Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае аўтараў лістоў, адрасаваных Аляксандру Лукашэнку?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня другі дзень, як на знак пратэсту супраць дзеяньняў мясцовых уладаў галадуе ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. А напярэдадні галадоўкі Аўтуховіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Ці ёсьць рэакцыя на гэты зварот? Як увогуле рэагуюць чыноўнікі, у тым ліку высокапастаўленыя, на звароты і скаргі грамадзянаў?

У сваім адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Аўтуховіч апісаў кіраўніку дзяржавы зусім ня тую сытуацыю ў краіне, пра якую кажа сам прэзыдэнт.

“У нашай краіне жахліва жыць. Жахліва таму, што чыніцца беззаконьне, што лёс простага чалавека зусім не хвалюе чыноўнікаў, законы пішуцца толькі для простых грамадзянаў, а чыноўнікі даўно жывуць па сваіх законах”, – піша ваўкавыскі прадпрымальнік, якога, як ён сам лічыць, абклалі незаконнымі падаткамі і штрафамі, у выніку чаго пад пагрозаю апынуўся ўвесь ягоны бізнэс. Мікалай Аўтуховіч заклікаў Аляксандра Лукашэнку тэрмінова ўмяшацца ў сытуацыю ў Ваўкавыскім раёне і ўвогуле палепшыць стаўленьне да прадпрымальніцтва.

Праз два дні пасьля зьяўленьня звароту я патэлефанаваў Мікалаю Аўтуховічу, каб даведацца, ці ёсьць афіцыйнае рэагаваньне на ягоны зварот. Як сказаў мне прадпрымальнік, да яго пакуль што ніхто з кіраўнікоў раёну не зьвяртаўся.

(Аўтуховіч: ) “Гэта звычайная справа. Цяпер яны будуць думаць, раіцца, магчыма, нават ў Менск паедуць, каб даведацца, як ім быць. У нас тут будуць адзначаць тысячагодзьдзе гораду, магчыма, і прэзыдэнт прыедзе. Рэагаваньне нейкае мае быць”.

Кіраўнік адміністрацыі Ваўкавыскага раёну Міхаіл Савельеў нават ня стаў цікавіцца, што гэта за зварот і чаго дамагаецца прадпрымальнік.

(Савельеў: ) “Мне гэта надакучыла, усе працэсы закончаныя. Дзяржава, усе прававыя структуры пацьвердзілі, Вышэйшы суд сказаў сваё слова і цяпер Аўтуховіч мусіць выконваць законы Рэспублікі Беларусь. Усё”.

Мікалай Аўтуховіч, аднак, лічыць, што судзьдзі не разабраліся ў ягонай сытуацыі. Ён гаворыць, што ў такой сытуацыі мусіў апэляваць да прэзыдэнта як да гаранта законнасьці.

Як дзейнічае сыстэма рэагаваньня на скаргі і лісты грамадзянаў, якія адрасаваныя кіраўніку дзяржавы? На прэзыдэнцкім сайце ў інтэрнэце я шукаў зьвесткі пра колькасьць зваротаў да кіраўніка дзяржавы. Сёлетніх зьвестак няма, а вось летась да Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуліся больш за 33 тысячы чалавек, у тым ліку 2 тысячы замежнікаў. Лісты апошніх асабліва любяць зьмяшчаць на сайце прэзыдэнцкія інтэрнэтнікі.

“Я жыву ў Расеі, але вельмі ўдзячны Вам за тое, што ў сьвеце засталася краіна, дзе найперш думаюць пра людзей”, – піша расеец Аляксей Цапкоў. Такіх зваротаў замежнікаў на жнівеньскай старонцы – большасьць. Крытычных зваротаў на гэтай старонцы няма ўвогуле, калі не лічыць за крытыку ліст з заўвагамі на адрас раённых гатэляў.

Кінуўся ў вочы таксама зварот да Аляксандра Лукашэнкі, падпісаны адным з кіраўнікоў аб’яднаньня татараў Беларусі Ібрагімам Канапацкім. На жаль, два тыдні таму Ібрагім Канапацкі памёр. Ці пасьпеў ён атрымаць адказ на свой зварот?

Ва ўправе прыёму грамадзянаў Адміністрацыі прэзыдэнта мяне запэўнілі, што ўсе адкрытыя лісты да Аляксандра Лукашэнкі, нават тыя, якія зьмешчаныя толькі ў інтэрнэце, абавязкова рэгіструюцца і далучаюцца да агульнай прэзыдэнцкай пошты. Такім чынам і зварот ваўкавыскага прадпрымальніка да Аляксандра Лукашэнкі будзе ўлічаны, сказаў адказны чыноўнік.

Аднак варта нагадаць пра лёс адкрытага ліста да прэзыдэнта былога рэктара БДУ, цяперашняга апазыцыянэра Аляксандра Казуліна. Больш за паўгоду назад Аляксандар Казулін заклікаў Аляксандра Лукашэнку сустрэцца ў жывым тэлеэфіры, каб абмеркаваць становішча ў краіне. Нават адказу на свой зварот былы рэктар не атрымаў. Дарэчы, з сярэдзіны 1990-х кіраўнік беларускай дзяржавы не вядзе асабістага прыёму грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG