Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежных дыпляматаў запрасілі на Кангрэс дэмакратычных сілаў


Алесь Дашчынскі, Менск Учора ўвечары прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся з акрэдытаванымі ў Беларусі амбасадарамі эўрапейскіх дзяржаваў. Дыпляматам перадалі запрашэньні на Кангрэс дэмакратычных сілаў, які адбудзецца 1 – 2 кастрычніка ў Менску.

Кангрэс дэмакратычных сілаў – важная падзея ўнутрыпалітычнага жыцьця Беларусі. На Кангрэсе мае быць абраны супернік дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі – адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Натуральна, што замежныя дыпляматы, якія назіраюць за разьвіцьцём сытуацыі ў краіне, цікавяцца гэтай падзеяй.

Паводле ўдзельніка сустрэчы, старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, запрашэньне на Кангрэс дэмсілаў было з удзячнасьцю прынятае. Актывісты апазыцыі мяркуюць, што кіраўнікі дыпмісіяў альбо іхныя прадстаўнікі пабываюць на Кангрэсе.

Ва ўчорашняй сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі чатырнаццаці амбасадаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу, а таксама Баўгарыі і Румыніі. Сустрэча доўжылася каля дзьвюх гадзінаў.

(Лябедзька: ) “Абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі ў кантэксьце падрыхтоўкі да Кангрэсу і тое, што можа быць пасьля, якая атмасфэра, які палітычны клімат. І таксама пытаньні міжнароднага супрацоўніцтва. Я думаю, што сустрэча была цікавая. Там не было жорстка вызначанага парадку дня, але калі напрыканцы была прапанова прыкладна празь месяц сустрэцца і з боку амбасадараў, гэта значыць, што ёсьць зацікаўленасьць абодвух бакоў”.

Акрамя Анатоля Лябедзькі, на сустрэчы з эўрапейскімі дыпляматамі прысутнічалі старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня ПКБ Сяргей Калякін, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч ды іншыя.

Удзельнікі сустрэчы адзначаюць, што закраналіся таксама пытаньні міжнароднага супрацоўніцтва. У тым ліку ў сувязі з мэдыйнымі праектамі альтэрнатыўнага радыё- і тэлеперадаваньня на Беларусь. Эўрапейская камісія праводзіць чарговы тэндэр на стварэньне такога перадаваньня і прадугледжвае фінансаваньне праекту. Радыёстанцыя “Нямецкая хваля” першы тэндэр Эўракамісіі ўжо выйграла і плянуе зь лістапада пачаць штодзённыя 15-хвілінныя праграмы для Беларусі. Рашэньне “Нямецкай хвалі” перадаваць на Беларусь па-расейску выклікала пратэсты ў прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці.

Анатоль Лябедзька выказаў сваё стаўленьне да наладжваньня міжнароднага супрацоўніцтва:

(Лябедзька: ) “Я, напрыклад, выказаў крытычны погляд на эфэктыўнасьць міжнароднай дапамогі, якая ідзе на Беларусь. Самае галоўнае пытаньне – пытаньне эфэктыўнасьці. Я закрануў пытаньне “Нямецкай хвалі”, якая ў нас спарадзіла канфліктную сытуацыю ў асяродзьдзі апазыцыі, прывяла да дыскусіі. Але самае галоўнае, што эфэктыўнасьць такога тыпу праектаў – невысокая. Пытаньне нават не на якой мове вядзецца перадача, а пытаньне ў тым, наколькі яна даходзіць да спажыўца, да выбаршчыка. Было б лягічна, каб такія праекты пад шыльдай “дапамога Беларусі” праходзілі з улікам думак экспэртаў, людзей, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі, каб раіліся зь людзьмі, якія маюць пэўны ровень прафэсіяналізму ў той ці іншай галіне, перш чым прыняць тое або іншае рашэньне”.

Дарэчы, яшчэ на адной сустрэчы з пасламі Эўразьвязу, якая адбылася некалькі дзён таму на іх просьбу, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў таксама закрануў менавіта моўны аспэкт дапамогі. Размова ішла якраз пра намеры Эўракамісіі і доўжылася каля паўтары гадзіны.

(Трусаў: ) “Яны, французы, немцы, брытанцы, выказвалі такую думку: якая, маўляў, розьніца, на якой мове даносіць інфармацыю. Па-расейску тут усе разумеюць, па-беларуску мы пазьней будзем, і гэтак далей. Ну, а я ім даносіў такую думку, што калі вы прызнаяце дэмакратыю, то адзіная дэмакратычная канстытуцыя – гэта канстытуцыя 1994 году. А там запісана, што мова адна – беларуская. Гэта ж падвойныя стандарты. Вы ж таксама праводзіце русіфікацыю. Якая нам розьніца, адкуль ідзе русіфікацыя – ці з Захаду, ці з Усходу...”
XS
SM
MD
LG