Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідавалі яшчэ адну пратэстанцкую царкву — Беларускую эвангельскую


Любоў Лунёва, Менск Менскі гарадзкі суд ліквідаваў Беларускую эвангельскую царкву. Раней суд ужо ліквідаваў пратэстанцкую царкву кальвіністаў, пастарам якой зьяўляецца Леанід Ліпень. Пад пагрозай ліквідацыі пратэстанцкая царква “Новае жыцьцё”, дзе пастарам служыць Вячаслаў Ганчарэнка. Справы ініцыяваў Менгарвыканкам.

Сёньня судзьдзя Менскага гарадзкога суду Ала Крапіўка паставіла кропку ў справе ліквідацыі Беларускай эвангельскай царквы. Пастар Эрнэст Сабіла захварэў і ня змог прыйсьці на суд. Нягледзячы на гэта, судовае паседжаньне адбылося.

Рэлігійная суполка эвангелістаў была зарэгістравана ў 1994 годзе. Праблемы пачаліся пасьля 2002 году. Паколькі царква была зарэгістраваная на кватэры пастара Сабілы, Менгарвыканкам запатрабаваў, каб вернікі знайшлі новы юрыдычны адрас. Але царква налічвае менш за дваццаць чалавек. Грошай на арэнду офісу яны ня маюць. Судзьдзя Ала Крапіўка першае паседжаньне правяла ў ліпені і дала час пастару на пошук кампрамісу з чыноўнікамі. Але тыя адмовіліся дапамагчы знайсьці новы юрыдычны адрас. Як вынік, суд ліквідаваў царкву.

Вернік царквы Сяргей Малахаў прысутнічаў на паседжаньні. Ён патлумачыў Радыё Свабода, што не разьлічваў на станоўчы вынік паседжаньня. Вернікі давалі абвесткі ў газэты аб тым, што шукаюць памяшканьне. Самі тэлефанавалі ў агенцтвы. Ім паўсюль адказвалі, што офіс плошчай 6 мэтраў знайсьці вельмі складана, а на больш вялікае памяшканьне ў царквы папросту няма грошай.

(Малахаў: ) “Мы шукалі гэты адрас. Зьвярталіся ў Камітэт у справах рэлігіі Менгарвыканкаму да спадарыні Радчанкі і прасілі дапамагчы, падказаць, дзе нам шукаць юрыдычны адрас. Задавалі канкрэтныя пытаньні, але нам сказалі, што дапамога ў іх абавязкі не ўваходзіць”.

Вернікі паведамілі, што, нягледзячы на судовае рашэньне, будуць зьбірацца на набажэнствы. Паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу, за гэта прадугледжана пакараньне ад дваццаці сутак арышту і вялікія штрафы. Гаворыць Тацяна Палюкова:

(Палюкова: ) “Будзем маліцца. Як мы дагэтуль зьбіраліся, так будзем і надалей зьбірацца разам і маліцца. Хрыста ў нас ніхто не забярэ. Калі прыйдзецца нам і пацярпець за Хрыста, то гэта — дзякуй Богу. Гэта сьвятая справа”.

Вернікі паведамілі Радыё Свабода, што разьлічваюць на рэзалюцыю Камітэту правоў чалавека ААН у адказ на скаргу крышнаітаў, у якіх аналягічная сытуацыя. Нагадаем, напрыканцы жніўня камітэт ААН накіраваў рэзалюцыю беларускаму ўраду, у якой абвінаваціў улады ў парушэньні правоў вернікаў. Камітэт назваў новую рэдакцыю закону штучнай перашкодай існаваньню рэлігійных суполак.
XS
SM
MD
LG