Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: роля прафсаюзаў мусіць быць тая самая, “як гэта было ў савецкі час”


Валер Карбалевіч, Менск На 5-м зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі прафсаюзам пастаўленая задача быць апораю існай палітычнай сыстэмы.

Як і можна было чакаць, выступ А.Лукашэнкі на 5-м зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі стаўся праслаўленьнем створанай ім сыстэмы грамадзкіх дачыненьняў, мадэлі дачыненьняў паміж уладай і грамадзтвам. “У Беларусі найважнейшаю апорай грамадзянскай супольнасьці зьяўляюцца саветы, ФПБ, БРСМ, вэтэранскія і жаночыя арганізацыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

То бок, калі ва ўсім сьвеце грамадзянскую супольнасьць складаюць незалежныя ад дзяржавы добраахвотна створаныя арганізацыі, то ў Беларусі гэта абдзяржаўленыя структуры. Лукашэнка выступае за тое, каб роля прафсаюзаў была такая, “як гэта было ў савецкі час”. Быццам бы ўсё ясна і зразумела. Толькі пры чым тут грамадзянская супольнасьць?

Усялякую незалежную ад дзяржавы дзейнасьць Лукашэнка ацаніў як канфрантацыйную, а значыць, варожую. Ён запатрабаваў вярнуць у ФПБ сябраў свабодных прафсаюзаў. Кіраўнік дзяржавы заклікаў не змагацца за правы чалавека, як апазыцыя, а прадстаўляць інтарэсы працоўных. З кантэксту выступу гэтую розьніцу ў тэрмінах трэба разумець так: пад “правамі чалавека” разумеюцца палітычныя правы людзей, а “інтарэсы працоўных” — гэта сацыяльна-эканамічныя правы. Вось гэтымі апошнімі і павінна займацца ФПБ.

А.Лукашэнка надзяліў дзяржаўныя прафсаюзы яшчэ адной функцыяй. Яны павінны ажыцьцяўляць кантроль над наймальнікамі ў прыватным сэктары. Цікава, што ня ставіцца задача кантраляваць наймальнікаў у дзяржаўным сэктары. Тут правы прафсаюзаў абмежаваныя. А вось для прыватных структураў зьявіцца яшчэ адзін кантрольны орган. Лукашэнка так і сказаў, што ФПБ павінна ўзаемадзейнічаць у гэтай сфэры з “органамі дзяржаўнага нагляду і кантролю”.

Таксама кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб ФПБ абараняла беларускі палітычны рэжым ад крытыкі з замежжа. Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці вяртаньня Фэдэрацыі прафсаюзнай уласнасьці. Паколькі гэтая ўласнасьць даўно належыць іншым гаспадарчым суб’ектам, то нас можа чакаць частковы перадзел уласнасьці.

А.Лукашэнка шмат казаў пра абарону людзей, пра тое, што чалавек павінен стаць галоўнай дзейнай асобай у краіне, пра барацьбу зь бюракратызмам, аб чым апошнім часам шмат апавядае дзяржаўная прапаганда. Але праблема ў тым, што барацьба зь бюракратызмам у непадкантрольнай народу бюракратычнай сыстэме — гэта задача, якая ня мае рашэньня. Таму што яе выкананьне ўскладаецца на саміх чыноўнікаў. І абдзяржаўленыя прафсаюзы ня могуць быць нічым іншым, як бюракратычнай структурай.

Дарэчы, пра гэта казаў і сам А.Лукашэнка на зьезьдзе. Ён зазначыў, што ФПБ стала грувасткай арганізацыяй, яе структура патрабуе рэарганізацыі, скарачэньня і спрашчэньня. Такім чынам, кола замкнулася. Арганізацыя, якая павінна, па лёгіцы кіраўніка дзяржавы, дапамагаць уладзе змагацца зь бюракратызмам, сама стала бюракратычнай. Што і патрабавалася даказаць.
XS
SM
MD
LG