Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстафора Жаляпава затрымалі за "падазроныя" ўлёткі


Браніслава Станкевіч, Віцебск На ўласнай аўтамашыне віцебскі актывіст Партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў ехаў зь Віцебску ў Наваполацак, на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам – адным з магчымых супернікаў Аляксандра Лукашэнкі ў новай прэзыдэнцкай кампаніі. Аднак на гэтую сустрэчу спадар Жаляпаў так і не трапіў, бо супрацоўнікам дарожна-паставой службы падаліся падазронымі друкаваныя выданьні, што ляжалі ў ягонай машыне.

Каля першай дня недалёка ад пасёлка Кіраўскі Віцебскага раёну супрацоўнікі міліцэйскай дарожна-паставой службы спынілі дзьве машыны, якія ехалі зь Віцебска ў Наваполацак. У адным легкавіку ехалі Аляксандар Мілінкевіч ды кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў, а ў другім – сябар тае ж партыі Хрыстафор Жаляпаў.

Пасьля праверкі дакумэнтаў першая машына рушыла далей, а другую міліцыянты не прапусьцілі, бо заўважылі некалькі паасобнікаў бюлетэню “Навіны БНФ”, а таксама ўлёткі, якія спадар Жаляпаў, як ён кажа, меркаваў распаўсюдзіць у Наваполацку.

(Жаляпаў: ) “Лейтэнант, які мяне спыніў, загадаў адчыніць багажнік. Там у мяне ляжалі бюлетэні “Навіны БНФ” і мясцовыя выданьні. Улёткі, што выпускае аб''яднаная дэмакратычная апазыцыя, ляжалі ў мяне ў салёне. Паставы кажа: “Усё, я вас затрымліваю, і няхай кампэтэнтныя людзі разьбіраюцца, маеце вы права везьці тое, што вязеце, або не”.

Да кампэтэнтных людзей затрыманаму кіроўцу спачатку загадалі ехаць у Чыгуначны райаддзел Віцебска, нягледзячы на тое, што затрыманьне адбылося за межамі горада, а потым і ў райаддзел Віцебскага раёну, дзе ў яго з машыны забралі ўсю наяўную друкаваную прадукцыю. Гэты працэс быў зьняты на відэастужку, а спадара Жаляпава змусілі напісаць тлумачэньні: адкуль у яго бюлетэні ды ўлёткі, і што ён зьбіраўся зь імі рабіць.

Ад часу затрыманьня да моманту складаньня пратаколу прайшло каля пяці гадзінаў.

У Наваполацак Хрыстафор Жаляпаў паехаў са спазьненьнм ды зьвесткамі пра тое, што чакае на позву ў суд або на адміністрацыйную камісію, бо ў міліцэйскім пратаколе зафіксавана, што ўлёткі, якія ён вёз, ня маюць выходных дадзеных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG