Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З. Бандарэнка: "На працягу гэтага году ў нас ёсьць шанец пераламіць сытуацыю"


Гутарыў Юрась Бушлякоў, Прага Міністэрства юстыцыі краіны выдала пастанову, згодна зь якой блёкі палітычных партыяў і прафсаюзы, а таксама рухі, ініцыятывы і кааліцыі грамадзянаў павінны мець дзяржаўную рэгістрацыю.

Згодна з пастановаю, дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх структур на тэрыторыі Беларусі забараняецца. Пра гэтую пастанову ды іншыя актуаліі гаворыць каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97" Зьміцер Бандарэнка.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, што для вас, для каардынаванай Вамі ініцыятывы азначае памянёная пастанова?"

(Бандарэнка: ) "Для "Хартыі-97" гэта фактычна нічога не зьмяняе, таму што мы не рэгістраваліся і не плянуем рэгістравацца. А для дзясяткаў іншых ініцыятываў, якія раней зьяўляліся зарэгістраванымі недзяржаўнымі арганізацыямі і былі пазбаўленыя рэгістрацыі тым жа самым Мін''юстам, сытуацыя становіцца вельмі дзіўнай, таму што на пачатку аб''яднаньні людзей пазбавілі рэгістрацыі, і гэта большасьць аб''яднаньняў, дзе, на думку ўладаў, працавалі апазыцыянэры, а сёньня гэтыя аб''яднаньні, якія не згарнулі працы, зноў павінныя перарэгістравацца. Ці зарэгістравацца. Таму я лічу вось, што дзеяньні міністра Галаванава – гэта вар''яцтва. Альбо гэта ўжо такая пасьлядоўная фашызацыя, таталітарызацыя беларускага рэжыму".

(Карэспандэнт: ) "Зьміцер, у сытуацыі татальнага кантролю палітычнай актыўнасьці, на Вашую думку, якую тактыку могуць, павінныя абраць апазыцыйныя сілы? Што грамадзянская супольнасьць можа проціпаставіць?"

(Бандарэнка: ) "Мэта гэтых дзеяньняў адна: разьяднаць людзей і запалохаць. Наша задача: аб''яднацца, даць адпор, згуртавацца і перамагчы. У нас цяпер ёсьць такі шанец – на працягу гэтага году, перад выбарамі – можна пераламіць сытуацыю. Альбо Беларусь западзе ў багну таталітарызму на дзясяткі гадоў, альбо мы пераможам, і нашая Беларусь стане вольнай і дэмакратычнай. І для гэтага патрэбна каардынацыя дзеяньняў, патрэбна асабістая мужнасьць".

(Карэспандэнт: ) "Паўтара тыдня застаецца да Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэты кангрэс, на Вашую думку, і ёсьць такая каардынацыя дзеяньняў?"

(Бандарэнка: ) "Хартыя-97" ня будзе ўдзельнічаць у кангрэсе, таму што мы заявілі, што будзем працаваць на ніве грамадзянскай супольнасьці. Але, безумоўна, мы вітаем аб''яднаньне палітычных партыяў, аб''яднаньне тых структураў, якія непасрэдна ставяць перад сабой палітычныя мэты, мэты прыходу да ўлады, зьмены ўлады. Я лічу, што гэта вельмі карысны крок. Мы спадзяемся, што гэта дасьць нейкі плён беларускім палітычным дэмакратычным сілам. І чалавек, які будзе абраны адзіным дэмакратычным кандыдатам, ён за пэўны пэрыяд да выбараў бярэ на сябе адказнасьць, фармуе штаб, можа разгарнуць ужо прадуманую эфэктыўную работу, і гэта дае пэўныя спадзяваньні на нашую агульную перамогу".

(Карэспандэнт: ) "Зьміцер, а ці падтрымае такога чалавека "Хартыя-97"?

(Бандарэнка: ) "Мы ня будзем заяўляць аб падтрымцы кандыдата, мы пасьлядоўна будзем змагацца за тое, каб правы людзей падчас выбарчай кампаніі хаця б мінімальна захоўваліся, мы будзем фіксаваць выпадкі парушэньняў з боку ўладаў, мы будзем займацца мабілізацыйнай кампаніяй. Мы кажам: людзі, прыйдзіце на выбары, выберыце свайго кандыдата. Падабаецца вам Лукашэнка – добра, падабаецца вам іншы кандыдат –прыйдзіце і прагаласуйце. Але не павінна быць ніякіх перашкод гэтаму працэсу. І калі ўлада ня будзе прытрымлівацца сумленных правілаў гульні, то мы будзем з гэтым змагацца".

(Карэспандэнт: ) "Нярэдка ў асяродзьдзі апанэнтаў беларускага рэжыму гучыць крытыка на адрас заходніх структур, якія ў той ці іншай ступені, тымі ці іншымі спосабамі падтрымліваюць беларускія апазыцыйныя сілы. Наколькі эфэктыўная гэтая дапамога? Якой дапамогі хацелася б?"

(Бандарэнка: ) "Я ўжо калісьці казаў, што існуе так званы чорны інтэрнацыянал. Мы чуем, як Лукашэнка абараняе Мілошавіча, Хусэйна, Паўночную Карэю. Гэтыя рэжымы дапамагаюць адзін аднаму фінансава, арганізацыйна, абменьваюцца інфармацыяй аб палітычных апанэнтах. Гэта існуе і на постсавецкай прасторы. Таксама павінна быць і дэмакратычная салідарнасьць. Калі мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, кажам, што мы за ўступленьне ў Эўразьвяз, за захаваньне правоў чалавека, разьвіцьцё дэмакратычнай супольнасьці, мы разьлічваем на дапамогу з боку дэмакратычных краінаў. Але, на жаль, шмат год падыходы дэмакратычных краінаў да Беларусі былі памылковыя. Існавала тэндэнцыя, што беларускага дыктатара можна перавыхаваць. Нават нядаўна мы чулі заяву віцэ-маршалка Сэйму Польшчы, што Польшча выступала супраць санкцыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму, падтрымлівала стасункі, а тут такая няспадзяванка – такое стаўленьне да Саюзу палякаў Беларусі. Гэта й ёсьць вынікам памылковых падыходаў. Мы кажам пра тое, што неабходна патрабаваць захаваньня Беларусьсю тых міжнародных абавязаньняў, якія ўзялі на сябе беларускія ўлады. І быць у гэтай палітыцы пасьлядоўнымі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG