Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці кантралююць Басру брытанскія войскі?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Учора ў часе штурму брытанскімі сіламі паліцэйскага пастарунку ў горадзе Басры на поўдні Іраку былі вызваленыя двое брытанскіх вайскоўцаў. У апэрацыі былі задзейнічаныя танкі, а натоўпы мясцовых людзей патрабавалі пакінуць брытанцаў у турме. Дэталі інцыдэнту па-ранейшаму застаюцца блытанымі. Але паўстаюць пытаньні пра прычыны інцыдэнту і пра наступныя магчымыя дзеяньні брытанскіх сілаў, якія павінны сачыць за бясьпекай у гэтым другім паводле колькасьці насельніцтва горадзе Іраку.

Сутычка паміж брытанскімі сіламі й ірацкай паліцыяй пачалася ў панядзелак з арышту двух брытанскіх жаўнераў. Ірацкая паліцыя заявіла, што брытанцы былі затрыманыя, бо яны адмовіліся спыніцца ля кантрольнага пункту і пачалі страляць.

Брытанцы былі апранутыя ў традыцыйную арабскую вопратку і, як цьвердзяць ірацкія паліцэйскія чыноўнікі, выконвалі нейкую сакрэтную місію, паведаміць пра мэты якой яны адмовіліся. Прадстаўнікі брытанскага камандаваньня запатрабавала вызваліць сваіх тайных агентаў, а ірацкая паліцыя ў адказ праз гукаўзмацняльнікі сваіх аўтамабіляў паклікала людзей на вуліцы. Пачаліся беспарадкі.

Драма разьвязалася ў панядзелак увечары, калі з дапамогаю танкаў адбыўся штурм вязьніцы, і брытанцы былі вызваленыя. Пры гэтым, паводле дадзеных брытанскага міністэрства абароны, тры жаўнеры, што знаходзіліся ў танках, былі параненыя.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу, што сутычкі паміж брытанцамі й іракцамі пачаліся яшчэ ў нядзелю пасьля таго, як брытанскія жаўнеры арыштавалі аднаго з кіраўнікоў шыіцкай групоўкі “Войска Махдзі”. Мустафа Аляні, рэгіянальны экспэрт дасьледчага цэнтру ў Дубаі, кажа, што апошнія падзеі ў Басры ёсьць часткай барацьбы за кантроль над горадам паміж брытанскімі сіламі і шыіцкімі ваярамі.

(Аляні: ) “Цягам апошніх двух гадоў Басру кантралявалі шыіцкія ваеўнікі. Там дзейнічаюць дзьве галоўныя групоўкі – Войска Махдзі і сілы Вярхоўнай рады Ісламісцкай рэвалюцыі, якую падтрымлівае Іран. Лічыцца, што брытанскія сілы кантралююць Басру. На самой справе, яны даўно згубілі гэты кантроль. І ў вырашэньні любога з пытаньняў, ці адміністрацыйнага, ці эканамічнага, рашаючы голас застаецца за баевікамі”.

Аналітык дадае, што паліцыя Басры сфармаваная з прыхільнікаў абедзьвюх групоўкі, і па вуліцах у паліцэйскай форме ходзяць баевікі. Гэтак жа і цывільная ўлада зьвязаная з баевікамі. У горадзе тры ўзроўні змаганьня. Першы – гэта барацьба за ўладу паміж дзьвюма шыіцкімі радыкальнымі групоўкамі. І таму ў горадзе рэгулярна адбываюцца перастрэлкі. Другі ўзровень – гэта этнічныя чысткі сунітаў ці хрысьціянаў. І нарэшце– сутычкі паміж Войскам Махдзі і брытанцамі, якія робяць спробы кантраляваць сытуацыю.

Падзеі апошніх дзён паднялі ў Вялікай Брытаніі новую хвалю абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з вайной у Іраку. Брытанцы маюць у шчыльна населеным паўдзённым рэгіёне меней як 9 тысячаў жаўнераў. Гэтага, відавочна, недастаткова, каб змагацца з баевікамі ўзброеным шляхам. Аналітыкі кажуць, што Лёндан павінен вырашыць, ці працягваць з ісламістамі дыялёг у дыпляматычнай форме, як гэта рабілі раней, ці павялічваць свае ўзброеныя падразьдзяленьні. Але пакуль прагноз назіральнікаў маласуцяшальны – канфрантацыя будзе нарастаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG