Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Узбуджаная татуіроўка" – пірсінг – модная зьява ў Беларусі


Алег Дашкевіч, Менск Сярод тэндэнцыяў сучасных зьяваў у грамадзтве пірсінг займае адно з першых месцаў, пераважна ў моладзевым асяродку. Не абмінула гэтая мода й Беларусь, дзе ў шматлікіх салёнах усё павялічваецца колькасьць наведнікаў. Паходзіць слова з ангельскага pierce – пракалываць, прасьвідроўваць. Вядомы паэт Андрэй Вазьнясенскі назваў пірсінг узбуджанай татуіроўкай. Што ж такое пірсінг па-беларуску?

У даведніку гэтая зьява фармулюецца наступным чынам: пірсінг - дробная хірургічная апэрацыя ўжыўленьня ў чалавечую жывую тканку іншародных, пераважна мэталічных, прадметаў.

Беларускае грамадзтва знаёмае зь пірсінгам ня першы год. Сёньня нікога ня зьдзівіш нестандартнай завушніцай у вусе, носе ці брыве. І хоць сярод беларусаў няма асобаў, упісаных у кнігу рэкордаў Гінэса, як, да прыкладу, брытанка Элаін Дэвідсан, у целе якой налічваецца 2520 адтулін, але хоць у чымсьці паўтарыць яе экстравагантны шлях імкнуцца многія.

(Наведніца салёну: ) «Я зьбіраюся паставіць на смочку. Я думаю, калі маленькія завушнічкі проста на смочках, гэта прыгожа й спадабаецца майму партнэру».

Прагучаў голас адной з наведніц менскага салёну “У лісіцы”, які першым пачаў паслугі пірсінгу ў Беларусі. Самая простая апэрацыя каштуе тут пяцьдзесят тысяч рублёў. Прычым, якасьць прадмету ўжыўленьня на кошт не ўплывае. Па словах начальніка мэдычнай часткі спадара Якава, сёньня можна гаварыць пра другую хвалю папулярнасьці пірсінгу, а першая прыйшлася на канец дзевяностых. Пэрсанал беларускіх салёнаў, у адрозьненьне ад замежных, збольшага мае мэдычную адукацыю.

(Якаў: ) “У салёнах працуюць у лепшым выпадках дактары, у горшым - мэдсёстры й фэльчары, што тычыцца нашай краіны. А за мяжой - людзі, што ня маюць мэдычнай адукацыі. На Захадзе статус мэдыка вельмі высокі, і такі занятак падрывае прэстыж”.

У аматараў пірсінгу існуюць прыярытэты па гендэрным і ўзроставым прынцыпе.

(Якаў: ) “Дзяўчыны больш пракалываюць пупок, юнакі – вушы. Язык – і тыя, і іншыя, але пераважна моладзь”.

Пірсінг вядомы са старажытных часоў. У першабытных плямёнаў Афрыкі й Амэрыкі ён адыгрываў ролю ідэнтыфікацыі сацыяльнага, полавага й узроставага стану асобы ў грамадзтве. А сёньняшнюю яго папулярнасьць мастацтвазнаўца Андрэй Расінскі тлумачыць наступнымі прычынамі.

(Расінскі: ) “Па-першае, цела разглядаецца як нейкая канструкцыя, як месца, што мусіць пазначаць сацыяльную адрознасьць адной групоўкі ад іншай. З аднаго боку пірсінг – зьява навамодных, сучасных тэхналёгій, кшталту бодзібілдынгу, плястычнай хірургіі, а з другога боку, гэта вяртаньне да старажытных архаічных практык, якія пазначалі сабой акт пераходу ад падлеткавага стану да даросласьці. Пірсінг у нейкай ступені зьяўляецца актам ініцыяцыі”.

Гэтая зьява, тлумачаць некаторыя калегі спадара Расінскага, - своеасаблівы адбітак тых зрухаў у сьвядомасьці грамадзтва, а часам нават псыхалягічных мутацый, якія не адпавядаюць нормам традыцыйнай маралі. Але сацыяльны псыхоляг Жанна Мацкевіч ня бачыць у пірсінгу нічога асабліва небясьпечнага, інфэрнальнага.

(Мацкевіч: ) “Гэтым захопленыя пераважна маладыя людзі й падлеткі, што сьведчыць аб адным: я павінен быць прызнаным сярод сваіх. Але пірсінг маюць людзі і даволі сталага ўзросту. Група жанчын тым самым падкрэсьлівае – я яшчэ маладая. Таксама й мужчыны. Гэта сьведчыць, што ёсьць нешта нетрывалае ў сямейных зносінах. Магчыма, гэта адчуваньне свабоды. Я што хачу, тое раблю са сваім целам. А са змрочнасьцю, з мэтафізычнасьцю, я лічу, што гэта штучна прыстасавана”.

Як бы там ні было, пірсінг - самая сапраўдная апэрацыя, якая адбываецца пры мясцовай анэстэзіі і мае шэраг супрацьпаказаньняў, абмежаваньняў. Гаворыць начальнік мэдычнага аддзелу салёну “У лісіцы" спадар Якаў:

(Якаў: ) “Ёсьць такі тэрмін як імунадэфіцыт, калі ў чалавека траўма альбо рана доўга не зажывае. Гэта сьведчыць аб тым, што пірсінг рабіць ня варта, бо ён будзе доўга зажываць, магчымыя ўскладненьні. Ёсьць алергічныя рэакцыі. Наяўнасьць інфэкцыйных захворваньняў”.

Вялікую ролю адыгрывае мэтал, які ўжыўляюць у цела. Найболей бясьпечныя тытан і тантал, бо золата, як правіла, вырабляецца з прымесямі. Таму яно заслужыла ненадзейную рэпутацыю. Пасьля апэрацыі нельга некалькі тыдняў наведваць лазьню, спартыўную залю, салярый.

(Якаў: ) “У нас існуе звод правілаў, зь якімі мы кліентаў знаёмім. Калі чалавек гатовы зьмяніць свой стыль жыцьця на гэты тэрмін, тады, калі ласка”.

Але каля паўпрацэнта наведнікаў з розных прычынаў усё роўна вяртаюцца ў салён для лячэньня. Каб вырашыць праблему, бывае дастаткова папросту зьняць завушніцу, і тады канал зарастае сам сабой. Пытаюся ў спадара Якава, ці шмат клопатаў дастаўляюць яму аматары пірсінгу на інтымных месцах. Адказвае: хоць гэткіх апэрацый становіцца ўсё больш, але яны нічым не адрозьніваюцца ад іншых.

(Якаў: ) “Так, у асноўным гэта маладыя жанчыны да трыццаці. Арганізму аднолькава, дзе будзе стаяць пірсінг – вуха, нос, пятка... Падчас заняткаў сэксам пірсінг не перашкаджае. Каб пірсінг выклікаў траўму ў жанчыны, яго трэба ставіць у похву, але там яго ніхто не паставіць, бо цягліца пакрытая сьлізістай”.

А вось былы галоўны акушэр-гінеколяг Міністэрства аховы здароўя Зьміцер Міхнюк лічыць такі пірсінгавы ўхіл звычайнай чалавечай дурасьцю, хоць і пагаджаецца: у мэдычным аспэкце розьніцы мала, дзе ставіць тую завушніцу...

(Міхнюк: ) “Сьмерці ад гэтага ня будзе, але траўматалёгія павялічыцца. Ды яшчэ калі рэакцыя мэталю будзе актыўнай, могуць быць праблемы. Увогуле, мне здаецца, што гэта не эстэтычна”.

Каб даведацца, як ставяцца да пірсінгу шарагоўцы, я выйшаў на менскія вуліцы.

(Юнак: ) “Калі насіць адну-дзьве завушніцы, то нармальна, а калі на цэлы “фэйс”, то гэта непрыгожа”.

(Дзяўчына: ) “Калі гэта не перашкаджае здароўю, то прыкольна даволі. Гэта модна. Калі зрабіць прыгожа, то гэта яшчэ й прыгожа. Калі ж гэта пераходзіць у нейкія фанатычныя справы й чалавек робіцца “мэталічным”, то я гэтага не разумею”.

(Юнак: ) “Ня трэба да мяне зьвяртацца з такімі пытаньнямі. Я гэтага не люблю”.

(Мужчына: ) “Каму падабаецца, хай носіць. Я сьлінай ня пырскаю. Эстэтыкі нейкай я тут не знаходжу. Займацца псаваньнем цела на зайздрасьць модзе… Пакуль я ў стане ўплываць на думку сваіх дзяцей, я пастараюся іх адгаварыць”.

(Жанчына: ) “Людзі, якія пракалываюць сабе вушы, нос, губы, інтымныя месцы, відаць, не атрымліваюць нейкага сэксуальнага задавальненьня й такім чынам хочуць атрымаць дадатковыя эмоцыі, якіх ім не хапае”.

Як бачна, катэгарычнага абурэньня, патрабаваньняў забароны не прагучала: грамадзтва ставіцца да пірсінгу даволі памяркоўна, і гэта падтрымлівае імідж беларусаў як людзей збольшага лібэральных. Што па вялікім рахунку дазваляе зрабіць выснову: сёньняшняе беларускае грамадзтва не адпавядае жыцьцёвым стэрэатыпам, якія яму так старанна навязваюць. А рабіць ці не рабіць пірсінг – справа прыватнага выбару й асабістага густу.
XS
SM
MD
LG