Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворкі пра студэнцкае жытло


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 18 верасьня)

(Ягор Маёрчык: ) “Гэтым разам мы пагаворым пра тое, як маладым людзям знайсьці жытло”.

(Вольга Канапелька: ) “Тэма надта актуальная. Навучальны год пачаўся, а ложак у інтэрнаце мае далёка ня кожны іншагародні. У нашай праграме — жыцьцёвыя гісторыя і парады, як зьняць пакой альбо кватэру. Кароткі анонс праграмы”.

(Маёрчык: ) “Студэнты ідуць жыць на кватэры. Ці разумеюцца яны з гаспадарамі? За два гады дзяўчына зьмяніла пяць пакояў. У “Маладых галасах” — аповед дасьведчанай кватаранткі”.

(Канапелька: ) “За некалькі месяцаў хлопец так і не знайшоў, дзе жыць. Ужо быў на мяжы бадзяжніцтва, але пайшоў на канцэрт беларускага рок-гурту. Пазнаёміўся з музыкамі, і яны прапанавалі яму разам здымаць кватэру. Толькі ў нашай праграме парады, як некалькім чалавекам ужыцца ў адным пакоі і як у такіх умовах наладзіць прыватнае жыцьцё”.

(Канапелька: ) “Менчукі сыходзяць ад бацькоў, каб стаць незалежнымі. У “Маладых галасах” пра ўрокі самастойнага жыцьця”.

ГАВОРКІ ПРА КВАТАРАНТАЎ

(Маёрчык: ) “Пачынаем мы, як заўсёды, з прыватнага, каб празь яго прыйсьці ды агульнага. Вольга, жудасныя аповеды пра інтэрнат пэдагагічнай вучэльні зь безьліччу прусакоў я дагэтуль памятаю... Б-р-р... Мароз па скуры! А пра здымныя кватэры і пакоі ты неяк дыпляматычна маўчыш. Давай, дзяліся ўласным досьведам: дзе якое жытло здымала і празь якія выпрабаваньні прайшла?”

(Канапелька: ) “Вось тут, Ягор, у мяне досьвед невялікі. На маім шляху сустрэлася толькі адна здымная кватэра, якой я была цалкам задаволеная. Кватэра гэтая была трохпакаёвая, і здымала я яе разам зь сяброўкамі — кожнай па пакойчыку. Жыцьцё нашае праходзіла павольна і без прыгодаў. Так што прыйдзецца табе байкі распавядаць”.

(Маёрчык: ) “Байкі будуць пасьля, а пакуль Вольга Канапелька працягвае дзяліцца досьведам. Воля, на тваю думку, які самы эфэктыўны мэтад пошуку кватэры: расклейваць аб’явы, зьвярнуцца ў агенцтва, ці, можа, праз Інтэрнэт паспрабаваць?”

(Канапелька: ) “Мяркую, што варта паспрабаваць адразу ўсе мэтады — асабліва, калі часу на пошукі няма. Агенцтвы, прыкладам, бяруць шмат грошай, але няма гарантыі, што яны знойдуць тое, што цябе задаволіць. Інтэрнэт і аб’явы на слупах — гэта самыя танныя мэтады, але ніхто ня ведае. што можа з гэтага атрымацца... А на тваю думку, які мэтад больш эфэктыўны? Я ведаю, што ты цяпер якраз у пошуках кватэры. Падзяліся, дзе аб’явы клеіш?”

(Маёрчык: ) “Нідзе ня клею. Я вырашыў паступіць наступным чынам — спачатку правесьці праграму “Маладыя галасы” пра кватэры, паслухаць усіх нашых гасьцей і толькі пасьля вырашыць, які менавіта спосаб абраць для пошуку жытла. Насамрэч, я табе прызнаюся, што болей хадзіў у госьці, чым сам здымаў кватэры”.

(Канапелька: ) “Уяўляю. Ягор Маёрчык у гасьцях. Спачуваю гаспадарам і суседзям...”

(Маёрчык: ) “Спакойна, бяз панікі! Збольшага, гасьцяваньні праходзілі без эксцэсаў. Ну, за выключэньнем аднаго разу, калі мы з аднакурсьнікамі выпадкова вынесьлі чужыя дзьверы”.

(Канапелька: ) “А ты кажаш, без эксцэсаў”.

(Маёрчык: ) “Але пасьля мы адрамантавалі гэтыя дзьверы, і канфлікт быў улагоджаны”.

(Канапелька: ) “То, відаць, была менавіта здымная кватэра, а не пакой кватаранткі, бо наўрад ці б хто пацярпеў праблемных візытэраў у сваёй хаце”.

(Маёрчык: ) “Праўду кажаш! Гэта была кватэра, у якой цалкам гаспадарылі студэнты. А вось удзельніца нашае праграмы Натальля ня можа дазволіць сабе такой раскошы. З-за абмежаваных фінансавых магчымасьцяў студэнтка туліцца па пакоях на чужых жыльлёвых плошчах. За два гады навучаньня яна зьмяніла некалькі кватэраў. Што праўда, дзяўчына адсутнічае цяпер у Менску, яна на практыцы, і ня бачыць, што ў горадзе кожны слуп абклеены аб’явамі, якія пачынаюцца са словаў “Здыму пакой” ці “Здыму кватэру”. З намі на сувязі Нясьвіж.

Дайце, калі ласка, некалькі парадаў, як трэба кантактаваць з тымі людзьмі, якія здаюць жытло, на што трэба зьвяртаць увагу, калі вы шукаеце і аглядаеце кватэру?”

(Натальля: ) “Мае сэнс праглядзець, якія гэта гаспадары. У мяне было такое, што зь першага погляду гаспадары падаліся вельмі добрымі, і кошт быў вельмі прывабны. Але пасьля высьветлілася, што кожны вечар яны п’юць. Я зь імі не кантактавала. Але аднойчы ў мой пакой уварваўся нейкі хлопец, якога я ніколі ня бачыла дагэтуль. Пасьля гэтага я зьвярнулася ў міліцыю”.



(Маёрчык: ) “Ці лёгка маладыя людзі ўжываюцца з гаспадарамі кватэраў?”

(Натальля: ) “Калі я жыла на кватэры з бабулькай, яна не дазваляла мне карыстацца гарачай вадой, яна не дазваляла прыходзіць позна і не давала мне ключоў. Я сказала: “Калі вы ня будзеце дазваляць мне карыстацца гарачай вадой, я вам буду меней плаціць”. Яна сказала: “Ну, добра, карыстайся”. У другой кватэры я жыла з маладой жанчынай. У яе была дачка двухгадовая, там былі іншыя праблемы: дачка ўвесь час уначы крычала. І маці прымушала мяне заўсёды глядзець дачку”.

(Маёрчык: ) “Ці не ўзьнікала у вас і вашых сяброў такой ідэі: зьняць кватэру на некалькі чалавек? Наколькі такі варыянт вітаецца людзьмі, якія здаюць кватэры? Ці ахвотна яны пускаюць студэнтаў?”

(Натальля: ) “Не. Студэнты — гэта моладзь. А моладзі патрэбна пагуляць. Часьцей за ўсё кватэру здаюць сям’і. А студэнтам у гэтым сэнсе вельмі складана”.

(Маёрчык: ) “Ці перажываюць праз вашыя прыгоды бацькі? І ці лёгка бацькі мірацца з тым, што іхнае дзіця дзесьці ў вялікім горадзе жыве ў незнаёмых людзей, здымае пакой ці кватэру?”

(Натальля: ) “Уся цяжкасьць у тым, што мае бацькі пра гэта ня ведаюць. Я не хачу, каб яны перажывалі за мяне. Яны ведаюць толькі пра адну кватэру. Яны нават ня ведаюць, што я зьмяніла яшчэ чатыры кватэры. Я лічу сябе дарослым чалавекам і не хачу, каб яны за мяне перажывалі”.

(Канапелька: ) “Ад такіх прыгодаў стане млосна”.

ГАВОРКІ ПРА СТУДЭНЦКІЯ КВАТЭРЫ

(Канапелька: ) “Вось і дабраліся мы, Ягор, да студэнцкіх кватэраў.Тут ты дакладна нешта цікавае можаш паведаміць. З чаго пачнеш?”

(Маёрчык: ) “А пачну я з таго, што прызнаюся: сам у такіх месцах ня жыў, але сотні разоў наведваў. О-о-о! Студэнцкія кватэры — гэта самыя прыемныя і самыя хвалючыя згадкі з часоў навучаньня ў ВНУ. Паводле колькасьці прыгодаў іх можна параўнаць толькі з інтэрнатамі. Але перавага кватэраў у тым, што тут гаспадараць студэнты, а не адміністрацыя і злыя вахтары. Піўныя вечарыны тут доўжацца да апошняй пляшкі, ці пакуль усе не пападаюць ад стомы”.

(Канапелька: ) “Ад стомы, кажаш... А мне падаецца, што ад выпітага алькаголю яны валяцца”.

(Маёрчык: ) “У нас было без гарэлачнага фанатызму. І падалі людзі менавіта ад стомы”.

(Канапелька: ) “Ад чаго вы там падалі, не істотна. Галоўнае, каб у суседзяў вытрымалі нэрвы, і яны ў самы разгар вашых забаваў ня выклікалі міліцыянтаў”.

(Маёрчык: ) “А вось такога ў маёй практыцы не было. Хаця магу ўявіць, як цяжка, калі за сьценкай жывуць, скажам, студэнты музыкі. Часам яны рэпэтуюць, не зважаючы на стрэлкі гадзіньніка”.

(Канапелька: ) “А мне падаецца, што ты перабольшваеш. На чарзе ў нас інтэрвію з Кастусём. У пошуках жытла яму дапамог сам лёс. І цяпер ён жыве разам з музыкамі”.

(Маёрчык: ) “На тэлефоннай сувязі Берасьце, і мы вітаем Косьцю зь ягонай жыцьцёвай гісторыяй”.

(Кастусь: ) “Аднойчы з маімі новым сябрам мы пайшлі на канцэрт беларускага гурту “Рахісы”. Гэта нават быў не канцэрт, а кватэрнік. Завязалася размова, і я між іншым сказаў, што ніяк не магу знайсьці жытла. У іх жыло ў кватэры два чалавекі, і яны вырашылі узяць мяне трэцім. Мне пашанцавала”.



(Маёрчык: ) “Калі чалавек жыве адзін, праблемаў няма — ён сам сабе гаспадар. А калі ў пакоі жыве трое ці чацьвёра чалавек і ўсё розныя, усе дарослыя і са сваімі запытамі, як можна ўжыцца ў такой сытуацыі?”

(Кастусь: ) “Калі ты ведаеш, што іншага выйсьця няма, трэба прыстасоўвацца да іншых людзей і ісьці на кампраміс. Гэта вельмі складана, бо людзі розныя і ў іх розныя погляды на жыцьцё: як і калі ў кватэры прыбірацца, як гатаваць ежу. Да ўсяго гэтага трэба прыстасавацца”.

(Маёрчык: ) “Вы разьмяркоўваеце абавязкі, альбо як у войску — складаеце расклад, хто калі дзяжурыць?”

(Кастусь: ) “Мы імкнемся, каб быў парадак. У каго ёсьць вольная часіна, той і прыбярэ, а нехта есьці нагатуе. У нас з гэтым ніякіх цяжкасьцяў не ўзьнікае. Але я ведаю, што ў некаторых ёсьць расклад выкананьня абавязкаў”.

(Маёрчык: ) “Усе хлопцы маладыя. Да вас прыходзяць у госьці асобы жаночага полу — як вы ўладкоўваеце прыватнае жыцьцё?”

(Кастусь: ) “Тут дамаўляюцца загадзя. Прыкладам гавораць, што ў пэўны час мне патрэбная кватэра. І ў тых людзей, якія з табой жывуць, знойдзецца, чым заняцца па-за кватэрай у той час, калі яна табе патрэбная”.

(Маёрчык: ) “Каб у вас цяпер зьявілася магчымасьць засяліцца ў інтэрнат, вы б пагадзіліся альбо засталіся б жыць у студэнцкай кватэры?”

(Кастусь: ) “На малодшых курсах цікавей жыць у інтэрнаце, а на старэйшых курсах я б выбраў кватэру. Калі мне і дадуць інтэрнат, то толькі на трэцім курсе. І на трэцім курсе я ў інтэрнат не пайду. І калі ў мяне будзе такая магчымасьць, буду жыць на кватэры”.

(Маёрчык: ) “Якая б кватэра ні была, гэта ўсё адно лепей за засьценкі студэнцкіх інтэрнатаў. Свабода дзеяньняў і выбару, з кім гэтыя дзеяньні зьдзяйсьняць, вартая тых грошай, якія прыходзіцца плаціць за жытло”.

ГАВОРКІ ПРА САМАСТОЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ

(Канапелька: ) “О! Гэтая частка нашае праграмы наўпрост тычыцца Ягора Маёрчыка. Я прыехала ў сталіцу з Баранавічаў, а ён жыве ў Менску ад нараджэньня, і бацькі ягоныя тут. Пытаньне толькі: чаго ты кватэру здымаеш?”

(Маёрчык: ) “Як чаго?! Я даўно стаў дарослым і жадаю жаць самастойна. Трэба скарыстоўваць шанец і быць незалежным”.

(Канапелька: ) “І як табе самастойнае жыцьцё?”

(Маёрчык: ) “Супэр! Ад пачатку было нязвыкла гатаваць самому сабе. А пасьля прызвычаіўся і нават атрымліваю ад гэтага асалоду”.

(Канапелька: ) “Спадарства, усе ў госьці да Ягора Маёрчыка! Трэба ацаніць ягоныя кулінарныя здольнасьці”.

(Маёрчык: ) “Прыходзьце, прыходзьце — і падарункі не забудзьце”.

(Канапелька: ) “Без падарункаў ніяк не атрымаецца?!”

(Маёрчык: ) “Ніяк! А калі сур’ёзна, самастойнага жыцьця варта пакаштаваць кожнаму чалавеку, і чым раней, тым лепей”.

(Канапелька: ) “Згодная. Я нават у другі горад зьехала, каб пакаштаваць самастойнага жыцьця. А ты сваімі развагамі падобны на яшчэ аднаго менчука — Алега. Ён таксама зьехаў ад бацькоў, каб пачаць самастойнае жыцьцё”.

(Алег: ) “Вельмі цяжка цяпер у Менску знайсьці добрую хату. Па-першае, вельмі высокія кошты, а па-другое, вельмі дрэнныя ўмовы ў саміх кватэрах. Пераважна гэта старыя кватэры, якія здаюцца ня першы год. Натуральна, што ніхто ў іх ніякага рамонту ня робіць. Санвузел і ванная бываюць у жудасным стане. А кватэры ў добрым стане каштуюць вельмі дорага, дзесьці ад 120 даляраў. Тут выбару няма, даводзіцца плаціць. Першую сваю кватэру я шукаў тры месяцы. Знайшоў даволі прыемны варыянт — гэта амаль у самым цэнтры Менску. Мне патрапіліся вельмі добрыя гаспадары, было нядорага: 80 даляраў і камунальная плата”.

(Маёрчык: ) “Зь якімі яшчэ кватэрамі можна сутыкнуцца ў Менску?”

(Алег: ) “Глядзеў яшчэ адну кватэру на вуліцы Данілы Сердзіча. Каштавала яна 100 даляраў без камунальных. Кватэра была ў жудасным стане! Гэта быў нейкі бамжатнік! На сьценах не было шпалераў, не было плінтусаў, на драўлянай падлозе аблупілася фарба, усе трубы былі заржавелыя, а на кухні не было мэблі, нават лядоўні не было. Разам са мной гэтую кватэру аглядалі два студэнты. Яны адразу зьнялі яе. Студэнты былі вымушаныя ўзяць гэтую кватэру, бо на рынку жытла было ня так шмат прапановаў”.



(Маёрчык: ) “Калі вы сустракаецеся з гаспадарамі і глядзіце кватэру, на што трэба зьвяртаць увагу? Некалькі парадаў, як засьцерагчыся ад падману?”

(Алег: ) “Трэба зьвяртаць увагу, каб усё было ў добрым стане. З гаспадаркамі кватэры трэба дамовіцца пра тэрмін, на які яны здаюць жытло. Гаспадары звычайна не зацікаўлены юрыдычна афармляць дакумэнты. Тады трэба сплачваць падатак, а гэта нікому не патрэбна. Я чуў вельмі шмат непрыемных гісторыяў. Гаспадары бралі перадаплату за паўгоду ці нават за год, але насамрэч гэта былі не іхныя кватэры, і яны зьнікалі з гэтымі грашыма”.

(Маёрчык: ) “Адная справа, калі чалавек з аднаго гораду едзе вучыцца ў іншы, яму не даюць інтэрнат, і ён вымушаны здымаць кватэру. Іншая справа, калі чалавек мянчук, як вы. Навошта вы шукалі кватэру, калі ў вас ёсьць бацькоўскі дом?”

(Алег: ) “Я ня бачу ніякіх мінусаў у самастойнасьці. З бацькамі адносіны толькі паляпшаюцца. Калі жывеш зь людзьмі, бачыш іх штодня, узьнікаюць непрыемныя сытуацыі, і гэта ўплывае на адносіны. А калі ты жывеш асобна, ты заўсёды рады бачыць сваіх бацькоў, і яны цябе заўсёды рады бачыць. Самастойнае жыцьцё дае свабоду: ты можаш рабіць што хочаш і калі захочаш. Я стаў больш самастойным, упэўненым у сабе. Цяпер я магу разьлічваць толькі на сябе — і гэта мая філязофія. Трэба імкнуцца да таго, каб дапамагаць бацькам, а не каб яны табе дапамагалі”.

(Канапелька: ) “У Алега з жытлом усё добра. А ў Ягора Маёрчыка ня ўсё так проста. Са старой кватэры яго высяляюць, а новай ён пакуль не знайшоў. Калі ёсьць прапановы, тэлефануйце, ён разгледзіць любыя варыянты”.

(Маёрчык: ) “Рэзюмэ з нашай праграмы будзе такое: праз пакуты з пошукам жытла прайсьці варта. Гэта дадае жыцьцёвага досьведу і гартуе маральна”.

(Канапелька: ) “Цягам паўгадзіны ў “Маладых галасах” разам з вамі былі Вольга Канапелька і Ягор Маёрчык. Пачуемся на хвалях Радыё Свабода!”
XS
SM
MD
LG