьпявае вытворчасьць тавараў — гэта можа справакаваць падвышэньне інфляцыі.

Эканамічны рост Беларусі па-ранейшаму абумоўлены пасьпяховым гандлем нафтапрадуктамі. Але і гэты чыньнік можа зьнікнуць, кажа Балаш Хорват.

(Хорват: ) “Цэны на энэрганосьбіты ў сьвеце, асабліва на прадукты нафтаперапрацоўкі, былі вельмі высокімі. Беларусь па-ранейшаму мае магчымасьць імпартаваць нафту па цэнах, якія ніжэй за ўсясьветныя. У выніку пры рээкспарце нафтапрадуктаў Беларусь мела прыбытак. І гэта істотна ўплывала на эканамічны рост. Ці будзе даступная сырая нафта па коштах, ніжэйшых за ўсясьветныя, будзе залежаць ад шэрагу эканамічных і палітычных чыньнікаў. Я мяркую, што з часам цэны на сырую нафту будуць расьці й дасягнуць усясьветнага ўзроўню. Гэта патэнцыйная прычына шокаў у будучыні, да якіх Беларусі трэба рыхтавацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG