Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60-гадовы юбілей музэй Янкі Купалы адзначыў адкрыцьцём выставы (фота)


Галіна Абакунчык, Менск 20 верасьня дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы адзначыў 60-годзьдзе. У гонар юбілею адбылося ўрачыстае адкрыцьцё выставы, якую складаюць экспанаты, выстаўленыя для агляду ўпершыню. Неўзабаве экспазыцыя мусіць папоўніцца яшчэ адным рарытэтам — пэрсанальным аўтамабілем Янкі Купалы, амэрыканскім “Шэўрале”.

Павіншаваць зь юбілеем супрацоўнікаў музэю прыйшлі прадстаўнікі Акадэміі навук, Нацыянальнага архіву ды іншых установаў. Шматгадовая праца найстарэйшых навукоўцаў была ўшанаваная падчас сьвяточнай імпрэзы. А галоўнай юбілейнай урачыстасьцю сталася адкрыцьцё ўнікальнай выставы, кажа дырэктар музэю Сяргей Вечар.

(Вечар: ) “Гэтую дату мы адзначаем па-музэйнаму — выставай. На ёй паказаныя тыя людзі, якія цягам 60 гадоў працавалі ў справе станаўленьня музэю. Паказаныя таксама цікавыя экспанаты: кабінэт першага дырэктара і комплекс, зьвязаны з апошнімі днямі жыцьця паэта, які складаюць экспанаты з гатэлю “Масква”.

Напачатку музэй Янкі Купалы месьціўся ў Доме прафсаюзаў, памяшканьні Саюзу пісьменьнікаў. Цяперашні будынак быў узьведзены толькі ў 1959 годзе, на месцы хаты паэта, спаленай падчас вайны. Заснавальніца і першы дырэктар музэю, жонка Янкі Купалы Ўладзіслава Францаўна пасьпела папрацаваць у ім усяго некалькі месяцаў. Яе памяць ушанаваная асобным разьдзелам адкрытай выставы, кажа навуковец і экскурсавод Фаіна Ваданосава.

(Ваданосава: ) “Гэта надзвычай цікавы куток: яе працоўны пісьмовы стол, гэта тая лямпа, за якой працавала Ўладзіслава Францаўна, яе гадзіньнік, запісы, фатаздымкі, якія экспануюцца ўпершыню, партрэт. І перад вамі частка парэнчаў, частка прыступак з гатэлю “Масква”, дзьверы ў пакой №414, частка паркету з гэтага нумару. Побач вы бачыце апошні фатаздымак Янкі Купалы і дакумэнтальны фатаздымак гэтага пакоя”.

Нагадаю, што ў чэрвені 1942 году Янка Купала спыніўся у пакоі 414 гатэлю Масква ў расейскай сталіцы, дзе яго і напаткала раптоўная і загадкавая сьмерць. Акрамя таго, супрацоўнікі намерваюцца папоўніць музэйны фонд яшчэ адным унікальным экспанатам — лімузінам “Шэўрале”, які ў 1939 годзе паэту падарыў савецкі ўрад. За ўсе 60 гадоў існаваньня музэю не спынялася і навуковая праца, кажа навуковы супрацоўнік Алена Бурбоўская.

(Бурбоўская: ) “Склалася такая трагічная сытуацыя, што колькі існуе музэй, гэтулькі даводзіцца зьбіраць рукапісы Купалы. Вель многія вярнуліся да нас праз Польшчу, праз Украіну, праз Расею. Нават са Злучаных Штатаў Амэрыкі везьлі. Мы ведаем, што ў Англіі захоўваецца рукапіс паэмы “Курган”. Пэўна з гэтай прычыны яшчэ й да сёньня няма каталёгу рукапісаў Янкі Купалы”.

Паводле спадарыні Бурбоўскай, музэйныя работнікі й навукоўцы ў пэрспэктыве маюць задачу раскрыць таксама загадку сьмерці Янкі Купалы, праўда пра якую да сёньня схаваная ў архівах спэцслужбаў Расеі.



XS
SM
MD
LG