Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны аграном “Журавічаў” стрэліў у старшыню праўленьня


Казімер Яноўскі, Рагачоўскі раён У сельгаскаапэратыве “Журавічы” Рагачоўскага раёну падчас ранішняга нараду галоўны аграном выстраліў з паляўнічай стрэльбы ў старшыню праўленьня Дзьмітрыя Самца. Паводле папярэдніх зьвестак, аграном ня вытрымаў чарговых рэзкіх выказваньняў кіраўніка на свой адрас.

25-гадовы старшыня калгасу Дзьмітры Самец з Журавічаў знаходзіцца цяпер у хірургічным аддзяленьні раённага шпіталю з раненьнем грудной клеткі. Інцыдэнт дасьледуе мясцовая пракуратура. Распавядае намесьнік раённага пракурора Аляксандар Зянько:

(Зянько: ) “Агнястрэльнае раненьне, без пранікненьня. Зачапіла толькі. Крымінальную справу адразу завялі — замах на забойства. Працуем, дапытваем людзей, высьвятляем.

Інцыдэнт адбыўся блізу 8 гадзінаў раніцы ў памяшканьні мэхмайстэрні, дзе звычайна раздаюць нарады на працу. Наколькі вядома, 46-гадовы галоўны аграном Віктар Краўцоў не сьцярпеў чарговых рэзкіх выказваньняў маладога кіраўніка і выстраліў са сваёй афіцыйна зарэгістраванай паляўнічай стрэльбы.

Распавядае працаўніца сельгаспрадпрыемства “Журавічы”:

(Спадарыня: ) “Калі гэтага чалавека вывелі зь сябе, тады я ня ведаю, што казаць. Краўцоў вельмі спакойны чалавек, ён не запальчывы. Я працую тры гады ў СВК “Журавічы” і ніколі ад Краўцова ня чула нават грубага слова. Ніводнага!”

Пра старшыню працаўніца гаворыць, што адносіны зь ім ня складваюцца.

У Журавічах Дзьмітры Самец старшынюе ўсяго паўтара году. Прыехаў ён зь Менскай вобласьці. Начальнік райсельгасхарчу Аляксандар Васільеў сьцьвярджае, што ў маладога старшыні валявы характар. Але як той патрапіў у кіраўнікі і чаму адбыўся такі жахлівы інцыдэнт, патлумачыць ня змог ці не захацеў.

(Васільеў: ) “Гісторыя ня ведае такіх фактаў. Ідзе сьледзтва. Я з гэтай нагоды нічога патлумачыць не магу. Я сам толькі восем месяцаў працую”.

У Журавічах тым часам не засталося адмыслоўцаў. Іх і без таго бракавала. Цяпер старшыня, заатэхнік па адукацыі, — у шпіталі, галоўны аграном — у ізалятары. Працаўнікі гаспадаркі не атрымлівалі заробку яшчэ за ліпень. Тэлефоны ў гаспадарцы адключаныя — не заплачаны грошы за карыстаньне сувязьзю. Сюжэт варты пяра знакамітага беларускага драматурга з Журавічаў Андрэя Макаёнка.
XS
SM
MD
LG