Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца да невыязных чыноўнікаў людзі?


Галіна Абакунчык, Менск Эўразьвяз прыняў рашэньне яшчэ на адзін год прадоўжыць забарону на ўезд на сваю тэрыторыю шэрагу былых і цяперашніх высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі — Навумаву, Сівакову, Паўлічэнку, Шэйману. Эўрапейскія структуры прызнаюць іх падазраванымі ў зьнікненьні вядомых беларускіх палітыкаў. Як да гэтага ставяцца шараговыя грамадзяне? Пра гэта ў мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Пытаньне, наколькі гэтыя падазрэньні справядлівыя. Калі так, то міжнародная грамадзкасьць, безумоўна, павінна рэагаваць на такія факты”.

(Спадар: ) “Правільна зрабілі абсалютна. А што там рабіць? Калі ганіць увесь сьвет і ўсюды шукаць ворагаў, дык, можа, лепш паглядзець, што ў сябе робіцца?”

(Юначка: ) “Я ня ведаю, што маюць супраць нашых вышэйшых чыноўнікаў у іншых краінах. Дрэнна стаўлюся да гэтай сытуацыі й лічу, што гэта няправільная палітыка. Трэба выкараняць такую палітыку”.

(Юнак: ) “На маю думку, гэтую сытуацыю нельга разглядаць аднабакова — гэтых палітыкаў можна пускаць, а гэтых не. А так, што палітычная сытуацыя ў краіне такая, што Беларусь — гэтая шэрая пляма на мапе Эўропы”.

(Карэспандэнтка: ) “Эўразьвяз прыняў рашэньне яшчэ на адзін год прадоўжыць забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу шэрагу ўладных чыноўнікаў Беларусі — Навумаву, Сівакову, Паўлічэнку, Шэйману. Эўрапейскія структуры прызнаюць іх падазраванымі ў зьнікненьні вядомых беларускіх палітыкаў. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадарыня: ) “Я ня думаю, што гэтыя людзі будуць спрыяць зьнікненьню людзей за мяжой, калі туды паедуць”.

(Юнак: ) “Не пускаюць іх у краіны Эўропы не таму, што людзі зьніклі і іх не шукаюць — гэта афіцыйная вэрсія. Сапраўдная прычына, на мой погляд, вядомая: стаўленьне эўрапейскіх структураў да палітычнай сытуацыі ў Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што яны маюць рацыю. Тое, што мы ведаем, жывучы ў Беларусі, дае для гэтага падставу. А пры гэтай уладзе нічога высьветлена ня будзе”.

(Спадар: ) “Я думаю, што яны робяць правільна. Наш урад ня бачыць таго, што гэтыя чыноўнікі злачынцы. А ў замежных структурах гэта бачаць. Хаця ўсё павінна было быць наадварот. Я б такіх людзей у сваю краіну таксама не пусьціў бы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG