Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка абяцаў нам вярнуць СССР, а прыцягнуў у дзікі капіталізм”


Валянцін Жданко, Менск Сыстэму ўлады, якая склалася ў Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе, многія параўноўваюць з палітычным рэжымам, што існаваў у Савецкім Саюзе. Тая ж канцэнтрацыя ўлады ў адных руках; тыя ж несамастойны парлямэнт і залежны суд; падобная манапалізацыя асноўных сродкаў масавай інфармацыі. Але некаторыя нашы слухачы, якія добра памятаюць савецкі лад, з такімі параўнаньнямі не пагаджаюцца.

На гэтую тэму ліст ад Віталя Падабеда зь Ліды. Слухач піша:

“Усё ж тады чалавеку лягчэй дыхалася. Няхай бы начальнік паспрабаваў мяне звольніць за тое, што я штосьці ня так сказаў у яго бок. Ды за мяне любы суд заступіўся б, прафсаюз, парткам… Тады людзей не звальнялі, а выхоўвалі. Бо працоўныя рукі былі ўсюды патрэбныя. А цяпер? Ледзь што ня так — звальненьне. Ці кантракт не працягнуць. І ніхто за цябе не заступіцца. Бо ўсе дрыжаць за свае месцы. Беспрацоўе — паўсюль. Ня веру, што ў нас беспрацоўных толькі 1%. Ды беспрацоўныя на кожным кроку. А афіцыйная статыстыка хлусіць.

Пры камуністах хлеб каштаваў 16 капеек, а за кватэру плацілі 3 рублі за месяц. Зарабляючы 200 рублёў, можна было жыць-не тужыць. Лукашэнка толькі абяцаў, што верне ўсё савецкае. А ў сапраўднасьці прыцягнуў нас у дзікі капіталізм. Адным — бублік, а другім — дзірка ад бубліка: вось вам і беларуская рэспубліка”.

Сапраўды, спадар Падабед, хоць у цяперашніх беларускіх рэаліях шмат падабенства да рэаліяў савецкіх, але ўсё ж яны іншыя. Заводы засталіся дзяржаўнымі, але дзе цяпер тая гарантаваная праца і пільнае вока парткаму? Сьцяг вернуты чырвона-зялёны — але безь сярпа і молата. Герб — той жа савецкі вянок, але на стужках ужо няма закліку да яднаньня пралетарыяў… Ня стане ўжо Беларусь савецкай, спадар Падабед, павярнуць кола гісторыі назад немагчыма нават з дапамогай усенародных рэфэрэндумаў.

Наш даўні слухач і сябар Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну разважае пра сыстэму адукацыі, якая існуе ў сёньняшняй Беларусі. У прыватнасьці, ён адказвае на папрокі тых, хто дакарае беларускую моладзь за апалітычнасьць:

“На моладзь наракаць нельга: яна адбітак нашага мазахісцкага грамадзтва. Беларуская моладзь — ці ня самая прыгнечаная з усёй эўрапейскай. Сыстэма адукацыі застаецца таталітарнай, нават на найвышэйшым узроўні. Ад школы да ВНУ пануюць прымус і дэмагогія. Мантэск’ё вучыў, што выхаваньне бывае ад бацькоў, настаўнікаў і — ад астатняга сьвету. Нашы бацькі ў большасьці — сацыяльныя даўбешкі, палітычна — бачнае нішто. Яны ня могуць перадаць сваім дзецям ніякага практычнага палітычнага досьведу, бо самі яго ня маюць, ці маюць адмоўны.

Настаўніцы (бо пра настаўнікаў сёньня гаварыць не выпадае: як пласт яны зьніклі) — пераважна савецкія канфармісткі-гістэрычкі, недапрынятыя ў свой час у КПСС кандыдаткі. Яны старанна выконваюць усе таталітарныя загады. Які іхны ўплыў — ясна. Рэжым не дае моладзі чытаць сьветапоглядных тэкстаў. Яна не знаёмая зь “небясьпечнымі” навукамі — сацыялёгіяй, паліталёгіяй, псыхалёгіяй. Затое ёй падсоўваюць прымітыўны сталінскі курс “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны савецкага народу” ды “Чалавек і грамадзтва”. Абсалютная бальшыня моладзі ня ведае моваў. Напэўна, так задумана. Іншадумная чыннасьць між навучэнцаў — рэдкасьць. Моладзь не абароненая законам, яна бяспраўная. Юнака ці дзяўчыну можна не пасяліць у інтэрнат, выгнаць з вучэльні, з працы, не пусьціць за мяжу на вучобу. За імі не стаіць недатыкальная маёмасьць бацькоў, банкаўскі рахунак, адвакат. Рэжым растаптаў і скача на моладзі, адначасна падбіраючы “бясхозную” ў БРСМ.

Каб ведаць, што адбываецца з моладзьдзю, патрэбна ейнае значнае дасьледаваньне. Апазыцыянэры мусяць выступіць заказчыкамі яго. Бяз моладзевага сілкаваньня яны нічога ня вартыя. Пытаньне пра моладзь надзвычай важнае. Няхай бы “Свабода” яшчэ раз вярнулася да яго, абмеркаваўшы з адмыслоўцамі сацыяльных навук”.

Дзякуй вам, спадар Бусел, за цікавыя назіраньні і за прапанову. Увогуле, да моладзевых праблемаў “Свабода” зьвяртаецца часта — ёсьць у нас праграма “Маладыя галасы”, прысьвечаная гэтай тэматыцы. Настроі, якія пануюць у асяродзьдзі беларускай моладзі, незалежныя сацыёлягі час ад часу дасьледуюць. І гэтыя зьвесткі вядомыя і ўладзе, і апазыцыі. Адрозна ад людзей сталага веку, значная частка моладзі імкнецца да палітычных зьменаў у сваёй дзяржаве і гатовая прыкласьці дзеля гэтага ўласныя намаганьні. І тое, што апошнія гады ўлада значна ўзмацніла перасьлед палітычна актыўнай моладзі — адна з прыкмет таго, што ў гэтым асяродзьдзі адбываюцца ня толькі тыя працэсы, пра якія распавялі ў сваім лісьце вы, спадар Бусел.

Алесь Цадко з Маладэчна свой ліст напісаў, пачуўшы па “Свабодзе” рэпартаж Ігара Карнея пра будаўніцтва ў Менску катэджаў для высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

“Мяне ўразіла, што самы сьціплы катэдж там плошчай 350 квадратных мэтраў без унутранага аздабленьня стартуе ад 300 тысяч даляраў. Адкуль жа тады ў чыноўнікаў грошы, калі Аляксандар Рыгоравіч у інтэрвію каналу ТВЦ сьцьвярджаў, што зарплата міністра — блізу 1500 даляраў, а ягоная прэзыдэнцкая — крыху больш за 2000? Казаў ён і тое, што ў яго і ягоных сыноў няма ні кала ні двара, і сыны нават задавалі гэтае пытаньне: дзе жыць, калі бацька перастане быць прэзыдэнтам. Звычайна цяперашняя ўлада хваравіта рэагуе на такія матэрыялы, прыпісваючы журналістам паклёп, скажэньне фактаў. Але тут яны маўчаць. Напэўна, няма чаго сказаць”.

У сувязі з усёй гэтай гісторыяй згадваюцца падзеі пачатку 1990-х гадоў, калі ў карупцыі абвінавачвалі тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. У якасьці рэчавых доказаў фігуравалі нібыта не аплачаныя ім будматэрыялы для рамонту лецішча — коштам некалькі дзясяткаў даляраў. А цяпер чыноўнікі адкрыта атрымліваюць за сымбалічную плату зямельныя ўчасткі блізу цэнтру сталіцы, рынкавы кошт кожнага зь якіх — сотні тысяч даляраў, доступ да танных крэдытаў, да выгадных будаўнічых падрадаў, і ўсё гэта робіцца на вачах у людзей, без усялякіх наступстваў для саміх чыноўнікаў.

Колішнія спэцразьмеркавальнікі для камуністычнай партнамэнклятуры, вакол якіх у свой час было столькі шуму ў перабудовачнай прэсе, выглядаюць на гэтым тле бяскрыўдным дзіцячым свавольствам.

Наш слухач з Латвіі Міхаіл Леках пачуў, як у адным з аглядаў пошты я параўноўваў сытуацыю ў Беларусі і Кіргізстане. Спадара Лекаха гэта вымусіла чарговы раз узяцца за пяро:

“Чаму вы не параўноўваеце ўзровень жыцьця беларускага насельніцтва з суседнімі Латвіяй, Украінай ці ўлюбёнай на вашай “Свабодзе” Польшчай? Ці не таму, што паўпраўды (а па сутнасьці, хлусьні) патрабуюць вашы працадаўцы — Кангрэс і Дзярждэп ЗША? У Польшчы, якой вы так захапляецеся, нават афіцыйна прызнаны ўладай узровень беспрацоўя складае 20%. А рэальна ён, напэўна, яшчэ вышэйшы. Апроч таго, Польшча — эўрапейскі лідэр у карупцыі. Гэта ацэнка не мая, а Эўрапейскага Зьвязу. Латвія, якая лічыць сябе “прававой і дэмакратычнай”, у гэтым сьпісе фігуруе на другім месцы. Ратуючыся ад такога жыцьця на радзіме, сотні тысяч палякаў запаланілі Заходнюю Эўропу. Польшча — лідэр па колькасьці нелегалаў у шэрагу краінаў. Палякаў, якія жабруюць на вуліцах, я неаднаразова сустракаў у Францыі, Нямеччыне, іншых краінах.

У Латвіі 70% жыхароў (і грамадзянаў, і неграмадзянаў) жывуць ніжэй за афіцыйна ўсталяваны ўзровень беднасьці. А беспрацоўе ў нас — на ўзроўні 10%. Вы ж, спадар Жданко, як і вашы калегі на “Свабодзе”, напэўна, ведаеце ўсю гэту праўду, але вяшчаеце паўпраўду. Чаму?”

Мы, спадар Леках, вельмі часта параўноўваем сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі з сытуацыяй у суседніх краінах — тут я з вашымі папрокамі пагадзіцца не магу. Ва ўсіх усходнеэўрапейскіх краінаў (у тым ліку ў Беларусі) шмат падобных праблемаў. Гэта і беспрацоўе, і невысокія заробкі, і злачыннасьць, і беднасьць. Пытаньне ў тым, пры якім дзяржаўным уладкаваньні ўладам удаецца з большай эфэктыўнасьцю супрацьстаяць гэтым праблемам.

Давайце зазірнем у апошнюю справаздачу ААН “Аб індэксе чалавечага разьвіцьця”. Гэты рэйтынг краінаў складаецца на падставе аналіза зьвестак пра сярэднюю працягласьць жыцьця, узровень пісьменнасьці і адукацыі, даходы на душу насельніцтва. Яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь у гэтым рэйтынгу была наперадзе ўсіх краінаў СНД і ўваходзіла ў групу краінаў з найбольш высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця. Быў час, калі яна займала 53-ці радок у рэйтынгу, летась — 62-гі. Сёлета Беларусь на 67-м месцы ў сьвеце. Для параўнаньня: Польшча ў рэйтынгу — 36-я, Эстонія — 38-я, Літва — 39-я, Латвія — 48-я. На лепшым месцы нават Расея, яна 62-я. Хоць усе мінулыя гады Беларусь яе апярэджвала.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікола Канаховіч з Пружанаў, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю і Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG