Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі зьніклых вітаюць рашэньне Эўразьвязу працягнуць візавыя санкцыі


Ганна Соусь, Менск Сваякі зьніклых вітаюць рашэньне Рады Эўразьвязу падоўжыць візавыя санкцыі адносна Віктара Шэймана, Уладзімера Навумава, Зьмітра Паўлічэнкі і Юр’я Сівакова яшчэ на год. А Міністэрства замежных справаў Беларусі выказвае шкадаваньне, што эўрапейскія чыноўнікі не прыслухоўваюцца да афіцыйнай пазыцыі Менску ў гэтым пытаньні.

Жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар ад Радыё Свабода даведалася пра рашэньне Рады Эўразьвязу аб падаўжэньні візавых санкцыяў адносна беларускіх чыноўнікаў, якіх падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня яе мужа, а таксама Анатоля Красоўскага, Юр’я Захаранкі і Зьмітра Завадзкага. Адпаведная пастанова была прынятая 19 верасьня.

(Ганчар: ) “Я толькі магу падзякаваць Эўразьвязу за такое рашэньне. Дагэтуль іх імёны згадваюцца, і іх падазраюць у датычнасьці да выкраданьня, і таму я лічу гэтае рашэньне справядлівым, вельмі патрэбным і своечасовым”.

(Карэспандэнтка: ) “За год, які мінуў пасьля рашэньня Эўразьвязу пра візавыя санкцыі, што-небудзь зьмянілася ў справе дасьледаваньня зьнікненьня вашага мужа?”

(Ганчар: ) “У гэтым і галоўная прычына. На жаль, нічога не мяняецца. Іх, напэўна, гэтае рашэньне ніяк не турбуе. Гэтыя людзі і раней нікуды ня езьдзілі, і цяпер ня езьдзяць. Гэта такі псыхалягічны момант. Я лічу, што кожнаму чалавеку гэта было б непрыемна, і яны павінны былі прыкласьці ўсе намаганьні з тым, каб хаця б даказаць сваю недатычнасьць. Але яны ня робяць і гэтага”.

Жонка зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага Сьвятлана гэтаксама вітае рашэньне Рады Эўразьвязу аб падаўжэньні санкцыяў супраць Сівакова, Шэймана, Навумава і Паўлічэнкі.

(Завадзкая: ) “Да таго часу, пакуль у Беларусі існуе гэты рэжым, пакуль гэтыя людзі пры ўладзе, на маю думку, хада гэтым справам ня будзе дадзена”.

Нагадаю, што сёлета 3 ліпеня ў пятую гадавіну зьнікненьня Зьмітра Заваздкага падчас прымеркаванай да гэтага акцыі Сьвятлану Завадзкую ўдарыў у твар супрацоўнік менскага АМОНу.

Я зьвярнулася таксама да прадстаўніка Міністэрства замежных справаў Беларусі Руслана Есіна па камэнтар у сувязі з падаўжэньнем візавых санкцыяў Эўразьвязу да шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

(Есін: ) “Магу сказаць толькі адно — вельмі шкада, што эўрапейскія чыноўнікі ня чуюць пазыцыі афіцыйнага Менску”.

(Карэспандэнтка: ) “Якая яна?”

(Есін: ) “Яна добра вядомая і агучаная шмат разоў і кіраўніцтвам краіны, у тым ліку і міністрам замежных справаў, у тым ліку і ў рамках мерапрыемстваў, якія праходзяць у Арганізацыі Аб’яднаный Нацыяў”.

Атрымаць камэнтары беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя візавыя санкцыі, Радыё Свабода не ўдалося. Раней Віктар Шэйман, які да Адміністрацыі прэзыдэнта ўзначальваў Генэральную пракуратуру, у адказе на запыт дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адмаўляў палітычныя прычыны выкраданьняў, а таксама ўдзел у гэтым спэцслужбаў.

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў раней заяўляў, што ўведзеныя супраць яго санкцыі ніякім чынам не паўплываюць на якасьць рашэньняў міністэрствам той ці іншай праблемы. “Я не адчуваю патрэбы бываць у Эўропе і з кімсьці сустракацца”, — заяўляў раней Уладзімер Навумаў.

Нагадаем, што папярэдняе рашэньне пра візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, цяперашняга кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана, камандзіра брыгады спэцыяльнага прызначэньня Зьмітра Паўлічэнкі, былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Сівакова было прынятае 24 верасьня 2004 году на падставе рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Радыі Эўропы па справаздачы кіпрыйскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG