Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыцягваць турыстаў у Белавескую пушчу будуць праз дыпляматаў


Ігар Карней, Менск Амбасадары больш як дзясятка краінаў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі, на прапанову Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта выправіліся сёньня ў Нацыянальны парк “Белавеская пушча”. Такім чынам, выконваючы распараджэньне Лукашэнкі аб актывізацыі ўязнога турызму, праз замежных дыпляматаў улады зьбіраюцца прыцягнуць сюды як мага больш іншаземных турыстаў.

Асноўная мэта “дыпляматычнага дэсанту” ў Белавескую пушчу, як патлумачылі ў адміністрацыі Нацыянальнага парку — праз асабістыя эмоцыі дыпляматаў прыцягнуць сюды ня толькі “валютных” паляўнічых, якіх у пушчы і так нямала, але і звычайных турыстаў. Расказвае намесьніца дырэктара запаведніку Ганна Дынгубенка:

(Дынгубенка: ) “Будзем паказваць усё, чым багатая пушча: яе прыродныя адметнасьці, якія ў нас мясьціны прыгожыя. Мяркую, яны наведаюць сядзібу Дзеда Мароза. Ёсьць што паказаць. Заўсёды, канечне, хочацца, каб больш было турыстаў, каб яшчэ больш ведалі і любілі пушчу”.

(Карэспандэнт: ) “Інфраструктура дазваляе цяпер прымаць вялікую колькасьць турыстаў?”

(Дынгубенка: ) “Была рэканструкцыя гатэляў, і я нават ня ведаю, колькі месцаў у нас цяпер. Але дагэтуль было каля двух сотняў. Калі проста прыехаць, не начаваць, дык у нас да Дзеда Мароза прыяжджала да трох тысяч турыстаў штодня. Мы ўсіх абслугоўвалі, і быццам крыўдаў не было. А так па лесе ёсьць домікі і чатыры гатэлі”.

Аднак незалежныя экспэрты кажуць, што зьдзівіць замежнікаў у Белавескай пушчы асабліва няма чым. Хіба толькі вялізнай колькасьцю лесапілак, якія стаяць тут “шчыльнымі радамі” ад сярэдзіны 1990-х, калі біясфэрны запаведнік фактычна прыватызавала Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Як апавёў эколяг Валеры Дранчук, аўтар кнігі “SOS. Пушча”, цалкам натуральна, што падобных “адметнасьцяў” гасьцям пушчы не пакажуць.

Бальшыню спэцыялістаў зьдзіўляе: чаму на першы плян выносіцца турызм, а не навука? Некалькі гадоў амаль павальна хворы статак белавескіх зуброў, якія з прычыны спэцыфічнай інфэкцыі ня могуць даваць здаровага патомства. Пад прыкрыцьцём барацьбы з “караедам” вядзецца высечка каштоўных пародаў дрэва — без усялякага дзяржаўнага і грамадзкага кантролю. Дарэчы, калі ў польскай частцы пушчы ад жука-паразыта апрацоўваецца літаральна кожнае дрэва, то ў беларускай цэлыя лясныя масівы лечаць… бэнзапілой. Гаворыць Валеры Дранчук:

(Дранчук: ) “Я проста перакананы, што нічога тут не атрымаецца. Гэта часовы камэрцыйны праект, а душа пушчы ніяк не раскрытая. Увогуле, там няма каму яе раскрываць, няма прафэсійнага падыходу да гэтай справы. Я паезьдзіў крыху па ЗША і пераканаўся: там у любой мясьціне яны знаходзяць душу, там ёсьць нейкі пэўны “пэйзажны рынак”. У нас таксама ёсьць вялікая пушча, гіганцкі краявід, вялікая ляндшафтная, біялягічная разнастайнасьць, але гэтую душу, наадварот, забіваюць. І тады пачынаюць думаць пра нейкія турыстычныя праекты. Усё пастаўлена дагары нагамі. Магчыма, яны падыйдуць урэшце да таго, з чаго трэба было пачынаць. Але будуць змарнаваныя ня толькі сілы, аднак і нашае біялягічнае багацьце. І ня толькі ў пушчы. Узяць тыя ж самыя Браслаўскія азёры, Нарачанскія”.

Апроч лесапілак, немалы прыбытак Белавескай пушчы дае камэрцыйнае паляваньне. У другой палове 1990-х з ініцыятывы тагачаснага кіраўніка Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Івана Ціцянкова было створанае так званае “беларускае ранча” — 300 гектараў агароджанай тэрыторыі, на якой гаспадарылі пераважна сябры нямецкай паляўнічай арганізацыі “Адной кулі”. І некалькі сотняў даляраў за адзіны стрэл у дзіка ці аленя наўрад ці параўнаюцца з дробязьзю, якую пакіне тут “мірны” турыст.

Сярод тых, хто прыняў прапанову наведаць Белавескую пушчу, кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Нямеччыны, Польшчы, Літвы, Латвіі ды іншых эўрапэйскіх краінаў.
XS
SM
MD
LG